ФОТО
СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ
Вялікая Айчынная вайна. Мінула 65 год, як адгрымелі яе апошнія залпы. За гэты час нарадзілася не адно пакаленне людзей, нанова адбудаваліся разбураныя ворагам гарады і вёскі, зелянее рунь і наліваецца сокам калоссе на палях, дзе 65 год таму вяліся жорсткія баі, дзе нашыя дзяды і прадзеды, плячо да пляча, не згадваючы на нацыянальнасці і вераспавяданне, стаялі не на жыццё, а на смерць, абараняючы свой дом, родных, свае вёскі і гарады, сваю неабсяжную тады краіну Савецкі Саюз ад каварнага ворага – нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Беларусы на абарону Радзімы паўсталі цэлымі сем’ямі: хто на фронце, хто ў партызанскім атрадзе, хто прымаў удзел у падпольнай барацьбе. Не заставаліся ў баку дзеці і падлеткі.
У сям’і Бярозкіных з вёскі Узнога нашага раёна, акрамя Васіля Сямёнавіча, абараняць ад ворага радзіму пайшлі яшчэ трое братоў: Рыгор, Міхаіл і Сямён. Апошні з вайны не вярнуўся. Забрала вайна, можна сказаць, і бацьку, які, пасля ўтрымання ў нямецкім канцлагеры, дамоў вярнуўся з падарваным здароўем.
Сам Васіль Сямёнавіч на фронце апынуўся ў 1943 годзе ў семнаццацігадовым узросце. Ваяваў у складзе 4-га украінскага фронта пад камандаваннем Яроменкі. Быў сувязістам. Вызваляў Польшу, Румынію, Чэхаславакію.
– Вайна закончылася, – прыгадвае ветэран, – калі дайшлі да Прагі.
Праўда, у родную вёску, да сваёй сям’і вярнуўся яшчэ не хутка, толькі ў 1950-м годзе.
– Некаму трэба было несці службу ў арміі, аберагаць нашыя рубяжы, – разважае цяпер Васіль Сямёнавіч, – а хлопцы ж у большасці палеглі на вайне.
Пасля вяртання на радзіму Васіль Сямёнавіч ажаніўся. Стаў працаваць на ферме калгаса імя Дзяржынскага, ды як працаваць! І цяпер у сям’і з гонарам захоўваюць паперы, якія сведчаць аб вялікіх заслугах Васіля Сямёнавіча. Ён ганаровы ветэран працы, жывёлавод 1-га класа, а колькі грамат, падарункаў атрымаў у свой час за высокія дасягненні на вытворчасці, ужо і сам не падлічыць. З павагай гаворыць ветэран і яго дзеці аб цяперашнім кіраўніцтве СВК «Калгас імя Дзяржынскага»:
– Ніколі не адмовяць, калі ў чым маецца патрэба. Адносяцца з павагаю і ўдзячнасцю.
А гэта вельмі важна для чалавека, які ў свой час шмат зрабіў для калгаса.
З жонкай Зояй Андрэеўнай выгадавалі траіх дзяцей: дзве дачкі і сына, маюць пяцёра ўнукаў і ўжо чацвёра праўнукаў. Усе яны частыя госці ў доме, адкуль пайшлі карані: збіраюцца і дапамагчы па гаспадарцы, і адзначыць шчаслівую падзею. А сёлета Васіль Сямёнавіч і Зоя Андрэеўна адзначаць 60-годдзе сумеснага, нялёгкага, але шчаслівага жыцця – у згодзе, радасці, любові і павазе адзін да аднаго, пад бязвоблачным, мірным небам, якое 65 год таму і ён з братамі здабываў.
В. С. Бярозкін узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II-й ступені, медалямі «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй», юбілейнымі медалямі.
Карпенка, А. И поныне в строю / Алена Карпенка // Трыбуна працы. – 2010. – 14 мая.