Окрут Георгій Ільіч

Глускі раён

ВОСПОМИНАНИЯ

З успамінаў Георгія Ільіча стала вядома, што ў 1947 годзе ў падвале памешчыцкага дома была адкрыта саўгасная хлебапякарня. Першымі яе работнікамі былі:

1. Окрут Георгій Ільіч.

2. Хлістун Таццяна Іванаўна.

3. Сямашка Галіна Дзмітраўна.

Першым загадчыкам хлебапякарні быў яўрэй Шыфрын, потым яго змяніла Ніна Іванаўна Кірыловіч, а на яе месца прыйшла Марыя Антонаўна Жлобіч.

Муку для выпечкі хлеба прывозілі на трактары з горада Бабруйска. Цеста замешвалі ў вялікіх драўляных скрынях. Хлебных формаў не было, пагэтаму буханкі хлеба былі па вазе розныя. Пяклі чорны і белы хлеб па 2–3 кілаграмы кожная буханка.

У хлебапякарні былі дзве печы. У адну печ адразу змяшчалі 120 буханак хлеба. У дзень рабілі дзве выпечкі хлеба.

Хлебапякарня забяспечвала хлебам вёскі Завалочыцы, Сіманавічы, Яўсеявічы, Паляна, Заполле.

Сам Георгій Ільіч нарадзіўся і вырас у вёсцы Яўсеявічы. А маладыя і сталыя яго гады прайшлі ў вёсцы Завалочыцы, таму ён добра ведаў жыхароў і Яўсеявіч, і вёскі Завалочыцы.

Як успамінаў Георгій Ільіч, у гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Завалочыцы стаяў нямецкі гарнізон. У памешчыцкім доме знаходзілася камендатура, начале якой стаяў камендант Фішар. Перакладчыкамі ў каменданта былі нехта Ляскоў і жыхарка вёскі Завалочыцы Ганна Шкода, якая стала перакладчыцай таму, што ў яе было трое зусім малых дзяцей, а іх патрэбна было чымсці карміць. Ды і таму, што добра ведала нямецкую мову. Сваёй перакладчыцкай справай яна зла вяскоўцам не зрабіла, проста перакладала загады немцаў жыхарам навакольных вёсак, якія працавалі ў нямецкай дзяржаўнай гаспадарцы, якой кіраваў немец Вальфздор. А вось Ляскоў займаўся больш важнымі перакладамі.

Як успамінаў Георгій Ільіч, аднойчы немцы завіталі ў вёску Яўсеявічы за харчамі. Яны заходзілі на падвор’і вяскоўцаў і забіралі курэй, гусей, качак, парсюкоў ды кароў. Завіталі яны на двор да старога Гаўрылы Шымчыка. Сын Гаўрылы змагаўся з ворагам на франтах Айчыннай вайны, а яго жонка і шасцёра дзяцей жылі са старым Гаўрылам. Звычайна ніякай ежы ў вялікіх памерах у Шымчыкаў не было, уся надзея была на кароўку. Ну дык вось, немцы зайшлі на двор, забралі кароўку ды пагналі яе ў Завалочыцы. Дзед Гаўрыла разумеў, што без каровы ён з нявесткаю дзяцей не пракорміць і не зберажэ. Нічога не заставалася, як ісці ў Завалочыцы да каменданта. Прыйшоўшы ў камендатуру ўслед за сваёй каровай, Гаўрыла Шымчык звярнуўся да Ляскова і папрасіў яго перакласці сваю просьбу каменданту Фішару. Вось адна толькі гэта размова гаворыць аб тым, якія мудрыя былі нашы продкі. Гаўрыла сказаў Фішару: калі пан ды з паноў — дык кароўку аддасць, а калі пан з мужыкоў — дык кароўкі не аддасць. Мы не ведаем, хто быў Фішар па свайму сацыяльнаму паходжанню, але загадаў негайна аддаць кароўку Шымчыку. Можа ён быў і пан з паноў, а можа і пан з мужыкоў, ды пасароміўся ў гэтым прызнацца.

Дзед Гаўрыла збярог карову і малаком карміў не толькі сваіх унукаў, але дапамагаў малаком дзецям салдатак.

Са слоў Георгія Ільіча запісала бібліятэкар Т. Г. Кулік