СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ
Не забываюцца суровыя дні вайны. Вораг таптаў нашу зямлю, сеяў гора і смерць. Гітлераўцы вар’яцелі: спальвалі вёскі, расстрэльвалі мірных савецкіх людзей. Яны ж не скараліся чужынцам, бралі ў рукі зброю і ішлі ў партызаны. Лясныя салдаты не давалі спакою ворагу ні днём, ні ноччу.
Камуністы нашага 278-га партызанскага атрада ў вёсках Клічаўшчыны вялі вялікую масава-растлумачальную работу сярод насельніцтва, усялялі ў людзей веру ў нашу перамогу, заклікалі на барацьбу з заклятым ворагам.
Партызаны часта праводзілі агітвыезды. Добра памятаецца адзін з такіх выездаў, які быў прысвечаны дваццаць пятай гадавіне Чырвонай Арміі.
Быў люты месяц. Снегу насыпала шмат. Стаялі маразы. Мы тады аб’ехалі за тыдзень некалькі вёсак. Усюды выступалі з дакладамі і гутаркамі. Перад світанкам 23 лютага 1943 г. агітбрыгада спынілася ў вёсцы Равок Нясяцкага сельсавета. У пяці кіламетрах ад вёскі размяшчаўся варожы гарнізон. Адтуль раз-пораз узляталі ў паветра ракеты, чуліся кулямётныя чэргі.
Выставіўшы пасты, народныя мсціўцы размясціліся на кароткі адпачынак. Потым адбыўся сход. На яго прыйшла ўся веска. Адказны рэдактар падпольнай партызанскай газеты «Голас партызана» выступіў з дакладам аб падзеях на франтах і гераічнай барацьбе партызан у тыле ворага. Але закончыць даклад не паспеў. Прыбегла жанчына і крыкнула з парогу:
– Немцы!
Блізка чуліся выстралы. Да вёскі калонай рухаліся акупанты. Партызаны хутка занялі абарону. У канцы вёскі ў кювеце залёг Іван Чапуроўскі са сваім станкавым кулямётам. Камандаванне боем узяў на сябе сакратар падпольнага райкома партыи Якаў Іванавіч Заяц. Немчура, гарлапанячы, не защважала небяспекі. Тут жа падалася каманда:
– Па акупантах – агонь!
Завязаўся гарачы бой. Станкавы кулямёт без супынку біў па гітлераўцах. Варожая калона падалася назад. Фрыцы падалі, як падкошаныя. Хто ўцалеў, тыя адыходзілі у лес, адкуль абстрэльвалі вёску.
Падабраўшы трафеі – адзін кулямёт і некалькі вінтовак, – удзельнікі агітпаходу вярнуліся ў партызанскі лагер. Як высветлілася пасля, у гэтым баі былі забіты 12 нямецкіх салдат і адзін афіцэр.
Так была адзначана намі 25-я гадавіна Чырвонай Арміі.
Мацюшонак, М. І словам, і куляй / М. Мацюшонак // Сцяг Саветаў. – 1986. – 22 лютага. – С. 2.
59 гадоў мінула з таго дня, як 20 сакавіка 1942 года аб’яднанымі сіламі партызанскіх атрадаў пад камандаваннем Лівенцава, Юркаўца, Сырцова і Свістунова быў штурмам разгромлены ў Клічаве нямецка-паліцэйскі гарнізон, і наш раён зноў стаў часова савецкім, на гэты раз у тыле ворага “ • Мне гэтая падзея асабліва памятная, пра якую я ўжо неаднойчы распавядаў чытачам раённай газеты. Менавіта дзякуючы ёй я тады быў вызвалены разам з іншымі клічаўлянамі з камеры смяротнікаў, у якой утрымліваліся як заложнікі.
А нас у нямецкім засценку сядзела 12 нявольнікаў, людзей, якія мелі дачыненне да партызан. Сярод нас былі Мікола Сідаровіч, Мікола Мінін, Раманенка і іншыя. Усім пагражала смерць. Нас штодня білі гумавымі палкамі і аблівалі халоднай вадой. Усё дапытваліся пра партызан. Неяк укінулі ў астрог дзяўчыну Аніссю – сувязную партызанскага атрада, якім камандаваў Свістуноў. Яна была схоплена пры выкананні задання. На яе, збітую, было страшна глядзець.
Цяжкія пакуты на допыце зведаў Мікола Сідаровіч. Гітлераўцы дамагаліся ад яго даведацца, чаму ён прыходзіў да мяне на сувязь. Але Мікола не сказаў ні слова, не выдаў падпольшчыкаў.
Наогул акупантам не ўдалося атрымаць звестак аб народных мсціўцах ні ад каго, хто сядзеў у астрозе ў якасці заложніка. Тады яны пайшлі на хітрасць. Пад выглядам партызана пасадзілі ў камеру да нас агента гестапа. Але мы разгадалі намеры ворага – такім чынам ён хацеў выведаць пра партызан, ды не здолеў.
I вось настаў дзень 20 сакавіка 1942 года. Памятаю, на двары пачынала ўжо світаць. Мы праз краты бачылі, як іскрыўся шурпаты снег.
Раптам пачуўся гарматны стрэл. Неўзабаве вакол паліцэйскай казармы і турмы забегалі ўзброеныя людзі з чырвонымі нашыўкамі на шапках. Гэта былі лясныя салдаты – народныя мсціўцы. Казарма была захоплена знянацку і гэта таксама забяспечыла поспех у штурме варожых аб’ектаў. Гітлераўцы не маглі апамятацца, яны ўцякалі хто куды, хаваліся ў цагляным будынку школы.
Першым, памятаю, у астрог забег Пётр Вікторчык, адзін з арганізатараў партызанскага руху на Клічаўшчыне. Ён дзейнічаў рашуча і смела. Яго аўтамат трапна касіў немцаў і здраднікаў. Захапіўшы паперы гітлераўскай камендатуры, Пётр Мацвеевіч адчыніў нашу камеру смяротнікаў. Пры ім стаяў партызан Апанас Лызо, які таксама ўдзельнічаў у разгроме варожага гарнізона.
Мы выйшлі на волю. Радасці не было канца. Усе заложнікі адразу ж уліліся ў партызанскія атрады і дапамагалі ў канчатковым разгроме гарнізона. Быў забіты і правакатар.
Хочацца адзначыць актыўнасць былых партызан, якія дажылі да нашых дзён. Гэта Васіль Счыслёнак, Ганна Шамаль, Міхаіл Рыгоравіч Мацюшонак, Апанас Лызо, Марыя Меляшкевіч, Марыя Шалай, Міхаіл Шалай, Марыя Атрашонак, Міхаіл Казела і іншыя. Іх жыцці і подзвіг – прыклад для сённяшняй моладзі.
Мацюшонак, М. Хадзілі мы паходамі… / М. Мацюшонак // Сцяг Саветаў. – 2001. – 17 красавіка.