вараб'ёў І.

Асіповіцкі раён

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Ветэраны ўсё помняць

Гэта было амаль паўвека таму назад, калі войскі 2-га Беларускага фронта пад камандаваннем К.К. Ракасоўскага вызвалілі маю родную Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У дзень вызвалення часцямі 48-й арміі мне якраз споўнілася роўна семнаццаць гадоў. Пажылы аднавясковец саставіў спіс, каго патрэбна залічыць у армію, каб дабіваць ворага, і перадаў яго палявому ваенкамату. Я быў залічаны ў вайсковую часць па дастаўцы агнястрэльнай зброі разам з сям’ю аднавяскоўцамі вёскі Амельня Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Але мне пашанцавала: лейтэнант заўважыў маю хваробу і праз месяц на свой страх адпусціў мяне з арміі. Так я цудам застаўся ў жывых да сённяшняга дня. А пасля вайсковы шпіталь М 4866 горада Калінінграда пацвердзіў маю хваробу і назаўсёды адхіліў мяне ад вайсковай павіннасці.

Жорсткая бітва за Нараўскі плацдарм у напрамку горада Пултуска, што паўночней Варшавы, пачалася 28 жніўня 1944 года і працягвалася да 14 студзеня 1945 года. Там загінулі 60 маіх школьных сяброў-аднакласнікаў, з якімі я да вайны закончыў сем класаў Побалаўскай школы Рагачоўскага раёна. Тыя, хто застаўся ў жывых толькі па раненню, расказалі людзям аб той страшнай трагедыі, якая адбылася на левым беразе польскай ракі Нараў з вельмі хуткім цячэннем.

3 Асіповіч у тым пярэпалаху пабываў і быў паранены салдат Дзічкоўскі Станіслаў Вячаслававіч, які, хаця і на пенсіі, але працягвае працаваць вадзіцелем у аграпрамтэхніцы. Там жа працуе і персанальны пенсіянер Сікілінда Дзмітрый Андрэевіч. Ён служыў у вайсковай часці на інтэнданцкай службе па пахаванні забітых.

У тых баях, што доўжыліся 140 дзён, загінуў мой 40-гадовы бацька, які прайшоў да гэтага тры вайны. А ўсяго там палягло больш за 60 тысяч нашых салдат (часопіс «Военныя знания» абяцаў мне падрабязна расказаць пра тыя баі).

Таму нам патрэбна шчыра падзякаваць усім тым байцам, хто застаўся ў жывых, за тое, што яны зрабілі дзеля наступных пакаленняў, і помніць аб мільёнах загінуўшых.

Вараб’ёў, І. Ветэраны ўсё помняць / І. Вараб’ёў // Запаветы Леніна. – 1991. – 14 жніўня. – С. 2.