Касцерына Ніна Максімаўна

Кіраўскі раён

ВОСПОМИНАНИЯ

«Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, я скончыла 1 клас. Першых немцаў убачыла ў пачатку ліпеня 1941 года ў час сутычкі нямецкіх матацыклаў з салдатамі Чырвонай Арміі.

У час акупацыі фашыстамі Беларусі ў вёсцы Шалаёўка быў размешчаны нямецка-паліцэйскі пост. Некаторыя мясцовыя мужчыны служылі ў паліцыі. Немцы прымушалі мясцовых падлеткаў выконваць гаспадарчыя работы па іх абслугоўванні.

У чэрвені 1942 года, калі фашысты знішчалі вёску Боркі з пасёлкамі, а затым, праз два дні вёску Збышын, дзе загінулі многія жыхары, вёска Шалаёўка апусцела. Мясцовыя жыхары, баючыся што іх чакае лёс суседніх вёсак, перабраліся ў лес, які акружаў вёску. Пабудавалі лагер, выкапалі зямлянкі, склалі ачагі, каб можна было прыгатаваць ежу і абагрэцца. Лагер жыў па строгаму распарадку. Нават запаліць агонь у ачагу можна было тады, каб дым не выдаў фашыстам месца знаходжання. Зрэдку ў лагер наведваліся партызаны. Фашысты, не знайшоўшы ў вёсцы жыхароў, спалілі пустуючыя хаты. Доўгі час яны не маглі вызначыць месца сховішча мясцовых жыхароў. Гэта ім ўдалося зрабіць толькі ў пачатку лета 1944 года. Яны забралі ўсіх падлеткаў, якіх здолелі знайсці ў лагеры і пагналі іх у бок Магілёва з надзеяй выкарастаць у якасці жывога шчыта супраць наступаючых войск Савецкай Арміі. Але савецкія вайскі вельмі імкліва наступалі і вызвалілі падлеткаў каля Межысетак. Яны ўсе вярнуліся дадому, разам з імі з лесу пачалі вяртацца і мясцовыя жыхары».