Агеева Зінаіда сямёнаўна шышакова паліна паўлаўна

г. Магілёў | Шклоўскі раён

ВОСПОМИНАНИЯ

БЕЛАРУСКІЯ САБАКІ НЕ ЛЮБІЛІ НЕМЦАЎ

Пачатку маёй навуковай цікаўнасці да вывучэння штодзённага жыцця насельніцтва на акупаванай тэрыторыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны паспрыяла вастрыня спрэчак і відавочная супярэчлівасць разнастайных гістарыяграфічных парадыгмаў. Яны выклікалі натуральную дапытлівасць і жаданне разабрацца ў праблеме. Не менш, а можа і больш важнай прычынай цікавасці да тэмы штодзённасці ў гады вайны, было адрозненне кніжнага і побытавага апісання жыцця падчас акупацыі членамі маёй вялікай сям’і. Тое, што родныя распавядалі за чаркай часцяком не ўпісвалася ў мае школьныя стэрэатыпныя ўяўленні аб жыцці пры немцах. Дадзены тэкст складзены на базе захаваных дакументаў, запісаных ўспамінаў маіх родных і сваякоў, а таксама маіх ўспамінаў аб гутарках з членамі маёй сям’і пра падзеі сямідзесяцігадовай даўніны.

Напачатку трэба зрабіць рэмарку аб швейнай машыне, якая сыграла важную ролю ў выжыванні маёй сям’і ў гады вайны. Як яна апынулася ў дзеда і бабулі, я не ведаю, а запытаць, калі яны былі жывы і маглі адказаць, не здагадаўся. Дзед мой па матчынай лініі, Яўген Якаўлевіч Шышакоў, скончыў аршанскі педагагічны інстытут. Прычым быў ён па спецыяльнасці гісторык-географ. Гэтым ён міжволі прычыніўся да таго, што я стаў гісторыкам у трэцім пакаленні і змог дарасці да выкладчыка гістарычнага факультэта МДУ імя А. А. Куляшова. Бабуля, Паліна Паўлаўна Шышакова (Булаўкіна), скончыла ў Оршы педагагічнае вучылішча. І дзед, і баба былі вясковага паходжання і, як у любой тагачаснай сем’і на вёсцы, была ў іх падсобная гаспадарка. Аднекуль з’явілася ў ёй і швейная машына.

Мабілізаваны ў армію дзед Яўген быў ў пачатку мая 1941 года, за два месяцы да нападзення нямеччыны на СССР. З першых дзён і да канца вайны ён знаходзіўся ў Чырвонай Арміі, і сям’я не мела з ім сувязі да 1944 года. А вось дзед, паколькі служыў у сувязі, меў магчымасць праз партызан, а можа праз разведку сачыць за сваімі з «вялікай зямлі». Яму перадавалі весткі, што ўсе жывыя і жонка «паводзіць сябе добра». Гэта сапраўды дапамагала дзеду выконваць свой вайсковы абавязак. З фронту ён вярнуўся з ордэнам Краснай Звязды і баявымі медалямі.

Пакуль дзед служыў, мая бабуля разам з сынам Віктарам і дачкой Святланай – маёй маці – пражывала ў вёсцы Макараўка Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці, дзе бабуля працавала ў мясцовай школе настаўніцай пачатковых класаў. Эвакуіравацца ім не ўдалося, бо калі немцы ўжо падыходзілі да Оршы, загадчык Дубровенскага РАНА не выдаў дакументаў ды яшчэ абвінаваціў маю бабулю, а тады маладую настаўніцу, ў панікёрстве. Пасля гэтага сям’ я пераехала на радзіму мужа ў вёску Лапыры Дубровенскага раёна, дзе занімалася сельскай гаспадаркай. У 1943 годзе ў сувязі з наступленнем Чырвонай Арміі насельніцтва прыфрантавой паласы прымусова эвакуіравалася немцамі на захад. У сваёй аўтабіяграфіі бабуля сцвярджала, што ёй удалося збегчы ад нямецкага канвою і пераехаць жыць на ст. Орша да сям’ і сястры яе мужа. У лютым 1944 года, калі пайшлі чуткі, што жыхароў немцы будуць адпраўляць у лагер, яна з дзецьмі пераехала жыць на сваю радзіму ў вёску Хімы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, дзе зноў жыла з сельскай гаспадаркі.

Да канца жыцця бабуля мела ясны розум і добрую памяць. Вайну яна памятала, але не любіла распавядаць аб ёй. Пра немцаў і партызан яна мне паведаміла няшмат. Вёска Хімы знаходзіцца каля чыгункі Орша – Магілёў, якую немцы пільна ахоўвалі. Сапраўдныя партызаны прыходзілі ў вёску рэдка і ціхенька, каб не сутыкнуцца з аховай, надта людзям не шкодзілі. Немцы ў вёсцы стаялі добрыя, нічога асабліва дрэннага таксама не рабілі. Але аднойчы бабуля расчулілася і пачала казаць аб бандытах, якія абрабавалі іх уначы. Гэта відаць былі яе самыя набалелыя ўспаміны аб вайне.

Як пераехала сям’ я да сястры бабулі Анастасіі ў Хімы, то неўзабаве ноччу рабаўнікі заперлі звонку хату і пачалі абшукваць гаспадарчыя памяшканні. Нехта мабыць выглядзеў, што людзі прыехалі і рэчы з сабой прывезлі. Мае праз акенца бачылі цёмныя постаці ўзброеных людзей, якія лазілі па двару, але зрабіць нічога не маглі, да і, хутчэй за ўсё, баяліся.

Варта адзначыць, што ў гады вайны людзі часцяком хавалі каштоўнасці (харчы, адзенне) не ў хаце, а ў копах сену, ямах, пунях і г.д. Рабілася гэта наўмысна, бо хаты былі маленькія і стандартныя, у іх цяжка было прыхаваць нешта каштоўнае. Днём ў хаты маглі зайсці паліцэйскія, ноччу завітаць бандыты або партызаны і настойліва папрасіць ці проста забраць адзежу, ежу, якіх і самім не хапала. Усе магчымыя месцы схованак тутэйшаму люду былі вядомыя.

Той зімовай ноччу рабаўнікі пасля не надта доўгіх пошукаў знайшлі ў двары схованку з адзеннем, выцягнулі ўвесь прыхаваны скарб, у тым ліку касцюм майго дзеда. Гора было вялікае, бо цяпер не было матэрыі, з якой можна было сшыць што-небудзь на продаж. Дні праз тры вясковы мужчына прынёс гэты самы дзедавы касцюм перашываць да майстра, што жыў з маімі ў суседняй хаце, а працаваў на бабінай швейнай машыне. Бабуля пакруціла цыраваны яе рукамі пінжак і пры людзях сказала, што гэта ж «мужаў касцюм».

Сама Паліна не была вялікай майстрыхай, але сям’ я мела каштоўную на той час прыладу працы – швейную машыну. Таму не дзіва, што ў Хімах знайшоўся не мабілізаваны працаўнік, які добра ўмеў шыць на ёй. Дзед, не дзед, але з распавяду бабулі выходзіла, што немаладога веку. Вось так дзве сям’ і скаапераваліся і дзякуючы машынцы выжывалі. Здольнік працаваў на прыладах працы маёй бабулі. Заказаў хапала. А вось тканіны тады моцна не ставала. Людзі перашывалі ўсялякае рыззё, пераніцоўвалі рэчы па некалькі разоў, а плацілі за гэта харчамі. Дапамагала выжываць і праца ў прысядзібнай гаспадарцы.

Адна з вясковых кабет прыбегла на наступны дзень і ціхенька папярэдзіла сястру бабулі аб небяспецы: «Сама дурная, дык хоць бы дзетак пашкадавала». Анастасія сцяміла, што сястра адной фразай наклікала бяду на сям’ю, бо стала сведкам злачынства, і настрашыла яе. Бабуля, якая даведалася аб мясцовых парадках, не марудзячы пабегла да мужчыны, што прынёс касцюм. Пакуль ён хадзіў за канём пераворваючы палеткі, яна гадзіны тры цягалася за ім на краю поля, прабачалася ды казала, што памылілася. Нарэшце той мужык сказаў: «Ладна, ідзі ўжо да дзяцей». Так быў улагоджаны самы небяспечны за вайну канфлікт. Мая маці і бабуля засталіся жывымі. Толькі і праз шмат гадоў не магла бабуля дараваць ўладзе тое, што пасля вайны рабаўнік зрабіўся партызанам. «Герой» насіў медалі і з гонарам распавядаў аб сваіх подзвігах.

Адразу пасля вызвалення бабулю, як настаўніцу, накіравалі ў Тарчылаўскую школу Яромкаўскага сельскага савета. Дзеці засталіся ў Хімах ў сястры. Першыя пасля вызвалення ад немцаў гады былі самымі галоднымі ў большасці рэгіёнаў усходняй Беларусі. Але пашчасціла маёй маці, дзядзьку і бабулі тым, што дзед Яўген здолеў іх адшукаць і пераслаць свой афіцэрскі атэстат. Па яму сям’я атрымоўвала істотную дапамогу. «Тут мяне Якаўлевіч і адшукаў. Я яшчэ па атэстату палучала 850 рублёў, як зараз памятаю. Ён даслаў атэстат, а я ў ваенкамаце палучала. Так і жыла», – успамінала бабуля. Усё разам і дазволіла дачакацца ў 1945 годзе дзеда з вайны. У наступным годзе дзеда накіравалі дырэктарам Нікіцінічскай школы Шклоўскага раёна. Там яны працавалі і пражылі ўсё жыццё.

Мая цётка па бацькоўскай лініі, Ядвіга Дзянісаўна Агеева, (Завадская) вайну згадвала таксама з нечаканага для мяне боку. Яна разам з маці, сёстрамі і цёткамі ў гады акупацыі пражывала ў пасёлку Коханава Талачынскага раёна. Бацька працаваў на чыгунцы і з пачатку вайны быў мабілізаваны. У маленькай хаце на пераездзе сабраліся ўсе сваячкі. Гаспадаркі амаль не было. А ў сям’і было больш дзясятка рознага ўзросту «дзевак» і ніводнага мужчыны, хаця б маленькага. Выжылі яны толькі дзякуючы нямецкай кухні. Дзетак адпраўлялі да кухараў, і дзяўчынкі сталі галоўнымі карміцелямі сям’і. Фашысты рэшткі ежы аддавалі «кіндарам». Вось толькі назваць гэтых «фашыстаў» фашыстамі цяжка, бо «толькі дзякуючы ім мы і выжылі!» – казала цётка.

Гэтыя ўспаміны, якія не ўкладаліся ў уяўленні савецкага студэнта гістфака аб жыцці пры немцах, падштурхнулі мяне распытаць і іншых сваякоў аб вайне.

Мая маці, Святлана Яўгеньеўна Агеева (Шышакова), нарадзілася ў 1941-м і вайну амаль не памятала. Урэзаліся ёй у памяць толькі лагодныя да яе адносіны маладога нямецкага салдата, які гладзіў яе па галоўцы і частаваў цукеркамі ў Хімах. Бялявыя валасы маленькай прыгожай дзяўчыны мабыць выклікалі ў яго ўспаміны аб нямецкіх дзетках. Яшчэ яе цётка Анастасія згадвала, што пры немцах на маю маці – тады маленькую дзяўчынку – акупацыйныя ўлады нарэзалі палосу зямлі, як на едака.

Успаміны па бацькоўскай лініі былі не такія шчымлівыя. Мой дзед, Іосіф Емельянавіч Агееў, як і дзед Яўген, таксама быў прызваны ў войска яшчэ да пачатку вайны і вярнуўся з фронту толькі ў 1945 годзе. Ваяваў ён дарэчы і на фінскай вайне. Дэмабілізаваўся дзед са ўзнагародамі ў чыне капітана, чым заўжды ганарыўся. Калі дзяды сталі сватамі, то любілі выпіць чарку за Перамогу і цешыліся, што яны такія баявыя і роўныя па франтавому статусу.

Жонка дзеда, Зінаіда Сямёнаўна Агеева (Галубоўская), разам з трыма сынамі Анатолем, Рыгорам (маім бацькам) і Валянцінам засталася ў горадзе Шклове Магілёўскай вобласці ў вялікай не так даўно пабудаванай хаце. Як падышлі немцы, то народ пацягнуўся ў эвакуацыю. Разам з суседзямі пагрузіла баба Зіна пажыткі на калёсы і паехала з дзецьмі на ўсход. Вось толькі далёка яны не ад’ ехалі. Недзе пад Горкамі немцы іх перахапілі і павярнулі назад. Па вяртанні ў Шклоў іх чакала бяда – камсамольцы і вайскоўцы перад уцёкамі спалілі кінутыя хаты. «Шклоў выгарэў да Рагаткі. Прыйшлося нам усю вайну жыць на Ганчарнай (у сваякоў, ці чужой хаце невядома – аўт.). Людзі, што засталіся, свае дамы падпаліць не далі. Баранілі хаты ад тых камсамольцаў. Нашто мы з’ехалі? Мы і пасля вайны такой вялікай хаты не пабудавалі», – з гаркатой памінала яна.

Немцы абвясцілі абавязковую працоўную павіннасць. Усё насельніцтва павінна было вярнуцца на даваенныя месцы працы. Бабулі зноў прыйшлося працаваць у гарадской бальніцы, за што праз многа гадоў дзед пад кепскі настрой мог абазваць яе прыслужніцай фашыстаў. Дарэчы, у пасляваенных анкетах амаль усім беларусам з гарадоў прыходзілася ўказваць, што сваякі працавалі ў перыяд акупацыі. Гэта было пэўнай плямай на біяграфіях іх і іхніх сем’ яў.

Пра немцаў нічога асабліва кепскага бабуля, бацька і яго браты не распавядалі. Наадварот, афіцэр, што кватараваў у іх, быў культурны, выхаваны. Ідылія скончылася, калі старэйшы сын Анатоль сцягнуў у немца пісталет. Навошта ён гэта зрабіў, цяжка сказаць. Беларускія хлопцы нярэдка кралі ў немцаў ежу, прысмакі, за што іх немцы страшылі, збівалі, а часам каралі і больш сурова. Пасля знікнення пісталета ўсю сям’ ю паставілі да сценкі і пагражалі расстрэлам. Усе страшна перапалохаліся, але абышлося, бо дзядзя Толік прызнаўся ў крадзяжы, вярнуў зброю і атрымаў свой выспятак.

Яшчэ адна трагедыя магла здарыцца з маім бацькам Рыгорам Агеевым. У двары, як водзіцца, быў сабака. Ён быў добры да сваіх, але «нямчуру» чамусьці не любіў і заўжды аблайваў. Ці то чужыя пахі, выгляд формы незнаёмы, мо што іншае? Сабака ж не распавядзе. Як смяялася баба Зіна, «беларускія сабакі не любілі немцаў». З-за гэтага вайскоўцы багата сабак пастралялі. Так здарылася і з нашым сабакам. Ён кінуўся брахаць на немца. Той выхапіў зброю, а мой бацька, які дужа любіў пса, з крыкам «не страляй» кінуўся прыкрываць сабой сабаку. У гэты момант і прагучаў стрэл. Сабака быў забіты на вачах мальца, а мой бацька, які зусім крыху не даскочыў да яго, быў лёгка паранены.

Крыўдай бацькі была яго вучоба ў нямецкай школе. У Шклове, як і ў іншых гарадах і многіх вёсках, немцы адкрылі так званыя «народныя школы». Навучацца ў школах былі абавязаны ўсе дзеці з 7 да 14 гадоў, акрамя дзяцей яўрэйскай нацыянальнасці. Для настаўнікаў была ўведзена працоўная павіннасць. Школы былі пачатковыя і з сямігадовым тэрмінам навучання. У іх выкладаліся руская, нямецкая, беларуская мовы, матэматыка, радзімазнаўства (у ім сцвярджалася, што сталіца нашай Радзімы горад Берлін), геаграфія, біялогія, спевы, маляванне, фізічная культура, садоўніцтва і рамёствы. У праграме па беларускай літаратуры засталіся творы М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа, Т. Гартнага і іншых пісьменнікаў. Бацька вучыўся ў школе як заўжды добра. Але пасля вяртання савецкай улады год адукацыі пры немцах у сямігодцы не быў залічаны, і яму прыйшлося пераросткам паўторна вучыцца ў тым жа класе і праходзіць ужо вывучаныя прадметы. Больш за ўсё яму было крыўдна, што ён згубіў адзін год для паступлення ў ваеннае вучылішча.

Аднаго сына бабы Зіны – майго бацьку – немцы цудам не забілі, другога – Валіка – выратавалі. У малодшага сына бабулі Валіка ў вайну быў «заварот кішок». Дзяцёнак ужо канаў, калі баба на калёсах павезла яго ў Магілёў, дзе нямецкі доктар у бальніцы зрабіў яму паспяховую аперацыю. Чымсьці бабка заплаціла за тую аперацыю. Цёця Галя – жонка дзядзі Валіка – не змагла дакладна ўзгадаць чым, але заплаціла. У выніку мой дзядзька пражыў доўгае жыццё, разам з жонкай выгадаваў сына і дачку.

Успаміны маіх сваякоў зламалі мае стэрэатыпныя ўяўленні аб жыцці ва ўмовах акупацыі і падштурхнулі да даследавання тэмы. Сёння яны мне ўяўляюцца этнаграфічнай крыніцай, якая раскрывае механізмы выжывання ў гады акупацыі беларускага насельніцтва. Калі падсумаваць з чаго жылі ў вайну мая радня і сваякі, то атрымоўваецца разнастайная карціна: з сельскай гаспадаркі ў вёсцы, з дапаможнай гаспадаркі ў горадзе, з аплаты за працу ў бальніцы, дзякуючы наяўнасці швейнай машыны, дзякуючы дапамозе немцаў у Коханава, перасылцы афіцэрскага атэстату ў самыя галодныя гады пасля вызвалення. Гістарычная памяць сям’ і таксама паказвае неадназначнасць і супярэчлівасць паводзін акупацыйных войск і партызан ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Падрыхтаваў Агееў А.Р.