БИОГРАФИЯ
Шэх Мікалай Рыгоравіч нарадзіўся 24 мая 1924 года ў вёсцы Доўгае, Клічаўскага раёна. За некалькі месяцаў да таго дня, калі мірнае неба Радзімы засланілі нямецка-фашысцкія самалёты, Мікалай Рыгоравіч быў накіраваны на вучобу ў адно з ленінградскіх фабрычна-завадскіх вучылішчаў, каб набыць спецыяльнасць слесара. У той час яму не было і шаснаццаці год.
Прыветліва сустрэў юнака горад на Няве. Яго тут усё захапляла: і шырокія вуліцы, і дамы, якія вызначаліся асаблівай прыгажосцю. Жыхары горада былі чулымі да іншых, спагадлівымі і прыветлівымі.
Мікалай марыў хутчэй набыць спецыяльнасць слесара і адразу ж уліцца ў рабочую сям’ю, застацца працаваць на любым, нават невялічкім заводзе ў Ленінградзе. Вучыўся добра, прагна лавіў на занятках кожнае слова сваіх настаўнікаў.
Нечакана горад ускалыхнула страшная вестка: «Вайна!». Прайшло некалькі дзён, і нямецкія самалеты пачалі бамбіць горад. Гарэлі прадуктовыя склады. Растоплены агнём цукар рачулкамі сцякаў у нізінныя мясціны, дзе вечарамі клубілася пара. Горка было глядзець на ўсе гэта. Балюча станавілася на душы, калі ад асколкаў бомб гінулі ні ў чым невінаватыя людзі.
«Як жывуць цяпер мае аднавяскоўцы, бацькі, калі там наводзяць свой «новы парадак» чужынцы?» – ні на мінуту не пакідала юнака гэтая трывожная думка.
Картачная сістэма размеркавання прадуктаў, лічаныя грамы хлеба на чалавека ў суткі... Вайна прынесла ленінградцам нямала пакут.
Невядома, як склаўся б далейшы лёс Мікалая Рыгоравіча, калі б халоднай зімой 1942 года яго не вывезлі з блакаднага горада па «дарозе жыцця», што праходзіла па Ладажскаму возеру, ва Ульянаўск. Тут хлопца з Клічаўшчыны накіравалі ў мясцовае танкавае вучылішча. Закончыў тэрміновыя курсы і атрымаў спецыяльнасць механіка-вадзіцеля грознай баявой машыны Т-34. У той час гэты танк лічыўся адным з лепшых: быў манеўраным, развіваў патрэбную скорасць, меў нядрэнную ахоўную браню.
Нямецка-фашысцкія захопнікі імкліва прасоўваліся ў глыбіню тэрыторыі нашай краіны. Фронт настойліва патрабаваў свежых савецкіх войск, новай тэхнікі. Рабілася ўсё, каб спыніць ворага. Маладога танкіста накіравалі абараняць Сталінград. Стаяла задача: ні кроку назад. Горад на шырокай Волзе павінен стаць непрыступнай крэпасцю для ворага. I ён перамог.
У дні абароны Сталінграда фашысты падбілі танк М. Р. Шэха. Давялося перасесці ў другі. Падбілі і гэты, затым трэці, які загарэўся. Толькі выпадкова з яго выбраўся механік-вадзіцель.
Мікалай Рыгоравіч удзельнічаў у наступальных аперацыях, будучы ў саставе Першага Украінскага фронта пад камандаваннем маршала I. С. Конева. Яго «трыццацьчацвёрка» пераадольвала водныя і іншыя перашкоды, знішчаючы на сваім шляху магутныя ўмацаванні фашыстаў. А летам 1943 года 162 танкавая Ноўгарад-Валынская, ордэнаў Суворава і Кутузава, Чырвонасцяжная брыгада (25 танкавы корпус), у якой служыў М. Р. Шэх, удзельнічала ў вызваленні горада Кіева. Дзясяткі тысяч фашыстаў знайшлі тут сваю бясслаўную магілу.
Старшына танкавай роты Шэх прайшоў да Прагі, якую вызваляў ад гітлераўцаў вясной 1945 г. Многа страціў па дарогах вайны сваіх франтавых сяброў, з гонарам, да канца выканаў воінскі абавязак перад Радзімай, аднавяскоўцамі.
У Кіеве, які вызваляў Міхаіл Рыгоравіч, ёсць музей баявой славы. Яго экспанаты расказваюць аб франтавым шляху 25 танкавага корпуса. На відным месцы, побач з іншымі, выстаўлена фотакартка ваенных год Мікалая Рыгоравіча Шэха.
У пасляваенныя гады, да выхаду на пенсію, Міхаіл Рыгоравіч працаваў памочнікам капітана вялікага рыбалоўнага аўтаномна-маразільнага траўлера, які рэгулярна выходзіў з горада Мурманска ў далёкія моры на промысел. Колькі б не скітаўся па свету, але родныя мясціны цягнулі яго. У 1990 годзе Мікалай Рыгоравіч вярнуўся з Мурманска і жыў на ст. Мілое. Памёр ён 12 верасня 1999 года.
За мужнасць у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі танкіст быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны першай і другой ступеняў, многімі медалямі.