Слаўная дачка свайго народа
«Мы бились от заката до заката,
И были мы такими в том бою,
Каких вы не видали на плакатах
И не встречали в праздничном строю»
А. Елькін
Многія змагаліся за Радзіму. Сярод мужных абаронцаў – мая бабуля Куцькіна Валянціна Лявонцьеўна.
Нарадзілася яна ў першай палове 1925 года (больш дакладную дату ўстанавіць не атрымалася) у в. Козы Парыцкага раёна. А вайна яе заспела ў в. Казакова Бабруйскага раёна, дзе яна выйшла замуж у чатырнаццаць гадоў. На маё пытанне чаму яна зрабіла гэта так рана, бабуля адказвае, што вельмі ўжо ён, яе муж – Гавароўскі Антон, быў прыгожы, і яе дзявочае сэрца апынулася ў палоне кахання. Але шчасце маладых было не доўгім – муж пайшоў на фронт, адкуль больш не вярнуўся. Бабуля кажа, што да яе даходзілі чуткі, што Антон выжыў і з’ехаў у Амерыку, але пра сябе нічога не паведаміў, каб родныя не патрапілі пад рэпрэсіі.
Жахі вайны ўсе спазналі спаўна, калі ў в. Казакова прыйшлі немцы – каго растралялі, каго
спалілі. Сям’ю бабулі хацелі спаліць, але яна трохі ведала нямецкую мову і ўпрасіла афіцэра адпусціць родных.
Жылося тады вельмі голадна, але бабуля ратавала жыццё сваіх родных тым, што спявала песні, а спявала яна вельмі добра, і чытала малітвы для немцаў. Яны смяяліся над ёй і здзекваліся, але бабуля, тады прыгожая і маладая, усё гэта цярпела, бо гэты занятак даваў пражытак, а, значыць, жыццё яе сям’і.
Але доўга гэта працягвацца не магло, і бабуля, сказаўшы родным, што з’язджае ў Нямеччыну, сышла з іншымі аднагодкамі ў партызаны. Давялося ім патрапіць у Паўлаўскую партызанскую брыгаду №123 імя Шчорса, у атрад пад камандаваннем Івана Дайнекі. Пасля кароткага навучання ваеннай справе яе прызначылі сувязной. Хадзіць у горад даводзілася міма лагера ваеннапалонных. Умовы, у якіх тыя знаходзіліся, былі жудасныя – бруд, холад, голад. Усё гэта яна распавядала партызанам, а тыя помсцілі фашыстам за ўсе здзекі.
Аднойчы Валянціну, якой было ўжо 16, адправілі ў дазор з напарнікам-хлапчуком 13 гадоў.
Адстаяўшы свой час, яна разбудзіла напарніка, а сама лягла адпачыць. Але яна не была ўпэўнена, што той не засне, і таму сама не спала. Пачуўшы асцярожныя крокі, бабуля вокрыкам «Стой! Хто ідзе?» спыніла камандзіра атрада, які правяраў дазоры. А напарнік усё ж такі заснуў, за што быў пакараны: калі ты адказваеш за жыцці соцень людзей, расслабляцца нельга, і зусім не важна, колькі табе гадоў!
Бабуля заўсёды распавядае нам, сваім унукам, пра барацьбу партызан – пра дыверсіі ў тыле ворага, пра небяспечныя вылазкі за харчамі, лекамі, зброяй. Вельмі часта яна была на валаску ад смерці – трапляла і ў акружэнне, і ў засаду. Было страшна, але яна ўсё стрывала.
Неўзабаве нашы войскі вызвалілі Беларусь. Усе мужчыны з атрада Івана Дайнекі пайшлі далей на фронт, а жанчыны засталіся адраджаць сваё сяло.
У бабулі вельмі шмат узнагарод – і ордэнаў, і медалёў – яна заўсёды іх з гонарам носіць. І мы, унукі, ганарымся ёй і з цікавасцю слухаем яе займальныя аповеды пра той гераічны час.
Як жа склаўся пасля вайны яе лёс, бо муж з фронта не вярнуўся? Бабуля пасля вайны выйшла замуж ізноў за малодшага лейтэнанта Васіля Дзмітрыевіча Куцькіна. Адразу жылі ў вёсцы Ворсічы, затым пабудавалі сваю хатку. Чацвёра дзяцей нарадзілася ў сям’і – тры дачкі і сын. Старэйшая, нажаль, была інвалідам і неўзабаве памерла. Ды і муж неўзабаве загінуў па недарэчнай выпадковасці. Вось так і засталася яна адна, маючы на руках траіх дзяцей, але рукі не апусціла – усё рабіла для таго, каб выраслі яны годнымі грамадзянамі сваёй краіны. Так яно і здарылася. Яна можа ганарыцца сваімі дзецьмі, унукамі, якіх у яе восем, і праўнукамі, якіх у яе пяць.
Мы вельмі любім нашу бабулю і ганарымся ёй. Яна пражыла годнае жыццё, заўсёды жыла па сумленні, чаму вучыла і дзяцей сваіх, і нас, унукаў і праўнукаў.
ФОТО
Куцькіна В.Л. (другая злева). 1948 г.
НАГРАДЫ