Мы жывем, па зямлі крочым з песняй.
Маладосць – гэта радасць на час.
Мы шануем герояў, што мужна і чэсна
За жыццё ваявалі, за нас.
В. Жуковіч.
Нялёгкі лес выпаў на долю нашых дзядоў, многім з якіх у той, далёкі сорак першы, было толькі сямнаццаць–васямнаццаць гадоў. Юнакі, якія не зведалі як след прыгажосці жыцця, сталі на абарону рубяжоў Айчыны. У кожнай сям’і засталася памяць пра гэту жудасную вайну. У кожнай хаце хтосьці быў на вайне, і мой прадзед таксама. Калі я аднойчы запытала, колькі год было прадзядулю, калі ён пайшоў на вайну, то пачула адказ, што было толькі сямнаццаць. I зараз, калі я ўжо падрасла, то ўспамінаю яго словы, і становіцца жахліва. Мне ж зараз – сямнаццаць. Мой прадзед Мурашкін Савелій Мітрафанавіч пайшоў на вайну такім маладым.
Вайна! Калі ён пачынаў расказваць пра яе жахі, слёзы беглі па яго маршчыністым твары. Слухаючы яго, я таксама не змагла стрымліваць слёз. Мой прадзядуля не зведаў у маладосці прыгажосці жыцця.
Да вайны скончыў Тупічынскую сямігодку, зараз я таксама вучуся ў гэтай школе, паехаў у Ленінград вучыцца на будаўніка. Там яго і застала вайна. У 17 год добраахвотнікам пайшоў на фронт і трапіў у танкавы полк. Першае заданне камандавання: акружыць 16-ю эсэсаўскую дывізію, якая праз Ленінград ішла на Маскву. Спыніць яе трэба было, чаго б гэтага не каштавала. I яны спынілі немцаў, разбілі ўшчэнт эсэсаўскіх катаў. Пасля кароткай перадышкі, войскі, у складзе якіх быў і мой прадзед, накіроўваюць назад пад Ленінград на прарыў блакады. Баі ішлі цяжкія, два разы ён трапляў у шпіталь, але зноў вяртаўся на фронт.
У 1943 годзе блакада была прарвана. Горад адваявалі, але відовішча было жудаснае: загінуўшыя сябры, абгарэлыя танкі. «Без слёз нельга глядзець, – успамінаў прадзядуля. – Злосць закіпала ў жылах, і хацелася яшчэ мацней біць гадаў».
Дзядулевы грудзі ў той час ужо ўпрыгожвалі ўзнагароды: медаль «За адвагу», ордэн Баявога Чырвонага Сцяга, ордэн Славы ІІІ ступені, якія ён заслужыў сваім гераізмам і адвагай.
У 1943 годзе цяжкае раненне прыкавала яго да шпітальнага ложка. Ён трапіў на два гады ў інвалідны дом, у якім знаходзіўся да 1948 года. Ногі зусім не хацелі слухацца, але ж, відаць, маладосць узяла сваё. Стаў зноў хадзіць і вярнуўся на сваю радзіму – у вёску Дзямідавічы. Родныя нічога не ведалі пра яго. Калі вярнуўся, слёз было шмат. Крыху адпачыўшы, ён пайшоў уладкоўвацца на працу ў калгас. Яму прапанавалі трактар. Пасля столькіх гадоў ліхалецця сеў былы салдат за штурвал мірнай тэхнікі і пачаў узнімаць пасляваенную гаспадарку, засяваць узараныя калісьці бомбамі і снарадамі землі збажыной. Шмат год быў брыгадзірам трактарнай брыгады. А ўсяго калгаснай справе аддаў сорак пяць гадоў. I ў мірны час таксама быў адзначаны за сваю працу. Ён заслужаны работнік сельскай гаспадаркі, мае ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Я свайго прадзядулю смела магу назваць героем. Вельмі шкада, што ён не дажыў да такой знамянальнай даты, як 70-годдзе Перамогі. Сваё жыццё прадзед пражыў з годнасцю, з гонарам. Разам са сваёй жонкай Таццянай Цімафееўнай вырасцілі 5 дзяцей, 12 унукаў і 17 праўнукаў. Ён заўсёды гаварыў: «Хай будзе мір на зямлі. Не дай Бог, каб будучаму пакаленню давялося пабачыць смерць і пакуты, якія дасталіся на долю майго пакалення. Але каб гэтага не здарылася, трэба працаваць і працаваць, умацоўваць нашу Айчыну ўсебакова».
У нашым школьным краязнаўчым музеі ёсць шмат матэрыялаў пра майго прадзеда. Я гэтым вельмі ганаруся. I мне заўсёды хочацца расказаць усім пра тое, што мой прадзядуля – сапраўдны герой.
Мы, сучаснае пакаленне, абавязаны памятаць пра тыя гады, напоўненыя горам і пакутамі мільёнаў людзей, каб вайна ніколі не паўтарылася ў гісторыі чалавецтва, а подзвігі хай будуць толькі ў працы.