ФОТО
– Жэня, ну колькі можна мыць лыжкі? Хопіць ужо! Пакінь! Жанчына пачула гэты загад, але ні на хвіліну не спыніла працы.
Седзячы на зэдліку каля маленькага цабэрка, мыла-перамывала тры гліняныя талеркі і дзве лыжкі. Мыла ўжо, мабыць, паўгадзіны. О, як яна хвалявалася ў той момант! Яна штосьці прадчувала, штосьці гаварыла ёй жаночае сэрца, але словы гэтыя Жэня зразумела толькі потым...
– Ну, трэба ўжо збірацца!
– А! Што? Ужо?
Жанчына, пачуўшы гэтыя словы, у адно імгненне падхапілася з падлогі, пачала прыбіраць цэбар, лыжкі, міскі, і раптам адна выслізнула з рук, упала і разбілася на тры часткі...
– Ой! Божачкі, што я нарабіла!?
– Чаго ты крычыш? Посуд разбіўся – вось дык трагедыя! Скора шчасце будзе, скора вайна, мабыць, скончыцца!
– Калі, калі скора? Колькі яшчэ чакаць, Ігнат? Не заўсёды посуд б'ецца на шчасце...
– Цыц! Што гэта такое? Зноў пачынаеш свае дурныя забабоны? Зноў будзеш бачыць прыкметы там, дзе іх няма? Кінь, супакойся. Апошні раз кажу: хопіць выдумляць!
– Гэта Божачка знак падае: не трэба сёння ісці туды, не трэба.
– Дамовіліся ўжо, нельга адкладваць. Ці сёння – ці ніколі.
– Ды што вы ўчатырох зрабіць зможаце? Пойдзеце, заб'яце аднаго вар’ята, і вайна на гэтым скончыцца?
– Я цябе не пазнаю...
– Я сама сябе ўжо пазнаць не магу. Што яны з маім сэрцам зрабілі? Чатырох дзяцей на той свет адправілі...
– Я за іх іду помсціць... За кожнага адпомшчу... Што ім зрабіў Ігарок? Восем гадкоў хлопцу было... Вады захацеў папіць... Пайшоў да калодзежа, сустрэў гэтых...
– Што, хлопча, вадзічкі хочацца? – пытаюць...
– Хачу, хачу...
– Ну, дык пі...
Скінулі ў калодзеж, а самі стаялі, смяяліся з яго. Ігар, нібы жабянё, у вадзе валтузіўся... Ведаеш, Жэня, калі я п’ю ваду, мне здаецца, што яна пахне Ігаравымі валасамі... А што ім зрабіў Міколка? Шэсць год... Хацеў навучыцца лётаць, як птушка... Палятаў з куляй у грудзях...
– Пашкадуй мяне, не кажы ты больш... Не магу трываць...
Жэня ўпала на падлогу, закрыла твар рукамі і горка заплакала. Яна плакала, і ёй здавалася, што яе зараз ніхто не зможа зразумець, яе гора застаецца толькі яе горам... Але калі б яна толькі падняла галаву, то заўважыла б, як хутка Ігнат вялікай далонню сцёр са шчакі маленькую калючую слязу: нельга яму плакаць, гэта бабская справа...
Збіраўся хутка: нельга было адкладваць... На развітанне падышоў да Жэні, прытуліў яе, пацалаваў у правую шчаку. У яе раптам закружылася галава, сцены нібы паплылі перад вачамі, і сэрца пачало біцца так хутка...
– Толькі не плач. Не люблю я гэтую мокрую справу. Ён хацеў усміхнуцца, але ўсмешка не атрымалася...
Жэня паглядзела ў яго вочы, зялёныя і такія старыя-старыя, пацалавала ў лоб...
– Што ты робіш? Што я, нябожчык? Яшчэ чаго выдумала!
– Што ты, Ігнатачка, я ж заўсёды так!
– Прабач, я ніколі не заўважаў...
«Ён абавязкова павінен памерці», – ад гэтай думкі ў Жэні пачало халаднець унутры.
– Жэня, скажы, а дзе наш адзіны фотаздымак? Хачу ўзяць яго з сабой...
– Не трэба...
– Што, зноў пачынаюцца забабоны? Аддай сюды фотаздымак, хутчэй!
Яна ўпала на калені:
– Не трэба, не забірай. Ты не даеш мне веры, а я адчуваю: гэта да бяды прывядзе...
– Не хочаш даваць? Не трэба. Сам вазьму, ведаю, дзе ляжыць.
Ён падышоў да іконы, якая стаяла каля ложка, перавярнуў яе, за ёй ляжаў маленькі, пажаўцелы ўжо фотаздымак. Узяў яго, з пяшчотай пагладзіў кожны твар на ім пальцам, кожнага пацалаваў, паклаў у кішэню.
– Ну, трэба ісці...
Ён маруднымі крокамі накіраваўся да дзвярэй.
«Толькі б не азірнуўся... Усё, калі азірнецца – больш не вернецца, заб’юць, загіне...» – думала Жэня.
Ігнат рашуча расчыніў дзверы, ступіў адзін крок наперад – і абярнуўся, доўгім позіркам агледзеў усю хату, апошні раз паглядзеў на жонку і выйшаў, моцна стукнуўшы дзвярыма...
– Бывай, Ігнатка, бывай, любы... Адпомсці ім за нас усіх...
Тую ноч Жэня доўга не магла заснуць: спачатку перашкаджаў моцны вецер з дажджом, потым Танечка. Яна ўвесь час з кімсьці размаўляла ў сне. Некалькі разоў маці падыходзіла да яе ложка, стаяла доўга каля яго, прыслухоўвалася. Танечка размаўляла з Ігнатам, Ігарком і Сонечкай...
Заснула толькі гадзін каля трох. Адразу ж прысніла сон: была сярэдзіна верасня, час, калі птушкі адлятаюць у вырай. Сядзела яна на двары, карміла пісклят. Раптам на іх плот селі тры качкі: адна – белая, а дзве другія – чорныя. Жэня хуценька падбегла да іх, схапіла чорных, зачыніла ў лазні, а белую, самую прыгожую, панесла ў хату. Ды вось, што яе здзівіла ў сне: чаму гэтая белая качка не махала крыламі, не хацела вырвацца...
Жэня прачнулася ад аўтаматнай чаргі – забілі сабаку... Не паспела ўстаць з ложка, як ужо ў хаце было амаль пятнаццаць забойцаў... Яна яшчэ доўга здзіўлялася, як змагла так хутка іх палічыць...
– Устаць! – гаркнуў немец.
Яна ўстала не спяшаючыся, як патрэбна гаспадыні ў сваім доме.
– Ну, дзе ж гэты Кузьма? – злосна крычаў, мабыць, галоўны з іх.
У гэтую ж хвіліну ў хату ўвайшоў, павольна, паважна, Кузьма з вялікім мехам за плячыма. У Жэні штосьці абарвалася ў сярэдзіне: гэта ж з Кузьмой ды яшчэ двума яго братамі Ігнат павінен быў... Кузьма – здраднік...
– А, суседачка, гутер морген!
– Я не па-чалавечы не разумею...
– Якая ж ты ў нас неразумная!
– Так, Божачка няроўна дзеліць...
– За гэта малайчына: люблю, калі мяне хваляць.
– Дык я ж не розумам, а язык, які толькі і здатны дзеля таго, каб усім...
– Ну, ты тут не выступай! Хацела, каб мяне забілі, каб я падыхаў, як сабака? Не...
– Кузьма, яны ж з тваёй жонкі пацешыліся, яна ж праз гэта захілілася. Твая дачка грубая стала, у рэчцы ўтапілася. А ты ліжаш...
– А я жыць хачу і буду... Паказаць, што яны з Ігнатам зрабілі... Кузьма перакуліў мех, раскрыў яго, вытрас, як бульбу, Ігната...
Жах. Скуры не было, напэўна, пайшла на пальчаткі... Вачэй не было... Сэрца каты вынулі з грудзей, вялікім цвіком прыбілі да яго той самы фотаздымак...
Жэня глядзела – і нічога не адчувала. Ёй толькі хацелася, каб з ёй зрабілі тое ж самае... А яны...
Жэня доўга чула, як плакала Таня:
– Мамачка, што яны хочуць? Мамачка, дапамажы... Мамачка, матулечка, дапамажы... Сонейка маё, дапамажы... Толькі абарані...
– Ірады, пакіньце дачку... Нашто яна вам? Яна ж яшчэ дзіця, яна жыць толькі пачынае. Пакіньце... Пакіньце... Танечка, Танечка... Ёй толькі чатырнаццаць...
Як скрозь сон, пачула яна словы фрыца:
– Зараз навучым, як трэба жыць...
Таню завалаклі ў большую частку хаты, Жэню пакінулі каля печы. Яна спярша абаранялася, не давалася. Потым, калі ей выбілі зубы і выкруцілі рукі, сцішылася... Спачатку Жэню апанаваў жах, а потым нясцерпны боль. Было балюча асэнсоўваць, што гэта не Ігнат... Жанчына страціла прытомнасць...
Прачнулася яна ад нясмачнай вады, якую маленькім цуркум лілі на твар, выявілася, што гэта не вада...
– Дзе мая дачка?
– Ляжыць на ложку...
Танечка не вытрымала, памерла...
Белы тварык быў змучаны, вочы дакорліва пыталі: «Мамачка, за што?» Мамачка пацалавала дачку, але не ў твар, а ў чырвоныя ножкі... Жэня спаўзла на падлогу, як верны сабака, паклала галаву на далоньку дачкі – і заснула...
Не, яна не заснула, яна памерла. У апошнія хвіліны жыцця яна, напэўна, думала, марыла пра свабоду. Верыла, што яна павінна скора прыйсці: посуд заўсёды б’ецца на шчасце...
Шчасце адбылося праз адзін год і шэсць месяцаў.
Гэтую гісторыю, расказаную маёй бабуляй, я доўга насіла ў сваёй душы. Кожны раз хацела ўявіць сабе, якой была яе родная сястра, лічы, мая стрыечная бабуля.
Так у гады Вялікай Айчыннай вайны загінула сям’я. Гэты аповед – крык маёй душы. Спроба ўявіць маіх родзічаў – Жэню, Ігната, іх дзяцей. Спроба зразумець іх пачуцці, іх боль.
Свой аповед я прысвячаю ўсім людзям, якія жылі да вайны, ваявалі і прынеслі нам перамогу цаною ўласных жыццяў; усіх, хто нават перад тварам смерці не губляў чалавечую годнасць... Усім, хто не выжыў, але жыве...