БИОГРАФИЯ
Родился 27.05.1926 г. Инвалид Великой Отечественной войны. Проживает в городе Славгороде.
С июля 1941 г. по ноябрь 1943 г. принимал активное участие в партизанском движении в Беларуси. В боях был дважды ранен.
В январе 1944 года направлен на учебу в Московское Краснознаменное военно-инженерное училище, а 2 января 1945 года в звании младшего лейтенанта направлен на 4-й Украинский фронт. Командиром саперного взвода 113-го особого инженерно-саперного батальона участвовал в боях на территории Польши и Чехословакии. 23 февраля 1945 года был ранен.
Имеет награды: орден Красного Знамени, два ордена Отечественной войны І степени, медали «За Отвагу», «Партизану Отечественной войны» І степени, «За Победу над Германией».
В послевоенный период с 1948 года по 1951 год служил в органах Госбезопасности Могилевской области. С 1951 года до выхода на пенсию в 1979 году работал в геологоразведке на Колыме, Чукотке, Охотском побережье. В 1991-1995 годах работал председателем Славгородского Совета депутатов.
После выхода на пенсию активно занимается литературной деятельностью.
ВОСПОМИНАНИЯ
Прайшло семдзесят год з той ночы, але кожны раз, як надыходзіць свята – Дзень Чырвонай Арміі, а цяпер Дзень Узброеных Сіл, я вяртаюся ў тую ноч на 23 лютага 1945 года.
…Ішоў апошні год Вялікай Айчыннай вайны. Нашы войскі вялі цяжкія баі за важны стратэгічны пункт гітлераўскай абароны ў перадгор’і Скалістых Татраў – горад Бельска-Бяла на поўдні Польшчы.
Кожны крок уперад даваўся вялікай крывёю. Было мне тады няпоўных дзевятнаццаць гадоў, і пайшоў другі месяц як пасля заканчэння Маскоўскага Чырвонасцяжнага ваенна-інжынернага вучылішча быў я на 4-м Украінскім фронце на пасадзе камандзіра ўзвода 113-га Станіслаўскага ордэнаў Багдана Хмяльніцкага і Чырвонай Зоркі інжынерна-сапёрнага батальёна.
Недзе праз два тыдні пасля ўступлення на пасаду, у бліндажы, дзе адпачывалі салдаты майго ўзвода, сядзеў я ў самоце, гледзячы на франтавы асвятляльны прыбор «Кацюшу» – снарадную гільзу ад саракапяткі з кнотам. Святла мала – копаці шмат. Салдаты храпака задаюць, а мне не спіцца. Гляджу на іх, і адна і тая ж думка мяне гняце: «За што мне гэткае воінства дасталося?! Ні табе сапраўднай выпраўкі вайсковай, ні жвавасці. Сонныя мухі, далі Бог, а не салдаты!»
Адарваў мяне ад самотных думак памкамузвода старшы сяржант Гаўрыкаў, ветэран батальёну. Падышоў да мяне, спытаў дазволу поруч прысесці і ціха гэтак пачаў: «Можа я памыляюся, але здаецца мне, таварыш малодшы лейтэнант, што Вы крыху разгубіліся, як бы ўзялі пад сумненне здольнасці сваіх салдат?» – гаворыць, нібыта думкі мае чытае, і гэткім хатнім голасам, што нават мне зрабілася не па сабе – за каго ён мяне прымае. Я ўжо гатоў быў зрабіць яму заўвагу за нестатутныя паводзіны са сваім камандзірам, але штосьці мяне ўтрымала. А Гаўрыкаў зрабіў выгляд, што нічога не заўважыў, і кажа: «Канешне, выгляд у іх не вельмі страявы, але зноў жа – другі месяц на перадавой. Мяркую, павінны ў хуткім часе змяніць нас, адвесці на адпачынак, тады мы ўсё ў парадак і прывядзём… Якраз перад Вашым прыбыццём камандзіра забіла – лейтэнанта нашага. Амаль год мы з ім бок у бок перадавую пупамі сваімі прасавалі. І ў гразь, і ў снег. Прывыклі да яго… што казаць, сапраўдны быў чалавек, разумеў салдата. Сам прайшоў у поўнай меры салдацкую навуку. У сорак трэцім на Курскай дузе пад Панырамі – чулі, мабыць, пра тое пекла? – замяніў забітага камандзіра. З таго дня ўзводным і застаўся. Потым званне афіцэрскае атрымаў. Не падводзілі мы яго ніколі…».
Доўга мы ў тую ноч з Гаўрыкавым гаварылі. Па праўдзе, дык гаварыў ён, а я слухаў, ды на вус накручваў, бо было чаму павучыцца ў яго. А на наступны дзень – 22-га лютага гэта было – выклікалі мяне ў штаб батальёна. Там я даведаўся, што немцы рыхтуюць контрудар на нашым участку. І з гэтай мэтай падцягваюць танкі і самаходныя гарматы. Атрымаў я тады загад уноч на 23 лютага замініраваць танканебяспечны напрамак у паласе наступлення нашага стралковага палка.
Звычайна супрацьтанкавыя міны сапёры ставяць у распалажэнні сваіх войск. На гэты раз трэба было паставіць міны ўперадзе нашых пазіцый – на нейтральнай паласе. Што казаць, гэта была вельмі важная і небяспечная баявая задача.
Як сцямнела выйшлі мы на заходні рубеж – у акопы стралковай роты. У кожнага салдата па дзве супрацьтанкавыя міны.
Камандзіра стралковай роты я знайшоў у падвале разбуранага снарадамі цаглянага будынка. Удакладніў выяўленыя агнявыя кропкі немцаў, дамовіўся аб агнявой падтрымцы на выпадак, калі нас выявяць немцы. Здаецца, усё, можна пачынаць.
…Застаўся ззаду апошні кулямётны разлік нашай вартавой аховы – мы на нейтральнай паласе. Да немцаў не болей чым сто пяцьдзясят метраў. Нячутна, зліваючыся з мясцовасцю, паўзуць уперад сапёры. Кожны ведае сваё месца, сваю задачу.
На перадавой камандзір узвода заўсёды разам са сваімі салдатамі, і ўсё ў яго з сабой: і штаб, і першы, і другі эшалон, і тылы, і рэзервы, і сам ён увесь на вачах у сваіх падначаленых.
Я паўзу поруч з камандзірам першага аддзялення сяржантам Ягоркіным. Яму ўжо за сорак, бацька траіх дзяцей. Справа ад мяне яфрэйтар Вяпрыцкі. Лёгкі подых ветру з боку немцаў. Гэта спрыяе нам. Мне вядома, што яны ў паўразбураным будынку фальварка за яблыневым садам, у якім нам трэба паставіць міны. На мапе, дарэчы, фальварк так і называецца – «Яблунуўка».
І вось тут, калі пачалі ставіць міны, мне сорамна зрабілася за свае паспешлівыя думкі ў мінулую ноч. Як гэтыя, на першы погляд нязграбныя салдаты, спрытна рабілі сваю справу!
Нам заставалася паставіць апошні шэраг мін – гэта на паўгадзіны як нас выявілі немцы. Узвілася ракета, другая, адразу некалькі і «слова ўзялі» кулямёты. Шчыльнасць агню была такая, што не магчыма было ўзняць галавы, каб нешта бачыць. Адыходзіць нельга, бо ўсе міны пастаўлены. Перадавая на тое і перадавая, каб па ёй стралялі калі і каму захочацца. Не адляжышся, не спашлешся на тое, маўляў, такая страляніна была, што не дала магчымасці выканаць заданне. І салдат гэта добра ведае, таму ўсе працягвалі рабіць сваю справу: хто капаў ямкі пад міны, хто ўладкоўваў туды міны, апошні ў гэтым ланцужку рабіў самую адказную работу – устаўляў узрывацель і маскіраваў міну.
Я заносіў месца пастаноўкі кожнай міны ў фармуляр міннага поля, уціснуўшыся ў невялічкую лажбінку. Мне заставалася нанесці некалькі ўмоўных знакаў, як раптам адчуў балючы ўдар у правае плячо і аловак выпаў з пальцаў. Што здарылася, я адразу зразумеў – куля знайшла мяне. Што рабіць? Перавязку самому не зрабіць, а клікаць кагосьці з салдат – гэта значыць затрымаць выкананне баявога задання, паставіць пад пагрозу жыцці сваіх падначаленых. Агледзеўся я і заўважыў недалёка больш надзейнае сховішча – нешта накшталт канаўкі і запоўз туды. Ляжу, чакаю, калі камандзіры аддзяленняў пачнуць дакладваць аб заканчэнні работы, бо толькі тады я магу даць загад адыходзіць.
Добра, што нас падтрымала пяхота, як і дамаўляліся, гэта нам вельмі дапамагло. Неўзабаве да мяне пачалі падпаўзаць камандзіры аддзяленняў і дакладваць, што міны пастаўлены. Аддаў я загад адыходзіць, а сам паўзці па-пластунску не магу – рука параненая не дазваляе. Паклалі мяне на плашч-палатку і выцягнулі з-пад агню. Спусціліся зноў да камандзіра роты. Там мне зрабілі перавязку. Добра, што куля была не разрыўная, інакш застаўся б я без рукі. Паглядзелі на гадзіннік – трэцяя гадзіна ночы. Выходзіць, што надышло свята – Дзень Чырвонай Арміі. Лейтэнант наліў з біклажкі франтавыя сто грамаў. Мы павіншавалі адзін аднаго са святам, хвілін з пяць пагаманілі і развіталіся.
Немцы на світанку пачалі танкавую атаку, але, згубіўшы на нашых мінах два танкі, павярнулі ўбок, а там нашы артылерысты іх як след сустрэлі.
Вечарам 23 лютага камандзір брыгады палкоўнік Шалепін усяму ўзводу ўручыў медалі «За адвагу». Гэтую салдацкую ўзнагароду атрымаў тады і я і вельмі ганаруся ёй.
Прабыў я два тыдні ў медсанбаце і вярнуўся ў свой узвод. Нас тады якраз на адпачынак адвялі ў другі эшалон. З нагоды майго вяртання старшы сяржант Гаўрыкаў загадаў прапаліць лазню, а калі селі за стол, дастаў трафейнага віна. Салдаты павіншавалі мяне з вяртаннем, весела ўсміхаліся. Я адчуў, што мяне прызналі і прынялі ў сваю франтавую сям’ю. Я быў па-сапраўднаму шчаслівы.
Якія гэта былі цудоўныя салдаты! Дужыя, смелыя, добрыя. Шынялі на іх, як на заказ пашытыя, выпраўка сапраўдная армейская! Шкада мне было з імі развітвацца, калі атрымаў я новае прызначэнне – камандзірам асобнага ўзвода разведкі нашага батальёна.
З таго часу захавалася ў мяне фотакартка, якую зрабіў наш батальённы фатограф. На звароце прозвішчы маіх баявых сяброў – непрыкметных, сціплых «чорнарабочых» вайны, як у той час называлі сапёраў. І толькі не захавалася ў мяне прозвішча лейтэнанта – камандзіра стралковай роты, з якім я сустрэў Дзень Чырвонай Арміі на перадавой уноч на 23 лютага 1945 года. І кожны раз у гэта свята шкадую, што не абмяняліся мы тады адрасамі.
Ф. ШКІРМАНКОЎ, былы камандзір узвода 113-га Станіслаўскага, ордэнаў Багдана Хмяльніцкага і Чырвонай зоркі інжынерна-сапёрнага батальёна.
ФОТО