Во все времена бессмертной земли,
О погибших помните,
Люди земли!
Убейте войну!
Прокляните войну!
Р. Рождественский
У жыцці кожнага народа бываюць падзеі, якія доўгія дзесяцігоддзі, а, магчыма, і стагоддзі, будуць прыцягваць да сябе ўвагу, хваляваць людскія сэрцы, пякучым болем адгуквацца ў памяці і свядомасці. Для нас, беларусаў, такой падзеяй стала вайна. Вайна адышла ў мінулае, стала старонкай гісторыі, але мы не маем права забываць пра вайну, таму што амаль кожную сям’ю, кожны дом, кожны горад, кожную вёсачку закранула яна сваім вогненна-чырвоным крылом. Напамінам пра вайну служаць помнікі і абеліскі ў розных кутках нашай шматпакутнай зямлі. Гэта Хатынь і Дальва, Брэсцкая крэпасць і Курган Славы. Не абышла яна і мае родныя мясціны. Летам мы зрабілі паход па мясцінах баявой славы. Наш паход праходзіў па берагах ракі Бася, якая шмат чаго бачыла і чула за свой век: і нашэсце чужынцаў, і крывавыя баі ў час вайны, і нашу перамогу. Даўно адгрымелі пушкі, залечаны раны, але і зараз можна ўбачыць непадалёку ад ракі глыбокія траншэі, пазарастаныя акопы, равы – сведкі страшнай, разбуральнай сілы вайны, якая пакінула пасля сябе смерць, слёзы і гора.
Далей наш шлях ляжаў да помніка салдатам Вялікай Айчынай вайны. Пліты абеліскаў, на якіх мы чытаем пайменна прозвішчы тых, чый лёс назаўсёды звязаны з лёсам нашай Беларусі, не дазваляе забыць нам аб загінуўшых. Колькі іх, гэтых імён на плітах абеліскаў у Расіі, на Украіне, Балгарыі, Беларусі.
Беларус Пётр Купрыянаў ляжыць у зямлі Латвіі. Ён закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота, бо быў упэўнены ў тым, што ахвяруючы сваім жыццём, наблізіць час перамогі. Ён жыве і будзе жыць не толькі ў нашай памяці, але і ў памяці тых, хто прыйдзе пасля нас.
Шмат воінаў, нашых землякоў, змагалася з ворагам у розных краінах. Яны прайшлі слаўны баявы шлях, атрымалі ўзнагароды. Сярод іх М. П. Ганчароў. Ён адразу ж пайшоў на фронт. З баямі прайшоў Беларусь, Прусію, быў паранены. Перамогу сустрэў на тэрыторыі Германіі. Радзіма высока ацаніла подзвігі героя. Аб гэтым сведчаць яго ўзнагароды.
Міхаіл Галаварушкін 19-гадовым юнаком пайшоў ваяваць. Два разы паранены. За баявыя заслугі быў узнагароджаны трымя медалямі. Лахмакоў С. У. – удзельнік абароны г. Мінска. Ён таксама разам з усімі вызваляў Беларусь, Польшчу, Венгрыю, мае баявыя ўзнагароды. Зараз гэтых людзей няма з намі, але іх подзвіг будзе жыць у памяці народа.
Мы падыходзім да абеліска, на мармуравай пліце якога выбіта імя сяржанта Івана Яжкова. Ён рускі, ляжыць у зямлі Беларусі. Іван здзейсніў свой подзвіг каля вёскі Рудзіцы, якая размешчана непалеку ад ракі Бася. Тут ішлі жорсткія вызваленчыя баі.
Чэрвень 1944 года. Да ракі Проня падыходзяць новыя часці Савецкай Арміі. Падышла да лініі фронту і 153-я стралковая дывізія 49-ай арміі. Яна (пазней) будзе ўдзельнічаць у Магілёўскай наступальнай аперацыі. 23 чэрвеня 557-мы стралковы полк фарсіраваў Проню і ўвесь дзень рухаўся, знішчаючы агнявыя кропкі і заслоны ворага. Ззаду засталіся вёскі Заложжа, Трылесіна, Жавань. Раніцай 24 чэрвеня полк выйшаў да невялікага лесу паблізу мэстэчка Чэрнеўка. Камандзір дывізіі паставіў задачу: фарсіраваць раку Басю, прарваць абарону немцаў на яе заходнім беразе. Імклівай атакай байцы вызвалілі вёску Займішча, фарсіравалі Басю, завязалі бой за вёску Рудзіцы. Але вораг аказаў моцнае супраціўленне і адразу ўзяць вёску не ўдалося. У гэтай сітуацыі камандзір аддаў загад: на правы фланг другога батальёна паставіць танкавы кулямёт і роту салдат. Кулямётчыкамі-стралкамі па правым фланзе камандаваў сяржант Яжкоў Іван Сцяпанавіч. Ён граматна выбраў пазіцыю, паставіў кулямёты. Контратака была адбіта, батальён пачаў рухацца наперад. Уяўлялася, што яшчэ крышку – і полк будзе ў Рудзіцах. Але яго наступленне спыніў кулямётны і артылерыйскі агонь, які гітлераўцы вялі з двух дзотаў на ўскраіне вёскі. У гэты час да дзота кінуўся адзін з байцоў. Гэта быў Яжкоў. Ён поўз, адлегласць паміж ім і варожым дзотам змяншалася. Воін быў ужо амаль каля самага дзота, калі цела яго раптам устрапянулася, ён застыў. Некаторы час ён ляжаў нерухома. Затым Яжкоў кінуў дзве гранаты ў амбразуру дзота. Прагрымела два выбухі. Калі дым рассеяўся, дзот зноў ажыў. У Яжкова гранат больш не было. Узняўшы аўтамат, герой пайшоў прама на дзот. Ён дабраўся да яго, целам закрыў амбразуру. Стук варожага кулямёта заціх, шлях палку быў адкрыты. Так загінуў камсамолец Іван Яжкоў. За гераізм і мужнасць Яжкову Івану Сцяпанавічу пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Вось такую гісторыю пра бессмяротны подзвіг маладога байца паведаміў нам настаўнік. Яму б жыць, расціць дзяцей, пахаць зямлю, вырошчваць хлеб, даглядаць сады, але аддаў сваё жыццё за перамогу.
«Колькі вас, не каханых,
Зямля прыгарнула да сэрца.
Памяць нягойнай ранай
Вечна ў нас будзе гарэць…»
Памяць народа – гэта яго гісторыя, гэта яго гонар і сумленне. І яна, гэта памяць, павінна свята захоўвацца, перадавацца з пакалення ў пакаленне, як нязгасны факел вялікай любові да радзімы, да свайго народа. Пройдуць гады, стагоддзі, на змену нам прыйдуць новыя пакаленні людзей. Наш боль, нашы страты стануць для іх далёкай гісторыяй. Толькі назаўсёды застануцца ў памяці тыя, хто аддаў сваё жыццё за перамогу.