СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ
Менавіта такі доўгі баявы шлях давялося прайсці па дарогах вайны гэтаму ўжо даволі пажылому, з інеем сівізны на скронях, чалавеку, якога ў вёсцы Ручэй Лапіцкага сельсавета, безумоўна, добра ведае кожны мясцовы жыхар. Узрост напамінае аб сабе, як-ніяк Павел Андрэевіч Усцюгоў размяняў ужо дзевяты дзесятак. Абцяжарваць сябе хатнімі справамі няма ўжо ахвоты, дый здароўе не тое – няхай гэтым займаюцца дачка Нэлі з зяцем Леанідам. Затое дзед ахвотна бавіць час са сваімі малодшымі праўнукамі, а іх у яго ўжо пяць. Самаму малодшаму Максімку няма яшчэ і года – гэта ўнук Пятро абрадаваў старога сваёй лялькай.
– Галасісты хлапчук расце, – задаволена кажа Павел Андрэевіч. – Можа ў дзеда пойдзе па музычнай частцы... Берагу для яго свой гармонік. Падрасце, няхай вучыцца іграць. Навука гэтая не такая ўжо мудрагелістая. Было б жаданне.
Ветэран часта ўспамінае свае абпаленыя вайной маладыя гады. Яму ёсць што ўспомніць і аб чым расказаць сваім унукам і праўнукам, бо прайшоў ён нялёгкімі дарогамі вайны, лічы, ад самага яе пачатку і да канца. Свой аўтограф старшы сяржант Усцюгоў пакінуў нават на сценах рэйхстага, самім логаве фашызму. Але колькі франтавых дзён і начэй давялося перажыць дзеля аднаго гэтага шчаслівага і радаснага дня вялікай Перамогі.
Для маладога навабранца з вёскі Глядзянка, што недзе ў Курганскай вобласці, вайна пачалася пад Масквой у снежні далёкага 41-га, калі якраз нашы войскі ўпершыню адчувальна далі, як гаворыцца, па зубах немцам і пагналі іх ад сталіцы. Зусім яшчэ не абстраляны баец адразу трапіў у дзеючую армію на Цэнтральны фронт. Запомніліся Усцюгову цяжкія баі пад Ельняй, дзе прыняў ён сапраўднае баявое хрышчэнне. Тут атрымаў асколачнае раненне ног і на паўтара месяца быў выведзены са строю, бо трапіў у шпіталь. Прыйшлося яму забыць аб вайсковай машыне ЗІС-5, на якой падвозіў боепрыпасы.
– Малады быў, здаровы. Раны зажылі хутка, – расказвае Павел Андрэевіч. – I можа гэта і лепш, што так сталася, бо потым ваяваў на другой, больш надзейнай машыне – механікам-вадзіцелем танка Т-34. Трапіў я ў 57-ы асобны танкавы полк, што быў у складзе фронту, якім камандаваў Чарняхоўскі. Чатыры месяцы пад горадам Дзям’янаўск, гэта на паўночна-заходнім напрамку, мы стрымлівалі наступленне немцаў. Таксама жорсткія баі там вяліся. Але мне пашанцавала выйсці з той калатнечы, як кажуць, сухім, цэлым. Затое на Курскай дузе мой танк быў падбіты... I на гэты раз пашанцавала, засталіся жывымі. На вайне ўсякае бывала, – працягвае былы франтавік. – Запомнілася сяло Матусава, што на Украіне. Стаяў сакавік 44-га. Такое бездарожжа, гразюка і макрэча. А нам жа трэба было здстойваць гэты рубеж. Умовы невыносныя. Вошы пачалі заядаць. Ну дык я і дадумаўся спаліць разам з імі сваё ніжняе адзенне. Ледзь пад трыбунал не папаў, маглі б і растраляць. Во як!..
Затым было фарсіраванне Буга. Танкіст Усцюгоў вызваляў польскія гарады Холм і Люблін. А пад невялічкім гарадком Пулавы, што паблізу Варшавы, доўга давялося стаяць. Ішла перагрупоўка войск перад рашучым наступленнем. Дзень Перамогі салдат сустрэў у Берліне. I аб гэтам на памяць застаўся франтавы здымак, які ветэран беражэ як дарагую рэліквію.
Даслужваць свой тэрмін пасля вайны франтавік трапіў у ваенны гарадок Лапічы дый так і застаўся тут назаўсёды. Пазнаёміўся з мясцовай дзяўчынай Аленай – згулялі з ёй вяселле. Шмат гадоў са сваёй жонкай Павел Андрэевіч пражыў, як кажуць, душа ў душу, ды, на жаль, ужо даўно няма ў жывых Алены Юльянаўны. Павырасталі іх дзеці. Старэйшая дачка Нэлі з мужам жыве разам са старым бацькам, а сын Валерый – ажно ў Маскве. Служывы чалавек, мае чын генерал-маёра.
– Ваяваць-то мы ваявалі, – з сумам кажа Павел Андрэевіч. – Але нешта нас, ветэранаў, апошнім часам пачалі забываць. Нават з Днём Перамогі не павіншавалі...
Канечне, крыўдна ветэрану, бо ён варты куды большай увагі. За свае баявыя заслугі франтавік мае два ордэны Славы, два – Айчыннай вайны 2-й і 3-й ступеней, медалі «За вызваленне Варшавы», «За перамогу над Германіяй», нямала іншых узнагарод. Да таго ж і на мірным фронце пасля вайны вызначыўся – 40 гадоў запар сумленна адпрацаваў на чыгунцы. Здароўя вам і не зважаць на такія недарэчныя крыўды – трымайцеся салдатам, Павел Андрэевіч!
Босак, М. Ад Масквы – да Берліна / Міхаіл Босак // Асіповіцкі край. – 2004. – № 52. – 2 ліпеня. – С. 2.