СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ
Амаль кожная беларуская сям’я зведала боль і горыч страты родных, якія загінулі у час Вялікай Айчыннай вайны. Не абмінуў такі страшны лёс і мнагадзетную сям’ю Федарцовых.
Вось аб чым згадвала ў свой час адна з прадстаўніц гэтай сям’і Лілія Фёдараўна Чайкова. Лілія Фёдараўна прыехала на працу ў Бялынічы ў 1961 годзе пасля заканчэння Магілёўскага культасветвучылішча. Дыпламаваны спецыяліст, аматарка харэаграфіі, яна спачатку працавала ў раённым Доме культуры, затым узначаліла калектыў Дома піянераў, а ў 1975 годзе стала настаўніцай пачатковых класаў СШ № 2. Выхавала не адно пакаленне бялынічан. Выдатная праца, педагагічнае майстэрства яе адзначаны шматлікімі ганаровамі граматамі, у тым ліку і Ганаровай граматай Міністэрства адукацыіі Беларусі, значком «Выдатнік народнай асветы БССР».
Стрыманая, добразычлівая, чулая да чужой бяды. Аднак мала хто ведаў, колькі пакут давялося перажыць гэтай жанчыне ў дзяцінстве і юнацтве, па якіх крывавай вірухай пранеслася полымя Вялікай Айчыннай вайны.
– Нарадзілася ў шматдзетнай сям’і, у якой выхоўвалася дзевяць хлопчыкаў і дзяўчынак, – успамінала гэты перыяд свайго жыцця Лілія Фёдараўна.
– Бацькі працавалі ў мясцовым калгасе, мае старэйшыя сёстры вучыліся ў школе. Наша сям’я жыла дружна. Але радасць нядоўга працягвалася – пачалася вайна.
Фашысцкія салдаты размясціліся ў школе, а ў нашым доме атабарылася іхняе начальства. Нас жа проста выставілі за дзверы роднай хаты. Мы пасяліліся ў цётчыным доме. У яе самой было шасцёра дзяцей. Але, як гаворыцца, у цеснаце, ды не ў крыўдзе.
Ліліі Фёдараўне на ўсё жыццё запомніліся некалькі яе дзіцячых успамінаў. Да драбніц помніць адвячорак 3 лютага 1944 года, калі памерла маці. Запомніўся і дзень, калі мясцовы паштальён прынёс Федарцовым паведамленне аб тым, што іх бацька Фёдар Герасімавіч прапаў без вестак у кастрычніку 1944.
– Так мы пазбавіліся апошняе надзеі пабачыць тату, – прыгадвала Лілія Фёдараўна. – Усвядомілі, што ён ужо ніколі не вернецца з вайны.
У адным з лістоў з фронту, напісанным 31 ліпеня 1944 года, Ф. Г. Федарцоў звярнуўся да дзяцей з наступнай просьбай: «Мілыя дзеткі, жывіце добра, не крыўдзіце адзін аднаго… Я вельмі сумую па вас. Ну, нічога, вярнуся калі-небудзь, тады і вам стане лягчэй».
Не вярнуўся салдат да роднай хаты.
– Жыць было вельмі цяжка, – успамінала Л. Ф. Чайкова. – Як выйсце са складанага становішча, было вырашана трох малодшых дзяўчынак накіраваць у дзіцячы дом. Я – другакласніца, першакласніца сястра і яшчэ сястрычка-дашкольніца апынуліся ў Берасценаўскім дзіцячым доме, што на Аршаншчыне. Мы вучыліся добра і пасля заканчэння школы паступілі ў тэхнікумы. Я закончыла культасветвучылішча, Валя – Куйбышаўскі тэхнікум лёгкай прамысловасці. Чацвёра дзяцей з нашай сіроцкай шматдзетнай сям’і атрымалі педагагічную адукацыю.
А запавед бацькі быць дружнымі і дапамагаць адзін аднаму Федарцовы перадалі і сваім дзецям.
Віннікава, С. Бацькаў запавет / С. Віннікава // Зара над Друццю. − 2012. − 27 чэрвеня. − С. 2.