Герасіменка Рыгор Іванавіч

Асіповіцкі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

На базе Градзянецкай сярэдняй школы даўно працуе музей партызанскай славы. Тут сабрана шмат цікавых матэрыялаў аб партызанскім руху ў Асіповіцкім раёне ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пры музеі працуе гурток «Музейная справа» ад клуба дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, якім кіруе Алена Іванаўна Сергіевіч. Удзельнікі гуртка з цікавасцю займаюцца вывучэннем гісторыі партызанскага супраціўлення на асіповіцкай зямлі і ўшанаваннем імёнаў тых, хто аддаў жыццё ў імя Перамогі. Школьнікі збіраюць матэрыялы для папаўнення музейнай экспазіцыі, вядуць перапіску з былымі партызанамі, што змагаліся на нашай зямлі.

Нядаўна музей атрымаў вельмі каштоўны падарунак ад былога камандзіра роты партызанскага атрада № 210, які ўзначальваў наш знакаміты зямляк М.П. Каралёў – Рыгора Іванавіча Герасіменкі, які зараз жыве ў расійскім горадзе Самара.

Ветэран перадаў шмат каштоўных матэрыялаў: рэдкія фотаздымкі асіповіцкіх партызан, кнігу В.Б. Дабрадумава «Уходзілі ў паход партызаны», якая распавядае пра шматлікія падзеі партызанскай барацьбы на Асіповіччыне, і выданне ўспамінаў самаго ветэрана «Вайны мінулай партызаны. (1060 дзён у тыле ворага)». Вось невялікі ўрывак з баявой аўтабіяграфіі нашага новага сябра:

«...У партызанскай вайне заўсёды хапала рызыкі, прыгод і нечаканасцей. А як інакш – галоўнымі заняткамі народных мсціўцаў былі дыверсіі, засады, раптоўныя налёты на невялікія часці варожых войскаў і пастаяннае вядзенне разведкі...

Сярод шматлікіх эпізодаў баявога жыцця 210-га, самага буйнога ў асіповіцкай партызанскай зоне, атрада, запаў у душу такі вось не зусім звычайны выпадак.

У другой палове 1942 года немцы і іх памагатыя распачалі шэраг вялікіх карных аперацый супраць партызан і мірных жыхароў – у Асіповіцкі раён пачалі сцягвацца буйныя вайсковыя і паліцэйскія фарміраванні. Даведацца аб планах ворага партызанам было проста жыццёва неабходна, але здабыць патрэбныя звесткі доўга не атрымлівалася. Кіраўніцтву атрада – камандзіру Мікалаю Каралёву, начальніку штаба Сцяпану Сумчанку і начальніку разведкі Івану Стэльмаху было над чым паламаць галаву.

Аднак паступова план здабычы «жыўца» – палоннага быў распрацаваны. Гонар выконваць яго дастаўся мне, у той час яшчэ камандзіру ўзводу і яшчэ шасцярым партызанам-добраахвотнікам.

У поўнач 7 студзеня 1943 года наша група, пераапранутая ў нямецкую форму, схавалася ў закінутым будынку бальніцы, што стаяў на ўскрайку вёскі Ліпень – менавіта ў гэтым паселішчы размясцілася адна з новых паліцэйскіх часцей. Чакаць зручнага выпадку давялося доўга, але разведчыкі на іншае і не спадзяваліся. А хлопцы ў групе падабраліся бывалыя: высокі, у акулярах, галоўны «немец» Іван Масенз, я, яго „перакладчык», кулямётчыкі Кісялёў і Мірошнікаў – спартсмены, былыя палонныя – яны ў свой час збеглі да партызан з Рускай Вызваленчай Арміі, мясцовы праваднік-разведчык Марк Кунько...

Скончылася марозная ноч. Гадзін у дзевяць «немец» і «перакладчык» выйшлі на вуліцы, і, гучна гамонячы на ломанай чужынскай мове, пачалі «жартаваць» з мясцовымі жанчынамі: «матка – шпіг», «матка – шнапс», «яйка, «мільхе»...

Раптам на крутым павароце вуліцы з'явіліся пакрытыя дываном сані, у якіх ехалі тры паліцэйскія. «Немец» Іван хутка схапіў за аброць каня, а чатыры аўтаматчыкі, што выскачылі з-за сцен бальніцы, наставілі на збянтэжаных ворагаў зброю і хорам закрычалі: «Хэндэ хох!».

Супраціўлення не было: ашаломленыя паліцыянты былі імгненна абяззброены, і пад здзіўленнымі позіркамі жыхароў у шчыльным акружэнні «немцаў» вымушана рушылі ў лес.

Праз пэўны час, праўда, адзін з палонных усё ж зразумеў, што адбылося на самой справе і паспрабаваў уцячы, але быў забіты аўтаматнай чаргой. Двух жа астатніх мы без прыгод давезлі ў штаб партызанскага злучэння, дзе яны далі вельмі каштоўныя звесткі.

– Дзякуй, сынкі, за ўдалае «паляванне», – чула сказаў, сустрэўшы нас, начальнік штаба атрада Сцяпан Сяргеевіч Сумчанка, – вы зрабілі болей, чым мы маглі спадзявацца!

А трафейны рысак крыху пазней быў замацаваны за мной, ужо камандзірам роты, і ваявалі мы з ім разам аж да 28 чэрвеня 1944 года, да дня сустрэчы з войскамі арміі Ракасоўскага...»

Нэзаўсёды захавалася ў памяці нашых людзей, павага да ўсіх, хто змагаўся за свабоду нашай дзяржавы. I хоць мы ўсё болей аддаляемся ад страшных падзей той Вялікай вайны, але памяць пра яе герояў застаецца свяшчэннай для кожнага.

Быліна, Т. З павагай да памяці герояў / Таццяна Быліна // Запаветы Леніна (Асіповічы). – 2001. – № 28. – 14 красавіка. – С. 2.