Басанава Марыя Станіславаўна

Асіповіцкі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Вочы гэтай жанчыны вельмі ж нагадваюць вочы маёй матулі. Такія ж глыбокія, шчырыя і пяшчотныя. і размаўляць з ёю было вельмі прыемна. Хаця не скажу, што расказваць пра сябе ёй было даволі лёгка.

– Нарадзілася я 17 сакавіка 1919 года ў маёнтку Жорнаўка. Бацька працаваў лесніком у мясцовым лясніцтве. У сям’і было шасцёра дзяцей, але жылі мы добра. Мелі дзве каровы, каня, некалькі авечак. I куры таксама былі. Наш бацька адным з першых уступіў у калгас. Здарылася гэта ў 1928 годзе. Усю жывёлу перадаў калгасу. Я закончыла ў Лапічах сямігодку і паступіла працаваць у дыстанцыю сігналізацыі і сувязі тэлефаністкай. Там мяне прынялі ў камсамол. Але ў 1937 годзе бацьку рэпрэсіравалі. Мяне выключылі з камсамола, выгналі з работы. Куды падзецца? Чым я правінілася?

Набралася смеласці і паехала ў Мінск у ЦК камсамола. Паскардзілася, што са мною сталася. I пасля гэтэга мяне аднавілі ў камсамоле, накіравалі працаваць у ДЭУ-720 сакратар-машыністкай, выбралі нават сакратаром камсамольскай арганізацыі, змясцілі партрэт у газеце «Дарожнік». Трэба сказаць, што ў 1939 годзе майго бацьку адпусцілі з-за недаказанасці яго памылак у час калектывізацыі. Аднак здароўе ён ужо згубіў у лагерах і памёр на пачатку вайны.

У 1940 годзе выйшла замуж за малодшага лейтэнанта Чырвонай Арміі. I вайну з ім сустрэла. Ёсць такая станцыя Стаялава, калі на Магілёў ехаць. Муж там быў у лагерах. А я паехала да яго. I ў гэты ж час пачалася вайна. Спачатку пра яе перадалі па радыё. Потым яго часць перакінулі ў Асіповічы ў паўднёвы гарадок, а адтуль салдат вывелі ў Цяплухі. Я ў той час жыла ў Жорнаўцы ў мамы. А да яго хадзіла пяшком. І вось ён мне кажа, каб я ў пятніцу не прыходзіла, маўляў, ты і так стамілася ходзячы. Я і не пайшла. А іх у той дзень вывезлі ў Бабруйск.

І страшна і сумна слухаць Марыю Станіславаўну Басанаву. Але ж у яе словах – праўда.

– Вы каб бачылі , як ехалі па нашай вёсцы немцы. Ехалі на веласіпедах, чысцюткія такія. Адзенне чыстае, нават сарочкі белыя. А нашы адступалі. I немцы нават іх у палон не бралі. Мабыць, верылі, што перамогуць. А нашы мужыкі падаліся ў прымы, а потым паціху пайшлі ў лес і сталі арганізоўваць партызанскія атрады. Між іншым, я з самім Голантам за Пагарэлым сустрэлася, калі ўжо была сувязной. Ведаеце, не хачу хваліцца, але я была патрыёткай сваёй Радзімы. Думала: «А як прыйдуць нашы і спытаюць: «А што ты зрабіла для Перамогі?». Эшалонаў я не падрывала, зброі ў руках не трымала. Хадзіла ў Асіповічы, дзе звесткі пра ворага збіралі Жэня Буднік, Ніна Мажуга, Ганна Папок. А я іх перадавала Рыгору Сугакову і Аляксандру Гацко. Між іншым, Аляксандр Гацко быў інжынерам-будаўніком, будаваў мост цераз раку Свіслач у Лапічах. Ён і напісаў запіску фіялетавым алоўкам, дзе былі неабходныя партызанам звесткі. А як яе перадаць? Тую паперку я схавала ў пальчатку. I паехалі мы з мамай у Лапічы. Зімой было. Паставілі каня ў знаёмых, а самі пайшлі ў царкву. Там сустрэла сястру Сікорскага – нашага падпольшчыка. Адышлі ўбок. Запіску не аддала, а пераказала словамі, што ведала. А потым з царквы паехалі да Любы Яцыны. Прытулілася я да грубкі, стаю, грэю рукі. I тут заходзіць у хату паліцай і прапаноўвае прагуляцца з ім. У мяне душа ў пяткі. Прывёў у халодную. Абшукалі, нічога не знайшлі. А мне як пазбавіцца ад той паперкі? Папрасілася ў туалет. А вартаўнікі за мною. Вярнулася назад. Мне проста трэба было тую паперку парваць і выкінуць.

І тут Марыя Станіславаўна заплакала.

– Прабачце, – сказала яна, – перад сустрэчай з вамі ноч не спала, усё ўспамінала, бо ўсё гэта перажыла. Паперку ж тую я пажавала і выкінула ў халоднай у салому. Назаўтра прыйшла мама, прынесла кажух, буркі і галёшы на адну нагу. Думала, што мяне пагоняць акопы капаць. Але памылілася. Цэлы тыдзень мяне цягалі на допыты. Пыталіся, дзе знаходзяцца партызаны. Абяцалі ў Лапічах даць хату, каня, карову. Але я прыкінулася такой простай авечкай, якая нічога не ведае. У той час у Лапічах жыло багата яўрэяў. Іх на ўскрайку вёскі немцы расстрэльвалі. Прымушалі жывымі класціся ў магілу, а потым стралялі. І маю знаёмую Марыю Кацнельсон, з якой я сябравала, разам з сынам застрэлілі. Кроў з гэтай ямы раўчуком бегла.

Жанчына на нейкі момант сціхла і знерухомела. Па яе твары было бачна, што ёй вельмі цяжка ўспамінаць пра ўсё гэта. I ўсё ж праз некалькі хвілін маўчання яна прадоўжыла свой аповяд.

– З халоднай забралі ўсіх, а там і жанчыны былі, і мужчыны, і дзеці. Прывезлі ў Асіповічы. Мяне адразу ў тайную паліцыю. Ноччу выклікалі на допыт. Яны ўжо ведалі, што я – жонка афіцэра і спыталіся, чаму я так дрэнна апранута. Пасмяяліся з мяне. Потым перавялі ў гестапа. Кармілі нейкай баландой. Каб не адправілі ў Германію, мне вельмі хацелася надарваць сваё здароўе. Нават курыць пачала. Праз нейкі час аўтаматчыкі загналі нас у вагоны-цяплушкі і павезлі. Давезлі да Львова. Тут прайшла санапрацоўку. Усё адзенне забралі і прапарылі, звадзілі ў лазню. Іхні санітар нейкай смуроднай вадкасцю квачом змазваў усе валасяныя покрывы. Прывезлі ў Дрэздэн у інтэрнацыянальны лагер, дзе былі палонныя з розных краін. Пасялілі ў бараках. Двухпавярховыя нары сніліся мне пасля вайны яшчэ многа гадоў. Вясною 1944 года прывезлі на нейкую станцыю. Пад’ехаў трактарыст, і нас, чалавек пятнаццаць, завёз у вёску Дросдорф Лейпцыгскай акругі да баўэра. Там збіралі шпінат, рвалі радыску і вязалі ў пучкі па 40 штук, садзілі бульбу, цюкавалі салому і шмат чаго іншага рабілі. У 1945 годзе нас вызвалілі амерыканцы. На машынах прывезлі ў нашу зону. У Герліцы прапусцілі цераз фільтрацыйны лагер. Потым нашы прывезлі ў Львоў. Там цэлы месяц жылі пад адкрытым небам. А пасля даставілі ў Асіповічы. Я адразу паехала да маці ў Жорнаўку. Крыху пазней наведалася ў Мінск у штаб партызанскага руху, дзе мне выдалі даведку, што я была сувязной партызанскага атрада.

Пасля вайны Марыя Станіславаўна Басанава працавала вартаўніком на шчылінах у гарадскім вытворчым аб’яднанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, кантралёрам па водпуску вады прыватнаму сектару. Адпрацавала там 22 гады, з якіх 13 пасля выхаду на пенсію. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём Жукава, медалём «Ветэран працы». За сваю сумленную работу яна неаднаразова заахвочвалася каштоўнымі падарункамі і грашовымі прэміямі.

Са святам Вас, шаноўная Марыя Станіславаўна, і здароўя на доўгія гады!

Цімінскі, А. Успаміны скрозь слёзы / А. Цімінскі // Запаветы Леніна (Асіповічы). – 2000. – № 18. – 7 сакавіка. – С. 2.