Ванюша з Чырвонага Берага
Дзіўную ўласнасць мае час: жывуць людзі, у кожнага сваё імя, біяграфія, пульсуюць жыццём гарады і вёскі, шумяць пушчы, нясуць свае воды рэкі, а праз стагоддзі губляецца іх след. I мы па зярнятку рупна збіраем звесткі пра наша далёкае мінулае, каб узнавіць гістарычную існасць, дакапацца да сваіх каранёў. Для нас гэта вельмі важна і неабходна, бо толькі спазнаўшы, як жылі і за што змагаліся нашы продкі, мы можам лепш спазнаць і саміх сябе, больш дакладна акрэсліць свае імкненні і мэты.
Не забыць пра баі і атакі нам.
Голас ваш мы чуем з даля,
Мы вас помнім, Клічаў, Усакіна,
Неўміручай славы зямля.
Помнім мы партызан і падпольшчыкаў.
Іх святыя імёны жывуць
Там, дзе шэпчуць бары над Вольсаю,
Там, дзе зоркі глядзяцца у Друць.
70 гадоў прайшло з вялікай Перамогі, але мы памятаем усіх герояў. Чым далей адступаюць ад нас падзеі Другой сусветнай вайны, тым больш манументальным бачыцца подзвіг нашага народа ў барацьбе з фашызмам. I тым глыбей усведамляецца значэнне Перамогі для ўсяго чалавецтва. Важкі ўклад ва ўсенародную барацьбу з гітлераўскай чумой унеслі партызаны Клічаўшчыны. Ні днем, ні ноччу не ведалі спакою захопнікі.
Ціхі і мірны край з першых дзён вайны стаў краем актыўнага супраціўлення варожаму насіллю.
Многа герояў-партызан дала Клічаўшчына краіне, але сёння хочацца ўспомніць пра Івана Маркава, Ванюшу, так ласкава яго называлі ў партызанскім атрадзе.
Нарадзіўся Іван у вёсцы Чырвоны Бераг, недалёка ад Бацэвіч. Перад вайной Ваня працаваў шафёрам у клічаўскай аўтабазе. Працаваў добра, часта пра яго пісалі ў мясцовай газете. У канцы 1941 года ён прыйшоў у партызанскі атрад Свістунова, неўзабаве стаў намеснікам камандзіра 128-га атрада. Спадабацца свістуноўцам было не проста. Смелы і дасціпны, Ванюша заўсёды сам шукаў сустрэчы з ворагам і завязваў бой, таму ў атрадзе яго ўсе паважалі і любілі.
Іван Маркаў удзельнічаў у самых рызыковых аперацыях партызан. Вось адна з іх. Партызанам былі вельмі патрэбны боепрыпасы. Аднойчы ў атрад з Бабруйска прыйшоў Валодзя Белякоў. Ён расказаў, што недалека ад Бабруйска, у лесе, засталіся склады боепрыпасаў. Ахоўваюць іх каля 30 нямецкіх салдат. У Вані Маркава загарэліся вочы.
«Вось гэта рабацёнка – як раз па майму густу. Дазвольце, таварыш камандзір, паспрабаваць», – прасіў ён.
Рызыка была вялікая, але і патроны патрэбны былі. Праз дзень Ваня Маркаў і яшчэ некалькі такіх жа смелых хлопцаў выехалі на аперацыю. А праз некалькі дзён чатыры вазы патронаў былі прывезены ў партызанскі лагер. Удача акрыліла.
Паслалі яшчэ восем падвод і зноў поспех. Потым яшчэ ажно 20 вазоў нагрузілі боепрыпасамі і прывезлі з гэтага склада. Ахова вяла сябе ціха, нават голасу не падавала, бо вельмі баялася партызан.
Вядома, што такое становішча не магло доўга заставацца ў сакрэце. Аб усім даведаўся камендант Бабруйскага гарнізона і загадаў склады ўзарваць. Калі чутка аб гэтым дайшла да партызан, Маркаў рассмяяўся: «Вось як! – усклікнуў ён. – Калі камендант такі разумны, то цяпер вымушаны будзе выдаваць нам патроны са сваіх складоў, што ў крэпасці. Трэба паслаць туды абоз. Я паеду з ім». Камандзір Свістуноў не згаджаўся, бо думаў, што гэта авантура. Іван вырашыў ехаць пад відам паліцэйскіх. Сфабрыкавалі накладную на імя начальніка глускай паліцыі з адпаведнымі подпісамі і пячаткай, Іван Маркаў з групай паехалі на санях у Бабруйск. Партызаны былі ўзброены аўтаматамі, на рукавах – паліцэйскія павязкі. Удала праехалі ўсе пасты. Пры ўездзе ў крэпасць паказалі накладную на патроны. Іх прапусцілі. Але калі за імі зачыніліся вароты, то нават у самых геройскіх хлопцаў халадок прабег па спіне. Пастка такая, што не выслізнеш. Але ўсё прайшло гладка, шчасліва выехалі з крэпасці. Толькі каля маста цераз Бярэзіну адбылася замінка. Для праезду цераз мост патрэбны быў спецпропуск, а не было такога. Іван выйшаў наперад калоны, і калі паставы запытаў пароль, ён націснуў на курок, немец асеў. Партызаны галопам праскочылі мост. За мастом зацягнулі песню, прыкідваючыся п’янымі. На шашы сустракаліся машыны з нямецкімі салдатамі, але нікому і ў галаву не прыходзіла, што гэта зусім не п’яныя паліцэйскія, а партызаны.
Калі немцы апамяталіся, што патроны забралі партызаны, было ўжо позна, Ваня Маркаў і яго хлопцы былі ўжо ў лагеры.
Неяк сувязная паведаміла, што па вуліцах Бабруйска раз’язджае адкрытая легкавая машына, з якой нямецкія афіцэры раскідваюць лістоўкі. У іх напісана, каб мужчыны ішлі служыць у паліцыю. Праз некалькі дзён па вуліцах Бабруйска кружыла легкавая машына, захопленая партызанамі ў баі, у ёй афіцэр у нямецкай форме раскідваў лістоўкі. Гэта быў Ваня Маркаў. Каля гадзіны ён кружыў па горадзе, і ніхто не падумаў яго спыніць. З лістовак нашы людзі даведваліся аб праўдзе на франтах.
У студзені 1943 года партызаны ўступілі ў бой з нямецкімі карнікамі каля вёскі Дулебы. Дзве гадзіны ішоў бой, немцы насядалі. Тады Іван Маркаў вырашыў прапаўзці цераз поле і выйсці ў тыл да ворага. Немцы былі знішчаны, вёска была выратавана. У гэтым баю Ванюша быў паранены, але спрабаваў шуткаваць, гаварыў, пакуль жаніцца – загоіцца. Але не дажыў Ваня да вяселля. 10 лютага 1943 года ён загінуў каля вескі Мачэск. Цяжка паранены Ваня адстрэльваўся да таго часу, пакуль білася сэрца.
Так загінуў Ванюша Маркаў, любімец клічаўскіх партызан. На магілу Івана Маркава прыходзяць школьнікі, прыносяць сюды кветкі і клянуцца быць гатовымі абараняць Радзіму так, як яе абараняў іх славуты зямляк.
За Клічавам узвышаецца Курган,
Курганам Бессмяротнасці завецца
Той насып рукатворны над зямлёй.
Ён – помнік славы, памяць нашых сэрцаў,
Аб тых, хто засланіў наш край сабой.
Спыніце, людзі, войнаў ліхалецце,
Каб іх не зведаць болей на планеце,
Спыніце смерць свінцовых ураганаў,
Каб больш не насыпаць такіх Курганаў.
І. Іваноў