ФОТО
СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ
Ён заўсёды такі ціхі і непрыкметны – гэты Іван Андрэевіч Арцюшчык. Колькі і ведаю яго, то ён заўсёды ў сваёй летняй форменнай фуражцы чыгуначніка. Дзесьці а палове восьмай гадзіны раніцы мільгане ў натоўпе, што спяшаецца на работу. I потым яго як быццам і няма.
Можна яшчэ яго ўбачыць у час абедзеннага перапынку. Добра, вядома, тое, што жыве ен паблізу ад свайго месца работы.
Апошнія дванаццаць гадоў Іван Андрэевіч працуе токарам у дыстанцыі пуці. Мае за спіною амаль сем дзесяткаў пражытых гадоў. Сам ён жартуе: «Калі з вайною браць, то ў мяне пяцьдзесят пяць гадоў працоўнага стажу». Тут, здаецца, і падлічваць нічога не трэба. Жыццё, а яно даволі складанае і цяжкае было ў яго. прымусіла падлетка вельмі рана ўзяцца за працу. Ніякай работы не цураліся яго рукі: і пілаваў, і сек, і араў, і касіў, і стагаваў. Усё было, але не ведаў яшчэ Іван Арцюшчык, што чакае яго ўперадзе. Ды і ніхто з яго аднавяскоўцаў, а жыў і гадаваўся ён у дзядзькі ў Ліпені, не ведалі, але толькі прадчувалі бяду, і яна не прымусіла сябе чакаць.
У тым далёкім цяпер, але не забытым, 1941-м Івану стукнула толькі пятнаццаць. Чэрвень. Пачатак лета, якое абяцала быць спякотным і ўрадлівым. Рыхтаваліся да сенакосу, а тут – вайна. I ўжо праз колькі дзён у Ліпені з’явіліся немцы. З’явіліся і засталіся, арганізавалі гарнізон, пачалі ўводзіць «свой парадак». Зразумела, нылёгка жыць чалавеку нават пад сваім прымусам, а тут – пад чужым. Адным словам…
У сорак трэцім пайшлі мы разам з дзядзькам у партызаны да Баразны. А у Ліпені фашысты вельмі добра асталяваліся. Сюды, партызаны не прыходзілі – моцны быў гарнізон. Аднойчы яго нават Лівенцаў паспрабаваў узяць, але згубіў чатырох партызан і адступіў. А наш атрад базіраваўся спачатку каля Брыцалавіч, а зімою, здаецца, сорак чацвёртага наш лагер раскінуўся наміж Казіміровым і ІІалядкамі. Якая ў мяне зброя была? Звычайны рускі карабін. У другіх хлопцаў і аўтаматы былі, і нямецкія, і галандскія, і ўсякія другія. Ну, вы ж самі разумееце і ваяваў я як усе. І ў засады хадзілі, ў «рэйкавай вайне» удзельнічаў. Ат, хапіла ліха, Ці варта цяпер успамінаць?
І я веру, што часам Івану Андрэевічу не хочацца ўспамінаць. Калі паглядзіць тэлевізар ці перагледзіць газеты. Але ж таго, што перажыў і што пабачыў, з памяці ну ніяк не выкрасліш. Не ведаю, чаму. Але, пэўна, гэта ўласцівасць памяці: фіксаваць значнае, а на дробязі і ўвагі не звяртаць.
Добра разумею і адчуваю, што галоўны цяжар вайны вынесла на сваіх плячах армія. Выцягнуць на сваіх плячах, на сваіх крыві і поце Перамогу занадта цяжка. Нават самай падрыхтаванай арміі. Толькі наша Чырвоная Армія не была ўжо такой падрыхтаванай, як гэта нам сёння ўяўляецца. А таму і безліч «пахаронак», якія і па сённяшні дзень вярэдзяць душу. Аднак мне і сёння, скажу ад душы, не падабаецца, што некаторыя армейцы вельмі ўжо пагрэбліва адносяцца да партызан. Маўляў, яны такія і сякія. Ведаю, былі ўсякія. Але сумленных, здаецца, было больш. I яны не менш, чым на фронце, любілі сваю Радзіму, сваю маленькую вёсачку, дзе нарадзіліся, дзе пакінулі сваіх родных і блізкіх. А тых за сувязь з партызанамі вельмі проста маглі адправіць ці на вісельню, ці кулю ў лоб. Без падтрымкі партызанаў нашай жа арміі было б намнога цяжэй, і ахвяр таксама было б болей. Узяць хаця б тую самую «рэйкавую вайну». Рызыкуючы сваім жыццём, якую ж вялікую дапамогу аказалі партызаны нашай арміі, калі сваімі дзеяннямі скавалі варожыя камунікацыі перад самымі адказнымі бітвамі, і тым самым захавалі жыццё многіх байцоў на перадавой.
А я вось пытаюся ў Івана Андрэавіча, што ж з вайны яму запомнілася, хто з сяброў у яго загінуў.
– У засаду аднойчы трапілі. З нашага аддзялення ў чатырнаццапь чалавек толькі палова нас засталася. У тым баі загінуў і кулямётчык наш Мікалай Аляксеевіч Бурак. Быў у нас яшчэ старшы лейтэнант Доўнар – імя і імя па бацьку не помню: лес ведаў як свой і ўсюды нас вадзіў. Загінуў. Ордэнам Айчыннай вайны пасмяротна ўзнагародзілі. Вось так. А яшчэ каля Замошша на засаду нарваліся. Аднаго чалавека згубілі. А назаўтра немцы лістоўкі скінулі, быццам шэсць партызанаў знішчылі.
Іван Андрэевіч змоўк. I я не перашкаджаў яму ўспамінаць. Потым зірнуў на мяне сваімі добрымі вачыма: «Маўляў, што яшчэ пытацца будзеш?» і я запытаўся:
– Ну, а як вайна для вас заканчвалася?
– У сорак чацвёртым, калі пачалося вызваленне, мы выйшлі каля Ліпеня. Бачым пяць нашых савецкіх танкаў. Тут мы і злучыліся з Чырвонай Арміяй. Мяне на дзесяць сутак адпусцілі дадому. А калі вярнуўся – прызвалі ў армію. Трапіў я ў трыццаць першы запасны полк у Красны Бераг у вучэбку. На кулямётчыка вучыўся. Станковы кулямёт. Цяжкі такі, зараза. Ну, месяц адбыў і спачатку пад Варшаву кінулі. А потым правей Варшавы. Вельмі ўжо немец хутка адступаў. У баі за плацдарм на Одэры быў паранены ў левую руку. Месяц праляжаў у медсанбаце. А потым 1.181 полк 356 стралковай дывізіі 61 арміі. Ішлі на Берлін, а потым зноў правей нас адправілі. У горадзе Таргау, што на Эльбе, з амерыканцамі сустрэліся. Там, паверце, упершыню і неграў сустрэў. Гэта было каля 10–12 мая. I вось што цікава: паспрабаваў Эльбу пераплысці – на Свіслачы я нядрэнна плаваў. Але не ўдалося – вада была яшчэ халодная. Тады служыў да 1951 года. Вярнуўся ў Ліпень, пайшоў у МТС. Тры месяцы вучыўся на токара. Пасля на месцы працаваў у сельгастэхніцы, а калі яе закрылі – ў калгасе імя Валадарскага. А ў сельгастэхніцы ў нас учотчыкам быў Іван Аляксандравіч Стэльмах. Вы яго добра ведаеце. Ну, і дванаццаць гадоў таму назад прыйшоў у дыстанцыю. Токара не было. Так і жыву. Але, прабачце, мне ўжо час на абед. Сёння чамусьці заказаў многа.
– I мы развіталіся. Па дарозе з дыстанцыі пуці ў рэдакцыю вырашыў праведаць Івана Аляксандравіча Стэльмаха, які ўзначальвае раённае таварыства інвалідаў. Ледзь толькі я загаварыў пра Арцюшчыка, як Іван Аляксандравіч сказаў:
– Ведаю і памятаю. Не трэба мне многа гаварыць. I жаніўся як, і працаваў як. Эмтээс – гэта трактары, машыны. Іх рамантаваць патрэбна. I хай сабе ўжо рабочы дзень закончыўся, а там нейкі вал падвараны трэба абтачыць, Арцюшчык ніколі не пайшоў з работы, пакуль не зробіць заказанае. Такі ўжо гэты чалавек. Пасля, я ведаю, ён у Івана Нічыпаравіча Баразны, старшыні калгаса імя Валадарскага, брата камандзіра партызанскага атрада, працаваў. Рабацяга што трэба.
– Я падзякаваў, развітаўся і пайшоў. Многае думаецца, калі разважаеш пра жыццё нашае, асабліва сёння. Але напярэдадні нашага вялікага свята – дня Перамогі, мне падумалася, што ну ў ніякім разе нельга нам забываць пра тых, хто прынёс нам гэтую Вялікую Перамогу. Ні франтавікоў, ні партызан, калі яны сумленна выконвалі свой грамадзянскі абавязак. Яны варты таго, каб пра іх успаміналі не толькі па святах, але і кожны дзень. I пра Івана Андрэевіча Арцюшчыка таксама.
Цімінскі, А. Ад Свіслачы да Эльбы / А. Цімінскі // Запаветы Леніна (Асіповічы). – 1995. – 8 лютага.