ФОТО
СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ
Уладзімір Піліпавіч Няхай нарадзіўся ў год, калі грымнула Кастрычніцкая рэвалюцыя і, зразумела, не ведаў, што яму, як і ўсяму яго пакаленню, давядзецца прайсці праз самае цяжкае выпрабаванне – Вялікую Айчынную вайну. Шмат часу прайшло з яе заканчэння, але ўспаміны аб вайне, праз якую прайшоў з першага да апошняга дня, і зараз прымушаюць хвалявацца ветэрана...
22 чэрвеня 1941 года матарыст Уладзімір Няхай сустрэў у горадзе Клін. З першых дзён вайны 27-ы авіяполк, у якім служыў наш зямляк, стаў часткай супрацьпаветранай абароны Масквы. Цяжка было...
Асы люфтвафэ ваяваць умелі, ды і самалёты нямецкія былі куды лепшымі за нашы, таму страты савецкай авіяцыі былі страшэнныя, А калі «ястрабок» і вяртаўся на базу, то амаль заўсёды быў дашчэнту разбіты – увесь у дзірках, з пашкоджаным маторам, сапсаванымі прыборамі і органамі кіравання. У такіх абставінах умельства механікаў мела вялізнае значэнне. Яны гэта разумелі добра і таму кожную ноч літаральна тварылі цуды: без ангараў і майстэрань, а часта і наогул без неабходных інструментаў, латалі фюзеляжы, рамантавалі сістэмы кіравання, зброю, мянялі рухавікі. А раніцай адрамантаваныя самалёты зноў ляцелі ў бой.
Самалётаў у першыя месяцы вайны не хапала настолькі востра, што, каб выратаваць кожную сапсаваную машыну, механікам даводзілася часам рызыкаваць жыццём...
Прарваўшы фронт пад Ржэвам, немцы хутка рушылі ў наступленне і праз лічаныя гадзіны падышлі да аэрадрома, на якім базіраваўся 27-ы авіяполк. Большасць машын своечасова пераляцела на запасную пляцоўку, але заставаўся яшчэ адзін самалёт, на рамонт якога крыху не хапіла часу. Уладзімір Няхай і яшчэ некалькі тэхнікаў не пакінулі машыну, і, прыслухоўваючыся да нарастаючага грукату бою, ліхаманкава завяршалі рамонт.
Знішчальнік узляцеў у момант, калі нямецкія аўтаматчыкі ўжо беглі да пляцоўкі аэрадрома, а адважныя механікі нейкім цудам прарваліся праз пазіцыі праціўніка і без страт вярнуліся ў сваю часць. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў самыя цяжкія ваенныя месяцы, атрымаў Уладзімір Піліпавіч сваю першую баявую ўзнагароду – медаль «За абарону Масквы».
Пазней 27-ы авіяполк ваяваў пад Ленінградам, змагаўся на Курскай дузе, вызваляў Беларусь, дзе за масавы гераізм атрымаў ганаровае званне «Аршанскі», біў ворага ў небе Германіі і Чэхаславакіі – пра гэты незабыўны шлях сведчаць і ўзнагароды нашага земляка – медалі «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Прагі», ордэн Чырвонай Зоркі.
У пасляваенны час былы авіятэхнік працаваў слесарам механічных майстэрань градзянскага лесапункта Асіповіцкага лясгаса, ажаніўся, вырасціў траіх дзяцей. У мірным жыцці хапала надзённых турбот і хваляванняў, але сярод будзённай мітусні ніколі не забываў ветэран сваіх аднапалчан – інжынераў і тэхнікаў, лётчыкаў – Герояў Савецкага Саюза В.І. Матакова, В.В. Талаліхіна, Д.Л. Калараша, А.Н. Катрыча, камадзіра 27-га авіяпалка І.Д. Клімава, ды шмат другіх, з кім давялося прайсці па доўгіх дарогах вайны. А на стале Уладзіміра Піліпавіча заўсёды ляжыць кніга «Авіяцыя ў бітве пад Масквой», у якой сабраны дакументы і матэрыялы пра яго родны 27-ы знішчальны авіяполк, пра сяброў і саслужыўцаў, пра яго, Уладзіміра Няхая маладосць...
Сергіевіч, А. Аднапалчанін герояў / А. Сергіевіч // Асіповіцкі край. – 2002. – № 15. – 23 лютага. – С. 2.