Шалай Міхаіл Дзямідавіч

Кличевский район

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

3 успамінаў партызана 277-й партызанскай брыгады Клічаўскага злучэння Міхаіла Дзямідавіча Шалая, узнагароджанага ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны, медалём «Партызану Айчыннай вайны» I-й ступені і інш.

Мінула ўжо без малага 59 гадоў з таго дня, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. I яна ніколі не забудзецца тымі, хто зведаў яе смяротны подых, цяжкасці і нягоды. Асабліва людзьмі, якія са зброяй у руках сутыкаліся твар у твар з ненавісным ворагам, абараняючы Радзіму, сваю свабоду.

У маёй вёсцы Стаялава ў перадваенныя дні распачалі ўжо праводзіць правадное радыё, і паспелі гэта зрабіць для трох дамоў. I мы адразу ж даведаліся аб нападзенні гітлераўцаў. А тая нядзеля была як па заказу –пагодлівая, з яркім сонейкам.

Як зараз памятаю, што ў небе ўжо праз нейкі час з’явіліся нямецкія самалёты. Па сваіх тэхнічных магчымасцях яны мелі перавагу над нашымі «ястрабкамі», а таму паражалі іх з першай кулямётнай чаргі – яны загараліся і падалі. Балюча было назіраць гэта. А тут яшчэ паявіліся перадавыя варожыя часці.

А перад гэтым мы, камсамольцы, а менавіта Васіль Прастакевіч, Міхаіл Шамаль, Васіль Шамаль і аўтар гэтых радкоў, сабраўшыся ў гумне на хутары Якава Цімафеевіча Шамаля, абдумвалі, што нам рабіць. Найперш вырашылі выбраць старшым нашай групы Міхаіла Альшэўскага, свайго аднагодка, але рослага, дужага хлопца, які толькі што скончыў 9 класаў.

Першай нашай задачай, якую мы паставілі перад сабой, быў збор хоць якой зброі і ўзрыўчаткі. Лазілі па рэках, канавах, гумнах, хутарах з надзеяй знайсці што-небудзь, кінутае пры адступленні нашых вайсковых часцей. Нам трапляліся вінтоўкі, спраўныя і пашкоджаныя, якія мы самі даводзілі да ладу, скрыні з патронамі. I да моманту, калі партызаны ў сакавіку наступнага года разбілі ў г.п. Клічаве нямецка-паліцэйскі гарнізон, у кожнага ў групе ўжо меліся вінтоўка і боепрыпасы да яе.

Узброеныя, мы пачалі дзейнічаць. У той час дарогі ў раёне былі грунтовыя, і ў нізкіх месцах на іх звычайна будаваліся драўляныя мосцікі. Уначы, пачынаючы ад Клічава і да в. Слабодка, а таксама праз раку Рачыца мы спалілі іх, каб стварыць перашкоду для руху фашысцкіх падраздзяленняў.

Мы прымалі ўдзел у падрыве маста на чыгунцы ў в. Патока. Для гэтага скарысталі бомбы, якія, скінутыя з нямецкіх самалётаў, не ўзарваліся. Яны адкапваліся, пагружаліся на фурманкі і падвозіліся да маста, дзе іх дротам прывязвалі да апор, абкладвалі хмызняком і падпальвалі яго. Падарваны, ён упаў на бок.

Пасля гэтага, узяўшы спецключ у пуцявога абходчыка Тарэлкі з в. Малінавае, пачалі разбіраць рэйкі.

Актыўна ўдзельнічаў у аперацыі ўраджэнец в. Стаялава Іван Емяльянавіч Заяц. Нейкім чынам пра гэта стала вядома акупантам. Фашысты хацелі схапіць адважнага юнака, але гэта ім не ўдалося. Тады забралі яго бацьку Емяльяна Конанавіча і аб’явілі: калі з’явіцца ў камендатуру сын, яго адпусцяць. Іван вымушаны быў пакарыцца лёсу і здацца. А восенню 1942 года ён быў расстраляны.

Пад расстрэл трапілі таксама жыхары са Стаялава Пятро Каўшырка, Леанід Шамаль, Павел ІІІамаль, Сямён Шамаль, Міша Альшэўскі, Васіль Бяляк, якіх падазравалі ў нелаяльнасці да акупантаў. Яны былі ў складзе самаабароны, што была арганізавана ў гэтай вёсцы. У ёй налічвалася каля 40 чалавек, узброеных вінтоўкамі. Яе ўдзельнікі дапамагалі партызанам абараняцца ад захопнікаў з боку Бабруйска ў кірунку: Бацэвічы, Зарэчча, Усохі, Дуброва. Спачатку немцы наступалі групамі, і іх адбівалі. Але потым былі ўведзены ў дзеянне авіяцыя і артылерыя. А паколькі сілы сталі няроўныя, партызаны пачалі адступаць ва ўсакінскія лясы. За ракой Вольсай, і паблізу в. Патока, наша самаабарона цалкам злучылася з партызанскім атрадам № 208, якім камандаваў палкоўнік Нічыпаровіч. Для нас пачалося партызанскае жыццё.

Пачыналі з дыверсій і самаабароны : [успаміны партызана Міхаіла Дзямідавіча Шалая] // Сцяг Саветаў. – 2000. – 3 мая. – С. 3.