Біяграфічнае эсэ «Лінія жыцця»
У гэтым годзе наша краіна будзе святкаваць 70-годдзе Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Зараз можна пачуць думку аб тым, што святкаванне такіх падзей – гэта непатрэбнае варушенне былога, спроба зноў прыцягнуць да сябе ўвагу. Я лічу гэтае меркаванне памылковым і бестактным. I вось чаму...
Як вядома, Беларусь панесла велізарныя страты ў Вялікай Айчыннай вайне. Паэты параўноўвалі нашу краіну з лесам, у якім нехапае кожнай чацвёртай сасны – менавіта кожны чацвёрты жыхар загінуў у вайну. Але што чакала тых, каму пашчасціла выжыць?
Сама я ведаю аб жахах вайны і складанасцях пасляваеннага часу ад дзядулі франтавіка.
Фёдар Паўлавіч Салдаценка нарадзіўся ў 1925 годзе ў вёсцы Галавічы Дрыбінскага раёна. Ён шаснаццацігадовым хлопчыкам трапіў у войска 1-га Беларускага фронта, быў сувязістам. Калі бачыш у музеі вялізарную катушку з провадам, разумееш, як цяжка было падлетку цягнуць сувязь. А цягнуць трэба было праз поле з забітымі. Адзін на адным па чатыры чалавекі ляжала… І тонкая струйка крыві сцякала паміж іх... «У мяне валасы на галаве шавяліліся...», – успамінаў дзядуля. Успамінаў таксама жалобны вой нямецкіх аўчарак, якім непашчасціла і яны засталіся жывымі. Немцы выкарыстоўвалі іх як наводчыкаў зброі – да сабак прывязвалі міны і пускалі на савецкі танк ці на савецкіх салдат. Успамінаў, як пры фарсіраванні Одры і Рэйна саслужыўцы майго дзядулі проста хрэсціліся і танулі, бо не ўмелі плаваць. А мой дзядуля ўмеў, выратаваў сабе і яшчэ аднаму хлопцу такім чынам жыццё. Але акрамя гэтага жуду быў і іншы.
Больш за ўсё салдаты баяліся прыезду галоўнакамандуючага Жукава. «Калі хто быў у абадранай ці гразнай вопратцы, таго хавалі дзе-небудзь у акопе ці зямлянцы, бо калі заўважа – стрэля прама ў лоб», – вось так падтрымлівалі салдаты знешні выгляд.
Калі дайшлі да Германіі, да майго дзеда, высокага двадцацігадовага бландзіна з галубымі вачамі... заляцалася немка: «Бегала, пакуль не набегала...». Гэта было расказана пасля смерці бабулі, у 2005 годзе. У Берліне на кожнай вуліцы стаялі каробкі з каўбасамі і іншымі прысмакамі. Але гэта не жэст гасціннасці – ежа была атручана.
Пасля і ў час вайны за сувязь з немкай маглі пакараць. Таксама маглі пакараць за тое, што паходзіў з сям’і царкоўнаслужачага. Аб гэтым дзядуля расказаў пасля таго, як не стала СССР, баяўся.
Пасля вайны дзядуля працаваў рознарабочым у сельмаге вёскі, якая да вайны была мястэчкам Расна. Для чалавека без адукацыі і гэтая праца была добрай. Блага з фронта вярнуўся не інвалідам. Ажаніўся ў 1950 годзе з паштальёнкай Вольгай, у якой ужо быў хлопчык. Нажылі разам чатырох дачок, якія потым разляцеліся па ўсёй Беларусі і нават у Краснаярск адна трапіла.
Апошнія гады дзядуля пражыў разам з намі. Пасля таго, як памёрла бабуля, было небяспечна пакідаць яго ў Расне: колькі разоў да дзядулі звярталіся з просьбай прадаць медалі і ордэны (два Ордэна Славы), амаль абрабоўвалі, збівалі – з-за пенсіі. Але аб усіх гэтых прыкрасцях дзядуля не ўспамінаў. А да канца сваіх дзён заставаўся пазітыўным, добрым і светлым чалавекам, чулым да ўсяго жывога – да свайго каня Ворліка, да нашай кошкі, да цвяткоў бэзу ці чаромхі вясной...
Прайсці такое складанае жыццё і ніколі не губляць веры ў заўтра, заставацца жыццярадасным і добрым. Заўсёды яднаць людзей, бо слёз і гора за вайну хапала, і цягнуць лінію сувязі, але не паміж ваеннымі аб’ектамі, а – людзьмі. I такія ўсе франтавікі. Яны цягнуць сваю лінію жыцця да апошняга, цягнуць каб мы памяталі, што вайны болей не трэба. Маёй сям’і на ўспамін аб вайне засталіся ўзнагароды дзядулі, яго расповяды пра вайну і цяжкае разуменне сваёй чэрствасці і непаразумення ў адносінах да яго. Адзінае, чым мы можам ушанаваць ветэранаў, – гэта памяць аб іх подзвігу.
Той, хто лічыць непатрэбным святкаванне Дня Перамогі, дат вызвалення гарадоў, тыя лічаць непатрэбнымі і людзей, праз мужнасць якіх і была атрымана Перамога і вызваленне.