Бартошкін Іпаліт Фёдаравіч

Крычаўскі раён

ВОСПОМИНАНИЯ

Удзел чыгуначнікаў-магіляўчан у аперацыі «Баграціён»

У пачатку красавіка 1944 года Генеральны штаб Чырвонай Арміі прыступіў да планавання наступальнай аперацыі па вызваленні Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. 20 мая Генштаб прадставіў план аперацыі Вярхоўнаму Галоўнакамандуючаму І.В. Сталіну, а 30 мая ён яго зацвердзіў. Аперацыя атрымала кодавую назву «Баграціён», якую далі ў гонар выдатнага рускага палкаводца П.І. Баграціёна.

Да пачатку аперацыі ў складзе чатырох франтоў было задзейнічана 2,4 млн. чалавек, звыш 5200 танкаў і САУ, 36 тыс. гармат і мінамётаў, 5265 баявых самалётаў (Н. Борисенко «Освобождение: от Хотимска до Могилева и Бобруйска». – 2009, 104 с.). Трэба было апрача людзей і тэхнікі падвезці да лініі фронту гаручае, снарады, патроны, прадукты харчавання, і ўсё гэта зрабіць хутка і скрытна. А калі аперацыя пайшла поўным ходам, то патрабавалася штодзённа падаваць франтавікам у сярэднім да 100 цягнікоў з грузамі. Пра вайсковыя аперацыі шырока вядома з дакументальнай і гістарычнай літаратуры, у прыватнасці з вышэйназванай кнігі М. Барысенкі, з кінафільмаў. А пра подзвігі працаўнікоў тылу мы ведаем мала.

Мне пашэнціла пазнаёміцца і сябраваць з ветэранам вайны, працаўніком тылу Бартошкіным Іпалітам Фёдаравічам, які з сотнямі іншых беларускіх чыгуначнікаў у 1943-1944 гадах працаваў на станцыях Крычаў, Магілёў і Асіповічы. Яго аповеды цікавыя, павучальныя, праўдзівыя і па сваёй сутнасці дакументальныя. Яны пацвярджаюць вядомыя радкі паэта А. Недагонава: «Из одного металла льют медаль за бой, медаль за труд».

Перад самай вайной Іпаліт Бартошкін скончыў шосты клас сярэдняй школы чыгуначнікаў у Магілёве. Бацькі яго працавалі на чыгунцы, і ў першыя дні ліпеня 1941 года ён з імі эвакуіраваўся на станцыю Урбах Саратаўскай вобласці. Там Іпаліт скончыў сёмы клас і адразу ж шасцімесячныя курсы аглядчыка вагонаў і слесара па аўтатармазах. У няпоўныя 15 гадоў ён ужо працуе на чыгунцы нараўне з дарослымі.

У кастрычніку 1943 года, як толькі быў вызвалены Крычаў, сям’я Бартошкіных вяртаецца ў Беларусь. Іпаліт, якому толькі што пайшоў сямнаццаты год, працуе на станцыі Крычаў аглядчыкам вагонаў, а з 3-га мая 1944 года яшчэ і вагонным майстрам. Кожнага дня, а часта і ноччу, Іпаліт суправаджае цягнік з ваенным грузам да станцыі Верамейкі, а іншым разам да станцыі Пераможнік – паралельна лініі фронту. Адчапіўшы вагоны, брыгада нейкі час адпачывае. У сонечнае надвор’е Іпаліт звычайна лажыўся на перадок паравоза, папярэдне падаслаўшы пад бок яловых лапак ці альховых ветак, каб пры паступленні каманды адразу ж адправіцца збіраць разгружаныя вагоны. З такім заданнем брыгада спраўлялася за дзве ці тры гадзіны і прыблізна за такі ж час паспявала вярнуцца на станцыю Крычаў. Часцей за ўсё іх там чакаў ужо чарговы састаў з ваенным грузам, і брыгада рабіла новы рэйс.

Сям’я Іпаліта жыла ў 20 метрах ад чыгуначнага палатна, амаль на самай станцыі Крычаў, каля воданапорнай вежы, у пограбе, бо дамоў не было. Сёння на тым месцы пункт тэхнічнага агляду вагонаў. У які-небудзь дзень Іпаліту нават удавалася зайсці дамоў памыцца, паабедаць, а то і паспаць дзве ці тры гадзіны, пакуль за ім прыйдзе нарадчыца, балазе яе дзяжурны пакой знаходзіўся ў 25 метрах ад пограба. Атрымаўшы маршрутны аркуш, Іпаліт адразу ж браў ліхтар, чыгункавы інструмент, сігнальныя сцяжкі і хутка крочыў за дадатковай пайкай харчу па талоне, а потым да дзяжурнага па станцыі, каб даведацца, дзе стаіць цягнік і куды ён пойдзе. І так кожны дзень, дакладней, кожныя суткі: прыходзілася і днём, і ноччу прымаць састаў і ехаць на цягніку да прызначанай на маршрутным дакуменце станцыі.

Са станцыі Цёмны Лес у Крычаў часта вярталіся прабітыя асколкамі снарадаў вагоны. Не адзін раз даводзілася Іпаліту на свае вочы бачыць, як тое здараецца. Станцыя Цёмны Лес ад Дрыбіна, у якім трывала акапаліся немцы, знаходзілася ўсяго на адлегласці пятнаццаць кіламетраў. А самае кепскае было ў тым, што мясцовасць роўная і была ў ворага як на далоні. З Дрыбіна варожыя гарматы пастаянна пасылалі на станцыю Цёмны Лес смертаносныя снарады. Першы свой прыезд на станцыю Цёмны Лес Іпаліт Бартошкін да дробязей запомніў на ўсё жыццё. Вось ягоны аповед:

– Даехалі мы з вайсковым грузам да станцыі Цёмны Лес спакойна. Цягнік спыніў свой ход, і я пайшоў рабіць агляд вагонаў. Вось і апошні вагон – усё ў норме. Ад ваеннага каменданта пакуль што аніякіх каманд. І раптам з боку Дрыбіна пачуліся хлапкі гармат. Галоўны кандуктар цягніка, які стаяў побач са мной, нечакана і вельмі дзіўна стаў прысядаць, паварочваючы галаву ў розныя бакі. Я са здзіўленнем глядзеў на яго. Толькі тады, калі некалькі снарадаў амаль адразу ўзарваліся пасярод штабеляў грузаў, я здагадаўся, што гэта ў яго было ад страху. На шчасце, боепрыпасаў сярод гэтых грузаў не аказалася.

Урэшце паступіла каманда неадкладна адвесці наш састаў у лагчыну, якая знаходзілася непадалёк у кірунку Оршы. У гэтай лагчыне цягнік ужо не будзе бачны назіральнікам непрыяцеля з боку Дрыбіна. Але наш паравоз не мог крануцца з месца, бо машыніст, калі мы прыехалі на станцыю, адключыў тармазны магістраль. Так патрабавала інструкцыя. А пры адключэнні магістралі спрацоўваюць тармазы. Таму вагоны стаялі як укапаныя ў зямлю: колы ад рэек не адарваць. Я пабег уздоўж састава і па чарзе ў кожным вагоне за павадкі стаў адпускаць тармазы. Паціху, паступова састаў пачаў набіраць ход. І ў гэты час пачуўся чарговы залп гармат з боку Дрыбіна. Недалёт. Праз некалькі секунд – другі і трэці прыцэльныя залпы. Некалькі снарадаў узарвалася якраз у тым месцы, на якім да гэтага стаяў наш цягнік. Сэрца міжволі сцялася, пахаладзела ў грудзях – гэта ж была мая і маіх калег-чыгуначнікаў смерць.

У лагчыне мы стаялі, пакуль не сцямнела. І толькі тады нам перавялі стрэлкі на адзін з пуцей чыгункі. Заднім ходам з адным вагонам мы заязджалі на запланаваныя для нас чыгуначныя пуці, адцэплівалі яго ад паравоза і вярталіся за чарговым вагонам. Так працавалі, пакуль не пачынаўся чарговы артабстрэл. Тады мы спынялі паравоз, а як толькі артабстрэл канчаўся, зноўку вярталіся да саставу за чарговым вагонам. Так доўжылася недзе да сярэдзіны ночы, пакуль не паставілі пад разгрузку ўсе да аднаго вагоны. А які груз мы прывезлі, ніхто з нас не ведаў, бо гэта ваенная тайна, і яна строга захоўвалася. Пасля дзвюх гадзін ночы нам загадалі пераехаць на другі канец станцыі ў кірунку Крычава і на ўсіх пуцях сабраць у адзін састаў усе парожнія вагоны. Як толькі ўз’едзем на пуць і асцярожна прыблізімся ўшчыльную да вагона, то на хуткую руку злучаем яго з саставам падчапнымі прыборамі. Такім парадкам аб’ехалі мы ўсе пуці, сабралі ўсе парожнія вагоны і асцярожна, ціхонечка, бо на хуткую руку ненадзейна, вагоны былі злучаны, адправіліся ў бок Крычава. Калі даехалі да раз’езда на 87-м кіламетры, спыніліся і нетаропка прывялі састаў у поўны парадак, а потым злучылі рукавы тармазной магістралі, адкачалі яе і запоўнілі сціснутым паветрам. І калі ўжо апробавалі тармазы, то спакойна, нармальным ходам сталі рухацца да Крычава…

Такія паездкі ў чыгуначнікаў лічыліся нармальным жыццём, бо ішла Вялікая Айчынная вайна, і народ жыў па законах ваеннага часу.

Аднаго дня, у першыя дні чэрвеня, Бартошкіну давялося ехаць з грузам іншым маршрутам – на станцыю Унеча. Туды даехалі без прыгод. Назад вярталіся ўлегцы: да паравоза «Шчука» прычапілі некалькі вагонаў і платформ, а яшчэ зенітную лятучку. Вярталіся днём, надвор’е было ціхае, цёплае. Іпаліту Фёдаравічу гэты дзень запомніўся такім:

– Ляжу я ўвесь час на ветках на перадку паравоза і гляджу наперад, каб часам мы не трапілі на міну, бо за некалькі дзён перад гэтым на рэйках узарвалася міна і загінуў галоўны кандуктар, які знаходзіўся ў вагоне. Міна, магчыма, была яшчэ партызанская. Ды гаварылі, што яе падклалі варожыя дыверсанты. Забіты чыгуначнік быў сябрам майго бацькі. За рэйкамі назіраў я пільна.

Перад Бялынкавічамі, за кіламетр ад цягніка, убачыў двух цывільных, якія нетаропка ішлі ўзбоч чыгуначнага палатна, а потым павярнулі ў хмызняк каля лесу. Мільганула думка: а, можа, гэта дыверсанты? Машыніст, па майму сігналу сцяжком, запаволіў рух цягніка. Калі пад’ехалі да таго месца, з якога зніклі незнаёмцы, то ў хмызняку мы ўбачылі двух мужчын. Адзін з іх паказваў нам рукой на неба. Я глянуў у тым кірунку і ўбачыў у небе, прыкладна на кіламетровай вышыні, двухматорны бамбардыроўшчык «Хейнкель». Нечакана ён схіліўся на правае крыло і, знізіўшыся да паўкіламетра, стаў разварочвацца ў наш бок. Машыніст спыніў цягнік. Я прыгнуў з перадка паравозу і пабег уздоўж паравоза з правага боку да тэндэра. Там залез пад яго, лёг на правы бок і стаў глядзець, што робіць самалёт. А «Хейнкель», нібыта коршун, нясецца ўніз прама на цягнік. Раптам захлопала выстраламі наша зенітка. А з самалёта ў адказ – кулямётныя чэргі і некалькі невялікіх бомб. Адна з іх трапіла ў пясочніцу, а іншыя ўзарваліся ў лясочку справа ад чыгункі. Варожы самалёт рэзка набраў вышыню і схаваўся за гарызонтам. Калі я ляжаў пад тэндэрам, мне ў твар сцебанула струйка пяску. Гэта пасля ўжо я зразумеў, што кулямётныя чэргі пясок раскідвалі.

Мы падумалі, што самалёт вернецца, і разбегліся па кустах, каб далей ад цягніка. Пачакалі крыху. Бамбардыроўшчыка не было бачна і чутна, і мы сабраліся ля паравоза. Пачалі аглядаць. Узарваўшаяся бомба зрушыла пясочніцу з месца. Асколкамі была перабіта цяга запорнага клапана, і таму з трубы паравоза ўверх клубамі струменіў пар. Вось гэта нас і ўратавала ад паўторнага заходу бамбардыроўшчыка. Варожым пілотам паказалася, што яны разбамбілі паравоз. Хтосьці з нашай паравознай брыгады знайшоў невялікі адрэзак дроту і замацаваў ім рычаг запорнага клапану катла паравоза. На манометры паказвала толькі тры атмасферы ціску замест 12. Але нам удалося паціху крануцца з месца, і мы без прыгод дабраліся да станцыі Крычаў…

А за некалькі дзён да пачатку аперацыі «Баграціён» крычаўскія чыгуначнікі прымалі ўдзел у эвакуацыі мірнага насельніцтва з паласы намечаных ваенных дзеянняў.

– На станцыю Пераможнік, – расказвае Іпаліт Фёдаравіч, – наш цягнік прыбыў пад вечар: было яшчэ відна, але сонейка ўжо схавалася за гарызонт. Хутка сцямнела. На станцыі, ззаду будынку дзяжурнага па станцыі, была паляна, якая дугой метраў 200 цягнулася ўздоўж лесу. На ёй табарам размясціліся жыхары навакольных вёсак – Пуцькі, Пераможнік і іншых. У сялян былі рэчы ў мяшках, а некаторыя мелі парасят, гусей, курэй – мірных жыхароў адсялялі. Так пачалася падрыхтоўка да ваенных дзеянняў. Ваенны камендант аддаў загад пачынаць пасадку людзей у вагоны нашага цягніка. Натоўп сялян пачаў рухацца да вагонаў. А ў гэты час з боку Чавус, у якіх знаходзілася нямецкае войска, пачуўся рокат ад нізка ляцячых бамбардыроўшчыкаў. Варожыя лётчыкі скінулі на станцыю і паляну асвятляльныя бомбы-ракеты на парашутах. Стала відна як днём. Сяляне ад цягніка кінуліся бегчы ў лес. Калі варожыя бамбардыроўшчыкі паляцелі назад, ваенны камендант даў каманду прадоўжыць пасадку людзей у вагоны. Ён паклапаціўся і пра тое, каб хто-небудзь не застаўся ў лесе. Мы пайшлі і праверылі: у лесе нікога не было. Урэшце ўсе людзі са сваімі рэчамі і жыўнасцю былі пасаджаны ў вагоны. Ды тут зноў прыляцелі нямецкія бамбардыроўшчыкі і сталі бамбіць паляну, на якой ужо не было людзей. Як толькі самалёты адляцелі на свой аэрадром, ваенны камендант даў каманду неадкладна выязджаць са станцыі і папярэдзіў:

– Зараз будзе зноў налёт нямецкіх бамбардыроўшчыкаў!

І наш састаў пачаў рухацца ў кірунку Крычава. Толькі мы паспелі ад’ехаць за семафор, як зноў коршунамі наляцелі варожыя самалёты і сталі скідваць на станцыю жудасны груз. Мы адразу ж спынілі цягнік, каб не было бачна іскраў з паравознай трубы. І пасажыраў папярэдзілі, каб не карысталіся запалкамі. Мы бачылі: калі бомба ўзрывалася, то ўспыхвала полымя вышынёй уроўні з верхавінамі дрэў. Бамбёжка вялася хвілін 10-15. Усе, хто быў у вагонах, стаялі ні жывыя, ні мёртвыя і думалі: каб толькі лётчыкі цягнік не ўбачылі! А як толькі бамбардыроўшчыкі адляцелі, па станцыі адразу ж стала біць нямецкая артылерыя.

– А мы ў гэты час, – кажа Іпаліт Фёдаравіч, – сталі павольна ад’язджаць да станцыі Верамейкі. Так нам удалося ўратаваць цягнік і мірных жыхароў…

Усе чыгуначнікі, у тым ліку і Бартошкін І.Ф., лічыліся мабілізаванымі. Яны жылі і працавалі па франтавому: ішлі на работу днём і ноччу, зімой і летам, без спецадзення, без выхадных і без водпуску. Працоўны дзень быў неабмежаваны, ён доўжыўся столькі гадзін, колькі было патрэбна для выканання чарговай задачы. Іпаліт Фёдаравіч не раз казаў, што часта паспаць ноччу ўдавалася не болей дзвюх-чатырох гадзін. Харч быў найчасцей усухамятку і ежы заўсёды не хапала: увесь час было адчуванне голаду.

Такім чынам, мы бачым, што дэвіз працаўнікоў тылу: «Усё для фронта, усё для Перамогі!» не быў пустым заклікам, ён не быў толькі загадам зверху, а быў самаахвярна падтрыманы знізу самім народам, усімі людзьмі, ён штодня падмацоўваўся потам, здароўем, а часам і крывёю чыгуначнікаў. Такое трэба помніць вечна!

Кастрычнік 2009 г.

ФОТО