Кастэнка (Лёліна) Яўгенія Іосіфаўна

Асіповіцкі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

На долю Яўгеніі Іосіфаўны Кастэнка, якая да шлюбу насіла прозвішча Лёлінай, выпала ў жыцці багата выпрабаванняў – і гэта не дзіўна: чаго-чаго, а яе пакаленню сапраўды прыйшлося перанесці багата...

Нарадзілася яна 13 сакавіка 1926 года ў Ставішчы нашага раёна ў простай сялянскай сям’і. Акрамя яе тут расло яшчэ чатыры сястры і брат. У сорак першым Жэня паспяхова скончыла 7 класаў Дзераўцоўскай школы і вырашыла, як і раілі настаўнікі – матэматык Алясандр Андрэевіч Молчан і выкладчыца гісторыі і геаграфіі Марыя Васільеўна Сянько – вучыцца надалей, каб потым паступіць у педінстытут: вучыць дзяцей дзяўчынка марыла яшчэ ў школе, ледзь не з першага класа. На канікулы паехала да бабкі ў Халькі, дзе і пачула трывожнае, грознае, жахлівае слова – «вайна»...

У вёсцы немцы з’явіліся даволі хутка – на веласіпедах, матацыклах і брычках. Адны пачалі мыцца ля калодзежа, другія заняліся паляваннем на хатнюю жыўнасць ды выносіць з хат сала і яйкі з малаком. Адзін з коней пачаў бавіцца бульбоўнікам, Жэня вырашыла адагнаць жывёліну – і адразу атрымала балючы ўдар ботам у спіну. Потым «госці» сабралі ўсіх дзяцей і пад няўхільным наглядам прымусілі чысціць бульбу: хто рабіў марудна, той умомант знаёміўся з такімі ж падкаванымі ботамі...

Праз тыдзень яна вярнулася ў родную вёску і даведалася, што ДАСы – дамы афіцэрскага складу – знішчаны і загінула багата людзей. Сястра Ганна была замужам за капітанам Аляксеем Міхайлавічам Дзянісавым: жылі ў Асіповічах, дзе муж служыў у паўднёвым ваенным гарадку. Пасля жорсткіх баёў у акружэнні паранены капітан разам з двума дзесяткамі вайскоўцаў Асіповіцкага гарнізона сышлі ў Карытненскія лясы і пачалі ствараць партызанскі атрад. Разам з мужам падалася ў лес і сястра.

Дзейнічаў атрад дзёрзка, смела. Партызаны нападалі на варожыя калоны і адразу знікалі ў лесе, прыхопліваючы неабходнае – зброю, боепрыпасы, медыкаменты, прадукты харчавання. Прычым, атрад амаль штодня папаўняўся новымі байцамі – як за кошт камандзіраў і радавых вайскоўцаў, якія апынуліся ў акружэнні, так і мясцовага насельніцтва нашага, Бабруйскага і Глускага раёнаў.

Жэня, сястра Марыя і яшчэ колькі юнакоў і дзяўчат перадавалі партызанам звесткі наконт дыслакацыі нямецкіх гарнізонаў, іх колькасці, узбраення, наяўнасці баявой тэхнікі. Паралельна распаўсюджвалі і лістоўкі, газеты, зводкі Саўінфармбюро, збіралі таксама зброю і боепрыпасы, якія перадаваліся ў лес. Праз які час да іх на кватэру пачаў прыходзіць нямецкі афіцэр-антыфашыст, які прыносіў тую ж зброю з боепрыпасамі ды медыкаментамі, а яшчэ вельмі патрэбныя чыстыя бланкі пропускаў. На жаль, яго прозвішча ў памяці Яўгеніі Іосіфаўны не засталося, але тое, што ён на роўных з ёй і яе таварышамі рызыкаваў жыццём, – факт відавочны.

У партызанскім атрадзе хапала мясцовых жыхароў, таму лясныя мсціўцы даволі часта адпачывалі ў сваёй вёсцы перад выхадам на заданне ці вяртаючыся. Аднак не ўсе вялі гераічную барацьбу з акупантамі, 7 чалавек, напрыклад, служылі і ў паліцыі, яны сустрэлі немцаў хлебам-соллю. Здраднікі зверствавалі, здзекаваліся над сем’ямі, чые бацькі і сыны былі на фронце або ў партызанах. Так што жылося мірнаму насельніцтву цяжка і Лёліным – таксама.

8 лютага 1943 года ў іх хаце нечакана з’явіліся паліцэйскія. Яны перавярнулі ўсё дагары нагамі, забралі прадукты харчавання, больш-менш прыстойнае адзенне з абуткам, – пакінулі якіх дзесятак бульбін для здзеку. Маці заплакала, а паліцай «супакоіў»: «Яны вам больш ужо не спатрэбяцца...» Увечары немец-антыфашыст пацвердзіў, што 10 лютага сям’ю расстраляюць, дапамагчы ён, не выклікаючы падазрэнняў, не можа, а таму партызаны напярэдадні забралі Лёліных у лес.

Іх бацька, Іосіф Пятровіч, ваяваў у першую сусветную вайну, атрымаў цяжкае раненне і быў прызнаны непрыгодным да службы ў арміі. Ён, маці, дзве малодшыя сястры і брат рушылі ў Палескую вобласць, а Аляксей Дзянісаў, Ганна, Марыя і Жэня ваявалі ў атрадзе імя Дзяржынскага брыгады № 161 імя Катоўскага – грознай баявой адзінцы, у радах якой налічвалася каля трох тысяч чалавек і якая была ў акупантаў, нібы костка ў горле.

Для барацьбы з «ляснымі бандытамі» гітлераўцы звычайна скарыстоўвалі рэгулярныя войскі, якія ім так патрабаваліся на ўсходнім фронце. Сіламі трох дывізій былі блакіраваны лясы нашага і Старадарожскага раёнаў, але і гэтая акцыя поспеху акупантам не прынесла: наносячы адчувальныя ўдары ворагу, брыгада па загаду камандавання хаця і са стратамі, але вырвалася з акружэння і апынулася ў Любанскім раёне.

Потым былі новыя паходы па тылах нямецкіх войскаў і баі, у якіх рэгулярна прымала ўдзел і 17-гадовая Жэня Лёліна, так што далёка не за прыгожыя вочы на яе грудзях з’явіўся медаль «За баявыя заслугі».

Калі пачалася падрыхтоўка савецкімі войскамі аперацыі па вызваленні Беларусі, актывізавалі сваю дзейнасць і партызаны, – яны найперш рвалі рэйкі, каб вораг не мог падцягваць на фронт рэзервы. У адказ ізноў пачалася блакіроўка партызанскіх зон.

– Асабліва цяжкай была 18-сутачная блакада ў красавіку сорак чацвёртага года, – узгадвае Яўгенія Іосіфаўна. – Так, партызаны грамілі ворага, але і ён не спаў у шапку. Нам тады прыйшлося адысці ў раён Загальскіх балотаў. Страты неслі абодва бакі, і прыйшоў дзень, калі кола блакады замкнулася. Немцы з ранку да вечара вялі моцны абстрэл з гармат, выкарыстоўвалі танкі, а агонь карэкціравалі з паветра «рамамі», самалётамі «Фоке Вульф». Па пояс у вадзе больш за паўмесяца партызаны вялі няроўны бой. Варожую пяхоту сустракалі стрэламі з усіх наяўных відаў зброі, часцяком здараліся рукапашныя сутычкі і г.д., так што крыху адпачыць можна было толькі ноччу. Хаця вогнішчаў не палілі: тады гітлераўцы адразу распачыналі страляніну. Не было магчымасці ні абсохнуць, ні пад’есці добра, бо прадукты, як і боепрыпасы з медыкаментамі, канчаліся...

Чалавечыя сілы не бязмежныя, а таму некалькі дзён партызаны рыхтаваліся да прарыву блакады. На вачах Жэні Лёлінай загінуў камандзір брыгады, паранены ў трэці раз. Немцы акружылі на востраве асноўныя сілы партызан, а тыя занялі кругавую абарону. Стралялі дакладна, на ўліку былі кожны патрон, кожная граната. I брыгада ўсё ж вырвалася з акружэння, хаця і панесла значныя страты. Загінула і сястра Ганна, а сама Жэня з Марыяй ваявала ў брыгадзе да 28 чэрвеня 1944 года.

Пасля расфарміравання партызанскага злучэння яна ўзначальвала дзейнасць базы нарыхтоўкі жывёлы ў Старых Дарогах, а з 10 красавіка пераможнага года – нампалітам пажарнай часці ў Асіповічах. Потым – паўгода вучобы, і работа да 1981 года інспектарам пажарнай прафілактыкі. Надышоў час пенсіі, але Яўгенія Іосіфаўна з работай не развітвалася яшчэ 8 гадоў – выконвала абавязкі дыспетчара.

Мае ордэны Айчыннай вайны і «За перамогу над Германіяй», медаль «Ветэран працы», знак «Выдатнік пажарнай аховы», не адну грамату, працяглы час яе здымак па праву займаў месца на Дошцы гонару. Вырасціла двух дзяцей, ёсць унукі і праўнук. Здароўе, праўда, ужо падводзіць, але жанчына не скардзіцца, гаворыць, што жыццё пражыла недарма і ёй не сорамна глядзець у вочы людзям як за сваё мінулае, так і за цяперашні час. I гэта – чыстая праўда.

Алейнікаў, Г. Партызаны, партызаны, беларускія сыны… / Георгій Алейнікаў // Асіповіцкі край. – 2004. – № 50. – 25 чэрвеня. – С. 2.