СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ
Мікалай Лосеў нарадзіўся ў Старым Сяле. Тут вучыўся, працаваў у калгасе, тут і застала яго вайна. 19-гадовым юнаком разам з братамі пайшоў у партызаны. Мікалай Лосеў ваяваў у Тарасаўскім партызанскім палку, потым было сфарміравана падраздзяленне з маладых хлопцаў, якое накіравалі ў Клічаўскі раён у 208-ы партызанскі полк імя Сталіна. У яго і патрапіў Мікалай Сяргеевіч.
У 1943 годзе полк быў перакінуты ў Заходнюю Беларусь, пад Пінск, дзе ён аб’яднаўся з Чырвонай Арміяй. Пасля аб’яднання былі баі ў Прыбалтыцы, пад Рыгай. Там Мікалай Лосеў атрымаў першае раненне. Патрапіў у шпіталь, а праз тры месяцы − зноў на фронт. Мікалай Сяргеевіч кажа, што ішлі вельмі цяжкія баі з так названай «курляндскай» групоўкай фашыстаў. Ён быў паранены яшчэ двойчы, апошні раз − вясной 45-га. 7 мая выпісаўся са шпіталя − і на перадавую.
− 8 мая вечарам мы занялі акопы, − успамінае Мікалай Сяргеевіч. − Чакалі загад аб наступленні. − Усю ноч было ціха, што вельмі дзіўна, − звычайна страляюць без перапынку. На світанку выкурылі па цыгарцы і пачалі рыхтавацца да атакі.
− Але ў атаку не пайшлі, – працягвае Мікалай Сяргеевіч.
− Бачым, бягуць веставыя і кажуць: «Хлопцы, вайна скончылася!». Гэта быў самы шчаслівы дзень у маім жыцці.
Ён дэмабілізаваўся з арміі па раненнях восенню 45-га. Вярнуўся ў Старое Сяло, працаваў у калгасе, а потым пайшоў у лясгас і амаль 50 гадоў ляснічыў.
Раней у Лосевых была вялікая гаспадарка: конь, карова, свінні. Зараз весці яе ўжо не пад сілу. Наведваюць франтавіка дзеці, дапамагаюць.
− Ці многа нам трэба, − кажа Мікалай Сяргеевіч. − Крыху б здароўя, каб пад сонейкам яшчэ пахадзіць.
Мікалай Сяргеевіч не скардзіцца ні на лёс, ні на жыццё − салдат застаўся салдатам. А я разумею, што такім людзям патрэбна ўвага. З кожным годам застаецца ўсё менш тых, хто падарыў нам мірнае неба над галавой, тых, перад кім мы ў неаплатным даўгу.
Карпякоў, С. Быў і застаецца салдатам / С. Карпякоў // Зара над Друццю. – 2010. − 8 мая. − С. 2.