ФОТО
СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ
Я люблю сустракацца з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, слухаць іх нетаропкія расказы пра сяброў-таварышаў, агні-папялішчы, тыя далёкія грозныя гады, калі рубам стаяла пытанне: жыць надалей Краіне Саветаў альбо не. Такія сустрэчы не могуць не хваляваць, яны выклікаюць гонар за нашага чалавека, які прайшоў у кірзавых ботах, прапоўз на пузе ўсю Еўропу, вызваляючы народы ад карычневай чумы фашызму...
Міхаіл Апанасавіч Калінін нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Калінінцы, што на Кіраўшчыне ў Расіі. Праз тры месяцы памёр бацька, так што яму разам з маці Еўдакіяй Яфімаўнай не салодка прыйшлося. Дапамагаў ёй з дзяцінства, працуючы на свінагадоўчай ферме. Скончыў 6 класаў і марыў вучыцца далей, але прыйшла вайна...
Ён тройчы звяртаўся ў ваенкамат, каб забралі на фронт, і тройчы атрымоўваў адмову: маўляў, паспееш яшчэ, хлопец, паваяваць, калі споўніцца 18 гадоў, пакуль жа – працуй на ферме, там таксама вельмі патрэбны мужчынскія рукі.
У армію Міхаіла прызвалі ў жніўні сорак другога. Курс маладога байца прайшоў пад Кіравам, потым – служба ў Чувашыі. Камандзіры – франтавікі, якія атрымалі цяжкія раненні. Яны і вучылі моладзь неабходнаму на вайне – капаць акопы, хадзіць у атаку, трапна страляць, быць моцным...
I вось – пасадка ў эшалоны: уперад, на фронт. Па дарозе – бамбёжка, і хлопцы ўпершыню на свае вочы ўбачылі забітых, параненых, скалечаных – тых, для каго вайна ўжо скончылася, так і не распачаўшыся...
У складзе стралковага падраздзялення Міхаіл прыбыў у раён Курскай дугі, дзе хутка і разгарнулася жорсткая кровапралітная бітва. Тут і баявое хрышчэнне атрымаў – калі ліквідоўвалі фашыстаў, якія прарваліся на стыку стралковых батальёнаў і спрабавалі захапіць нашы траншэі, замацавацца на вышыні. Тады ж разам з таварышамі і страх пераадолеў, і наогул зразумеў, што ворага можна біць. I гэта ўжо была перамога – над сабой, над няўпэўненасцю ва ўласных сілах.
Колькі потым было баёў – не злічыць. Ды і не вёў ніхто падобных падлікаў, лічылі тады найперш іншае: колькі і якіх вызвалілі гарадоў ды сёлаў ад акупантаў, знішчылі нямецкіх самалётаў, танкаў, гармат. Назаўсёды пакідаючы ў памяці і баявых сяброў, якія навечна засталіся на ратным полі...
– Баёў лёгкіх наогул не бывае, – сведчыць былы воін-вызваліцель, – ты ў любым з іх мог загінуць, нават ад шалёнай кулі ці асколка. Праўда, пра смерць мы тады стараліся не думаць – трэба было загад выконваць. А вось ранення ў жывот баяўся проста панічна...
У памяці былога франтавіка шмат чаго адклалася з тых часін. У тым ліку і бой, калі 4 дні адбівалі шматлікія атакі ворага:
– Спалі тады па 3-4 гадзіны, па чарзе, ад стомы проста з ног валіліся, боепрыпасы канчаліся, а фрыцы ўсё мацней сціскалі кола. Здавалася, што ў тым пекле выжыць немагчыма, але мы стаялі насмерць. I раптам – цішыня настала, ні бамбёжкі табе, ні артабстрэлу, ні свісту куляў. Канечне, скарысталі перадышку па максімуму з карысцю, бо адчувалі, што фрыцы зноў збяруць сілы і палезуць. Так і выйшла. Прычым, у дадатак да моцнай агнявой падтрымкі, з-за чаго галавы ўзняць нельга было, яны і псіхічную атаку арганізавалі, у поўны рост пайшлі на нас. Камандзір аддаў загад не страляць, падпусціць бліжэй, так што пазней ледзь не ва ўпор агонь павялі. Усю назапашаную злосць на ворага тады выплюхнулі, у рукапашнай з гансамі сапёрнымі рыдлёўкамі біліся – губляць нам ужо не было чаго. I гітлераўцы не вытрымалі, пабеглі назад. А мы на іх плячах у чужыя акопы ўварваліся, замацаваліся там, падмогі дачакаліся. Праз якую гадзіну немцы паспрабавалі вярнуць страчаныя пазіцыі, пачалі бомбы кідаць ды з гармат-мінамётаў страляць, і апошняе, што запомніў, – яркую ўспышку, грохат выбуху і штуршок у жывот. Паспеў яшчэ падумаць, што ўсё, адваяваўся салдат – і прыйшла цемра, страціў свядомасць...
Ён апрытомнеў у шпіталі горада Седлец, потым быў адпраўлены ў Рэчыцу. Пасля кантузіі тыдзень нічога не чуў. Марыў біць ворага на яго тэрыторыі, а вайна для Міхаіла працягнулася на бальнічным ложку. У Растове-на-Доне зрабілі дзве аперацыі, стаў інвалідам II групы. А крыху пазней і сустрэча з маці адбылася.
Працаваў франтавік сувязістам у паштовым аддзяленні, у ахове льнозавода, яму яшчэ тройчы рабілі аперацыі. Потым – 23-гадовая служба ва ўнутраных войсках, дзе прыходзілася і зняволеных ахоўваць, і ўцекачоў лавіць. Ганарыцца, што ні разу не пайшоў на здзелку з сумленнем, хаця прапановы неаднойчы паступалі самыя спакуслівыя.
Ажаніўся Міхаіл Апанасавіч у 1950 годзе. Трох дзяцей выгадавалі разам з любай жонкай, якой 5 гадоў таму не стала. Ёсць і ўнукі ўжо, і праўнукі. Калі стала падводзіць здароўе, то звольніўся з міліцыі і набыўшы дом, у 1972 годзе пераехаў у Асіповічы. Парабіў яшчэ колькі ў ахове на заводзе аўтаагрэгатаў.
Так, гэта дзякуючы ім, нашым бацькам ды дзядам, мы жывём пад мірным небам. і мы перад імі ў неаплатным даўгу за ўсё зробленае. I павінны назаўсёды захаваць у памяці нашчадкаў успаміны, праўдзівыя, без аніякіх хітрыкаў расказы простых працаўнікоў вайны і міру. Не можа не радаваць аптымізм, вера ў лепшае такіх людзей, як старшы сяржант міліцыі ў адстаўцы Міхаіл Апанасавіч Калінін. Пры сустрэчы ветэран казаў, што ёсць удзельнікі вайны, у каго і ўзнагарод паболей, і званні афіцэрскія – пра іх, маўляў, трэба пісаць у газету, а ён проста выконваў свой абавязак, заставаўся да канца верным прысязе. Сціпласць, не выпінанне ўласных заслуг – гэта таксама адна з рыс, характарызуючых кавалера ордэна Айчыннай вайны II ступені і шматлікіх медалёў. I колькі яшчэ нашых ветэранаў падобны ў гэтым на Міхаіла Апанасавіча...
Алейнікаў, Г. Айчыны верныя сыны / Георгій Алейнікаў // Асіповіцкі край. – 2004. – № 16. – 27 лютага. – С. 2.