БИОГРАФИЯ
Ганна Барысаўна Смагіна і Лідзія Барысаўна Бандарэнка – сёстры. Але не толькі сямейныя сувязі, бацькоўская кроў аб’ядноўваюць гэтых жанчын. Мацней за любое сваяцтва парадніла іх вайна. Адзіны на дваіх партызанскі лёс.
Нарадзіліся і выраслі сёстры ў вёсцы Кісцяні Рагачоўскага раёна. Пасля заканчэння Ганнай Рагачоўскага медыцынскага, а Лідзіяй – педагагічнага вучылішча, яны атрымалі накіраванні на работу: адна – у Заходнюю Беларусь, другая – у Кармянскі раён. Лета 1941 года абяцала быць цудоўным, цёплым. Ганна збіралася з 1 ліпеня ў водпуск. Марыла паехаць да бацькоў у Кісцяні, тым больш, што яе сястра ўжо была там: пачаліся школьныя канікулы. Але гэтым марам не суджана было ажыццявіцца. Пачалася вайна.
Ішоў 1942 год. На франтах вяліся кровапралітныя баі, а ў тыле ворага набіраў сілу супраціўленчы народны рух, ствараліся партызанскія групоўкі і атрады. Аднойчы праз вёску, дзе жылі сёстры, прабіраліся народныя мсціўцы, неслі сваіх двух параненых сяброў. Ім падказалі, што ў вёсцы ёсць медык. Гэта была Ганна Барысаўна. Так, з дапамогі параненым барацьбітам пачалася сувязь сясцёр з партызанамі. Лідзія і Ганна па заданні камандзіра атрада хадзілі ў Рагачоў за медыкаментамі, былі сувязнымі. Даглядалі параненых. Потым, калі стала небяспечна заставацца ў вёсцы, перайшлі ў атрад. Атрад налічваў 1200 чалавек, дыслацыраваўся ў Быхаўскім раёне. Ганна Барысаўна не была ўжо адзіным медыкам: у атрадзе арганізавалі медсанчасць, дапамогу раненым аказвалі тры ўрачы. Сёстры дапамагалі выходжваць партызан, якіх самі выносілі з поля бою, распаўсюджвалі лістоўкі са зводкамі Саўінфармбюро.
Памятным для былых партызанак застаўся дзень 24 лютага 1944 года, калі іх 810-ы партызанскі полк, які знаходзіўся ў складзе ІІ-й партызанскай брыгады, злучыўся з рэгулярнымі войскамі Чырвонай Арміі. Гэта была першая рэальная прыкмета хуткай перамогі, нараджэнне надзеі на мір, стваральную працу. Мужа Ганны Барысаўны – камісара партызанскага палка Дзмітрыя Анісімавіча Смагіна – накіравалі на работу ў Магілёўскі абкам, потым – Бабруйскі і ў 1946 годзе прызначылі трэцім сакратаром Кіраўскага райкама партыі. Сёстры сталі працаваць у мясцовай школе. Лідзія Барысаўна – настаўніцай пачатковых класаў, Ганна Барысаўна – бібліятэкарам. І ўсе свае веды на працягу многіх гадоў аддавалі выхаванню падрастаючага пакаленння.
ФОТО