Чыбікаў Аляксандр

Дрыбінскі раён

Вайна ў маёй сям’і

Іх памяць славай апавіта,

Як неба – ранішняй зарой.

Ніводзін подзвіг не забыты,

Ніводзін не забыт герой.

Вайна... Колькі горкіх успамінаў пакінула яна. Раны, якія нанесла вайна, на ўсё жыццё пакінулі глыбокі след у сэрцах мільёнаў людзей. І хоць прайшло шмат часу, але яшчэ не адна ўдава, якая страціла свайго мужа, застаўшыся сама з сабой, прыцісне да твару свае маршчыністыя далоні і ў начной цішы абпаляць яе пальцы гарачыя і горкія, як палынь, слёзы. А бывае і так: у маленькім пакоі, дзе сумная цішыня жыве ўжо гадамі, падойдзе бабуля да шкафы, дастане зусім выцвіўшую фатакартку любімага чалавека і доўга будзе глядзець на яе. У такі момант чалавеку хочацца расказаць аб усім каму-небудзь. І такім слухачом у бабулі быў я. Мне хочацца расказаць пра лёс вельмі блізкіх для мяне людзей, лёс маёй бабулі і дзядулі. Вельмі цяжка гаварыць бабулі пра сваю згубленую маладосць, пра тое вялікае гора, якое выпала на яе долю.

Адыходзячы на фронт, на развітанне муж прамовіў: «Ты чакай мяне, Алёна, абавязкова вярнуся з перамогай». І яна чакала, малілася за яго і зноў чакала. А ён дасылаў ёй кароткія лісты, дзе паведамляў, што жывы і здаровы, б’е ворага і хутка прыйдзе дадому. Мой дзядуля не быў ваеннаначальнікам, ён быў звычайны салдат, салдат Вялікай Айчыннай вайны, які прайшоў вялікі шлях і зрабіў шмат для вызвалення сваёй Радзімы. Бабуля расказвала, што ён дасылаў ёй лісты, дзе пісаў як яны змагаюцца з ворагам. У адным з баёў ён атрымаў раненне. За мужнасць і адвагу, праяўленую ў баях, быў узнагароджаны медалём «За адвагу».

Нялёгка яму было ваяваць далёка ад свайго роднага куточка, дзе нарадзіўся, ад той хаткі, якую ён будаваў сваімі рукамі разам з жонкай. Ён ведаў, што ў любую хвіліну на гэтым месцы могуць быць руіны. Ён думаў аб жонцы і маленькім дзіцяці. Не шкадуючы сіл, ішоў праз холад і голад да перамогі. Яго душа разрывалася на часткі, калі ён бачыў, як гінулі дзеці. А ці яму, майму дзеду, было лёгка тады? Ён у сваім жыцці не пакрыўдзіў нават птушку, а тут трэба было страляць і забіваць, што было рабіць. Ён забіваў ворага, які грабіў народ, паліў гарады і вёскі, гвалціў жанчын і дзяцей.

Калі дзед ваяваў на Украіне, трапіў у канцлагер. Фашысты размясцілі канцлагер на балоце, у лясной мясцовасці. Умовы былі жорсткімі: снег, мароз, балотная гразь, холад, голад, хваробы. За калючым дротам – міны. Тут яны зносілі пабоі, здзекі, абразы. Колькі трэба было сілы волі, мужнасці, стойкасці, каб вынесці ўсе гэтыя выпрабаванні. І хто ведае, чым бы гэта закончылася, каб партызаны не дапамаглі вызваліць іх .

А яна ўсё чакала, чакала пісьмы, бачыла сны, у якіх вяртаўся дадому яе Мікалай. А сама насіла пад сэрцам яго часцінку – дзіця. Вельмі цяжка жылося і бабулі, асабліва ў час акупацыі. Яна шмат расказвала мне пра здзекі немцаў.

А потым была Перамога. Радасць і слёзы, слёзы радасці і болю. Мой дзядуля загінуў, не дачакаўшыся гэтага свята, загінуў ад рук паліцаяў, прайшоўшы скрозь полымя і кулі.

Я ганаруся сваім дзядулем і шаную яго гераічнае жыццё, жыццё-подзвіг. Памяць пра яго і яго гераічныя справы ніколі не згіне. Мне расказала бабуля, а я раскажу пра іх подзвігі сваім дзецям і ўнукам, таму што памяць павінна свята захоўвацца і перадавацца з пакалення ў пакаленне, як нязгасны факел вялікай любові да Радзімы, да майго народа. Толькі тыя, хто забывае сваё мінулае, не маюць будучыні.

«Я вас прашу, не зведаў хто вайны,

Прашу вас, мае дочкі і сыны,

Узяць хоць долю памяці маёй

Каб потым ёй не зарасці травой…»

Прайдуць гады, стагоддзі, на змену нам прыйдуць новыя пакаленні людзей. Наш боль, нашы страты стануць для іх далёкай гісторыяй. Толькі назаўсёды застануцца ў памяці тыя, хто аддаў сваё жыццё за перамогу.