ВОСПОМИНАНИЯ
«Расстрэл яўрэяў»
У нашай вёсцы жыло шмат яўрэяў. Яны працавалі, як і ўсе людзі, дзеці вучыліся ў школе, ніхто і не ўспамінаў, што яны яўрэі.
Калі пачалася вайна, многія з іх пакінулі вёску: хто пайшоў у іншыя месцы, хто ў лес. І вось праз некаторы час з’явіліся аб’явы камендатуры, што в. Чэрнеўка з’яўляецца месцам жыхарства яўрэяў і што можна будзе жыць спакойна, ніхто не будзе іх чапаць.
Не зусім скора, але паступова пачалі прыходзіць і прыязджаць старыя і дзеці, хлопчыкі і дзяўчынкі. Яны браліся на ўлік, атрымоўвалі нейкія паперы і ўказанні, да якога гаспадара ісці на кватэру. А асобных засялялі ў дамы, якія пуставалі. Вось тады, як быццам, і пачалося нармальнае жыццё. Ніхто іх не пільнаваў, не здзекаваўся, наадварот, аказвалі дапамогу, асабліва харчаваннем. Але гэта было зусім нядоўга.
Восеньскім ранкам асобыя войскі СС акружылі навакольныя вёскі, што былі бліжэй да Чэрнеўкі, правялі вобыскі і аблавы. Каго з яўрэяў злавілі, тых пад канвоем адправілі ў Чэрнеўку. Тым жа ранкам паліцаі Чэрнеўскага гарнізона кінуліся па дамах, дзе жылі яўрэі, і загадалі ім хутка збірацца.
Хутка ўсе яўрэі сабраліся ў адным месцы. Ім прапанавалі кожнаму ўзяць чамаданы і строіцца ў калону. Калона стала расці ад малых і старых і выглядала нібы якое зборышча. Кожная маці трымала каля сябе сваіх дзяцей і дзяцей сваіх блізкіх, знаёмых. Пачулася каманда направа, і людзі пачалі мітусіцца... Прагнаўшы некалькі крокаў, калону спынілі, і тут жа бургамістр крыкнуў: «Пакласці чамаданы і торбы і прайсці на 10 крокаў уперад». Усе так і зрабілі. Потым выбралі больш моцных мужчын, і пагналі іх да крутога рова метраў за 300 і там расстралялі. Затым пачалі выбіраць жанчын. Іх дзялілі на розныя групы, маладзейшых і старэйшых. Дзеці, плачучы, мітусіліся паміж гэтымі групамі. Паліцаі білі іх плёткамі, а некаторых хапалі за рукі і адкідвалі ўбок. Стаяў плач і лямант.
Хутка сталі выбіраць маладзенькіх дзяўчынак. Іх хапалі за рукі і цягнулі ў якое-небудзь памяшканне, каб згвалціць. Дзяўчынкі крычалі і спрабавалі вырвацца, але ім гэта не ўдавалася. А потым згвалтаваных падганялі да рова і расстрэльвалі.
Расстрэльвалі і тых, каго злавілі ў якой-небудзь з бліжэйшых вёсках, не пыталі, хто ён такі, калі быў хоць крыху падобны на яўрэя. Суд над гэтым бязвінным быў нядоўгім, якіх-небудзь тры гадзіны. Больш 500 чалавек было расстраляна і скінута з крутога пагорка ў роў, у якім была глыбокая яма. Былі там забітыя і параненыя, якія з лямантам і стогнам паміралі. З усіх гэтых людзей пакінулі хворага і кульгавага старога Лейбу, які сам пайшоў і кінуўся з крутога абрыву на кучу забітых.
Лейба прасіў, каб яго застрэлілі, але немцы і паліцаі глядзелі і смяяліся. І толькі калі пачало змяркацца, камендант СС загадаў свайму афіцэру пастроіць аддзяленне салдат і прастраляць усю загружаную людзьмі яму, каб ніхто не застаўся жывы. Тады і была выканана просьба Лейбы, апошняга жывога ў яме з параненымі і мёртвымі. Над Чэрнеўкай стаяла абсалютная цішыня. Толькі чуўся гоман і смех паліцаяў, якія дзялілі сабранае ў яўрэяў адзенне».
Запісана Галінай Мікалаеўнай Гурскай, бібліятэкарам Чэрнеўскай бібліятэкі-філіяла.