Клімянкова Вікторыя

Дрыбінскі раён

Памяць і боль вайны

Памяць аб Вялікай Айчыннай вайне – гэта не толькі даніна мінуламу. Памяць аб вайне звязана з сёняшнім нашым дабрабытам, з будучыняй нашай. Яна, гэта памяць, неабходна нашчадкам як маральны арыентыр. Памяць аб тых, хто здабыў нам перамогу, памяць аб героях, якія загінулі, павінна жыць у нашых душах, напамінаць аб тых жудасных днях.

Подзвіг беларускага народа назаўсёды застанецца ў памяці. Гэты подзвіг – перамога над злом, перамога чалавечай годнасці над несправядлівасцю.

У юбілейную гадавіну Перамогі мы нізка схіляем галовы перад памяццю загінуўшых герояў, перад тымі ветэранамі, якія яшчэ радуюць нас сваім жыццём.

Час ідзе хутка. Змяняюцца погляды на жыццё. Для адных вайна сімвалізуе толькі гісторыю. Для другіх – памяць пра вайну жыве ў сэрцы і душы.

70 мірных год! Але не забываюцца тыя раны і шрамы, якія нанесла людзям вайна. Іх немагчыма забыць. Як можна забыць подзвігі, смерць тых люзей, якія набліжалі Перамогу, якія верылі, што будучае пакаленне будзе жыць пад мірным небам, што не будзе слёз і гора. Мы – тыя, хто ведае пра вайну з кніг, кінафільмаў, ад бабуль і дзядуль, не маем права забываць сваіх герояў. Перамога нам дасталася дарагой цаной. 1818 дзён ішла вайна, у кожны з якіх гінула 600 абаронцаў Радзімы. Амаль у кожны дом прыходзілі пахаронкі.

Любая вайна – гэта смерць, голад, калецтва, бязлітаснасць... Зямля багата напоена крывёю. Многія гарады і вёскі сталі папялішчамі, людзі – нябошчыкамі. Знікалі гарады, абрабаваны былі вёскі, тысячы знявечаных цел. А хто ж у адказе за гэтыя здзекі?

Адказ просты: «Дыктатар Гітлер». Ён хацеў сусветнага панавання, не лічыўся ні з кім і ні з чым. Але ён глыбока памыляўся. Не толькі можна сілай і страхам зрабіць усё, што захочаш.

Ён не даацаніў самаахвярнасць сотняў, тысяч простых людзей, якія змаглі зламаць створаны Гітлерам і яго прысяжнікамі механізм зла, прынесці мір на Зямлю.

Жыве народная памяць, непадкупная памяць пра тыя жудасныя ваенныя дні. Мы, беларусы, можам з поўным правам сказаць: «Ніхто не забыт, нішто не забыта».

«На Беларусі знішчана больш за 9200 вёсак, больш чым у 600 з іх забіты ці спалены ўсе жыхары. Выратаваліся толькі адзінкі» – сведчаць дакументы другой сусветнай вайны. За кожнай лічбай – лёс чалавека, трагедыя народа.

Вёска Хатынь... Гэта назва – сімвал усіх вёсак, спаленых разам з людзьмі. Жыццё ў гэтай лясной вёсачцы было спакойнай аж да 1943 года. Але пасля сакавіка 1943 гэтай вёскі на карце не стала. Не прыходзяць сюды лісты, не гуляюць вяселле, не нараджаюцца дзеці, ніхто не едзе ў госці. Едуць толькі для таго, каб пакланіцца, у жалобе схіліць галовы перад ахвярамі вайны. Вечны агонь на зямлі Хатыні – гэта вечная памяць жывых, гэта гімн мужнасці і любові да Радзімы.

Трасцянец... Вечны агонь гарыць на месцы самага вялікага кантрацыйнага лагера ў Беларусі. У гады вайны тут загінула больш за 200 тысяч чалавек. Кветкі каля абеліска – памяць, пашана, удзячнасць.

У гонар маці ёсць у горадзе Жодзіна манумент. Ён устаноўлены Настассі Фамінічне Купрыянавай. Чым жа заслужыла такі гонар простая жанчына? А тым, што яна дала жыццё сваім сынам, але не проста дала, а яшчэ і выхавала ў іх пачуццё любові і павагі да зямлі роднай, да ўсяго народа. Пяцёра сыноў гэтай жанчыны ваявалі, але да дому вярнуўся толькі адзін, які хутка памёр ад ран, атрыманых на вайне. Гэты манумент – напамін аб тым, што нам не патрэбна вайна.

Кожны народ ганарыцца перамогамі. У кожнага чалавека свая памяць пра вайну. Але ёсць адна агульная, мудрая і высоканародная памяць – памяць, не падуладная часу. Памяць майго пакалення – гэта часцінка памяці ўсяго народа.

Я часта думаю аб гэтай вайне, перажываю шмат пачуццяў. Але на першым плане ў мяне пачуццё ўдзячнасці. Удзячнасць нашым дзядам і бабулям за Перамогу, за тое светлае і духоўнае багацце, якое далі нам у спадчыну. Тыя душэўныя і фізічныя страты, нанесеныя народу ў час вайны, не адновяцца: не ўваскрэснуць людзі, не адновяцца з попелу спаленыя вёскі і гарады. Людзі! Будзьце пільныя! Не дапусціце больш гэтакіх жудасных з’яў! Жывіце ў міры і спагадзе! Няхай нам свеціць толькі яснае сонейка, няхай над намі будзе толькі блакітнае неба, на нашых вачах будуць толькі слёзы радасці і шчасця!