ВОСПОМИНАНИЯ
Сын палка Васіль Машнеў
Сустрэча з цікавым чалавекам
Класціся ў лячэбніцу я недалюбліваў, бо яшчэ ў дзіцячыя гады зведаў шкарлятыну, запаленне лёгкіх і тыф, а пазнейшым часам пазнаў скальпель хірурга, ды не аднаго разу. А як жыццё кульнулася на дзявяты дзясятак, давялося самому папрасіцца ў Магілёўскі абласны шпіталь. Хаця і там не маюць запчастак для чалавечага арганізма, і там не могуць павярнуць хваробу да той стадыі, з якой яна пачалася. Але, як гаворыць галоўны ўрач Анатоль Анатольевіч Вяршубскі, прытармазіць розныя балячкі, нават спыніць іх на пэўны час медыкі шпіталя здольныя і робяць усё магчымае для гэтага. А яшчэ тут урачы і медсёстры ды і ўвесь абслугоўваючы персанал адносяцца да старых і нават нямоглых пацыентаў з цярпеннем, разуменнем і павагай. Таму ветэраны вайны і працы аддаюць перавагу шпіталю перад бальніцамі і прыязджаюць сюды штогод. Часцей за ўсё да свайго доктара.
Некалькі гадоў таму трапіў і я ў 2-е тэрапеўтычнае аддзяленне, якое ўзначальвае вопытны ўрач вышэйшай катэгорыі Ірына Васільеўна Шалабодава. Мой ложак у палаце стаяў побач з ложкам былога лётчыка. Калі я павітаўся з ім і назваў сябе, ён адказаў:
– А мяне завуць Васіль Іванавіч, як і Чапаева!
Лётчык падышоў да мяне, моцна, як даўняму сябру, паціснуў далонь маёй рукі і шчыра ўсміхнуўся. Мне падалося, што Васіля Машнева я ведаю ўсё жыццё. Праз некалькі дзён мы сталі ўжо сябрамі. Я пераканаўся, што лётчык, асабліва франтавік, ён і на пенсіі лётчык. Васіль Іванавіч аддаў небу большую палову свайго працоўнага жыцця і цяпер жыве ў Бабруйску. Дактары яму розных дыягназаў у лячэбную картку панакідалі, а ён ходзіць гогалем, усміхаецца і радуецца жыццю. Нездарма людзі гавораць, што аптымісты на дзесяць гадоў жывуць даўжэй. Васіль Іванавіч заўжды радуецца жыццю, ніколі не сумуе. Ён не толькі сам з аптымізмам глядзіць на заўтрашні дзень, а яшчэ іншым маладзейшым за яго дае псіхалагічную падтрымку – розныя павучальныя гісторыі апавядае. А ён, ого, колькі чаго за сваё доўгае жыццё зведаў. Паслухаць яго часценька прыходзілі ветэраны з іншых палат.
Радыст Біськін
– Палохацца хваробы і нават смерці не трэба, бо чаго чалавек баіцца і імкнецца пазбегнуць, тое абавязкова яго напаткае, – даводзіў нам на чарговай гамонцы Васіль Машнеў. – Усе мы госці на гэтай зямлі, бо ўсе людзі смяротныя. Які лёс нам дадзены пры нараджэнні, такі і збудзецца. Калі табе не наканавана памерці раней, не памрэш, нават калі катастрофа адбудзецца.
I Васіль Іванавіч нагадаў нам выпадак, які здарыўся ў вайсковай часці, у якой ён нёс службу.
– Быў у нас радыст Біськін. Намячаўся палёт эскадрыллі. Гэта ўжо ў мірны час. Экіпаж самалёта ўладкаваўся ў кабіне і праверыў прыборы. Усё ў парадку. Паступіла і каманда: узлёт дазволены. А тут радысту Біськіну стала дрэнна. Ён ванітуе і траціць прытомнасць. Радыста на руках выносяць з самалёта і на санітарнай машыне адвозяць у санчасць аэрапорта. Біськіна замяніў начальнік паветранаагнявой службы капітан Кашчэеў. Самалёт адарваўся ад зямлі і ўзняўся ў неба. Эскадрылля паспяхова выканала пастаўленую камандаваннем задачу і пайшла на пасадку. Самалёт, на якім замест Біськіна знаходзіўся Кашчэеў, пры пасадцы разбіўся. Увесь экіпаж загінуў.
Так радысту Біськіну пашэнціла – ён застаўся жывым і без прыгод яшчэ доўгі час служыў у авіяцыі.
Пайшоўшы ў адстаўку, былы радыст завёў уласную гаспадарку блізка каля Гарбацэвічаў і з поспехам займаўся вырошчваннем жыта, бульбы, буракоў і іншых агародных культур, хаця да гэтага не меў ні вопыту, ні ведаў.
Сяло Верхні Мамон
Васіль Машнеў, як і я, штогод наведваецца ў Магілёўскі шпіталь, але зноў сустрэліся мы толькі сёлета. Васіль Іванавіч убачыў палкоўніка Пятра Асмалоўскага і пацікавіўся, як пажывае Арцем’еў.
– Ды тут ён, у шпіталі, разам са мной.
Мы зноўку сустрэліся. Я скарыстаў момант, каб распытаць былога сына палка пра яго нялёгкія франтавыя і мірныя гады жыцця. Васіль Іванавіч аднекваўся:
– А каму гэта цяпер трэба: сёння зусім іншыя ідэалы. Дый навошта пра сябе апавядаць?
– Дарэмна вы так, Васіль Іванавіч. Мне вельмі цікава. Упэўнены, што вашы дзеці і ўнукі з радасцю пачытаюць. Дый многія людзі.
– Мабыць, так яно і ёсць. А я толькі аб сабе падумаў, – згадзіўся нарэшце ён. I мы два дні правялі з ім у гутарках.
Нарадзіўся наш герой 9 красавіка 1929 года ў сяле Верхні Мамон Варонежскай вобласці, якое раскінулася на левабярэжжы глыбокага выгіну Дона ў кірунку Сталінграда. Ніжэй па Дону ў 40 кіламетрах знаходзіцца знакамітая станіца Вешанская. Верхнемамонаўцы называюць яе Вёшкі. Казалі дзецям: «Глядзі там на рэчцы асцярожней, а то давядзецца ў Вёшках багром вылаўліваць». Увогуле, у Верхнемамонаўскім раёне чаргаваліся сёлы і станіцы.
У сёлах жылі рускія, іх станічнікі называлі маскалямі. У станіцах – украінцы. Іх рускія называлі хахламі. У станіцах не было маскалёў, а ў сёлах – хахлоў. Непрыязнь, асабліва ранейшым часам, была вялікая. Здаралася, што і сценка на сценку ў рукапашную сыходзіліся. Калі ў жыхара сяла затупіўся нож, мужык гаварыў: «Такім нажом і хахла не зарэжаш!». А казак звычайна казаў: «Так нож затупіўся, што ім і маскаля не зарэжаш!». Продкі верхнемамонаўцаў – беглыя людзі. Адусюль, былі і з Беларусі.
– Багата беларускіх слоў у нашай гаворцы, – заўважыў Васіль Іванавіч. – Але гэта я потым дазнаўся, калі трапіў у Беларусь. Народ у нашым сяле змешаны. Людзі па складу характару жорсткія, наравістыя. I вельмі свабодалюбівыя. Нашы продкі прыгону не зналі. I фізічна былі вельмі дужыя. Узяць хаця б майго дзеда Васіля Іванавіча (мяне назвалі Васілём у гонар яго).
Чалавек мацней за вала
– Мой дзед Васіль быў як дуб: не вельмі высокага росту, але шырокі ў плячах. Калі мужыкі сяла сыходзіліся, каб паказаць сваю моц, то яго ніхто не мог пакласці на зямлю.
Аднаго дня дзед Васіль запрог вала ў калёсы з высокімі драбінамі і паехаў у дровы. Усклаўшы колькі бярвення і галля, убачыў, што за астаткам у другі раз ехаць у лес няма рэзону. Тады ён і ўсё астатняе ўсклаў на воз.
Вол па сваёй прыродзе жывёліна цягавітая, але бывае, што й натурлівая. Нейкі час вол цягнуў калёсы спакойна, але раптам заўпарціўся. Дзед Васіль спрабаваў яго свежай траўкай падкарміць, нават пасабляў воз скрануць з месца. Потым пугай хлыстаў. А вол ні ў якую. Тады гаспадар плюнуў, распрог вала і прывязаў яго вяроўкай за рогі ззаду да калёс. А сам уздзеў на свае плечы ярмо, узяўся рукамі за аглоблі, напружыўся, потым крактануў і павольна пацягнуў воз. I прывёз яго ў вёску, ні разу не адпачываючы.
Глядзелі людзі і дзівіліся.
Наша сям’я
– Нарадзіўся я ўжо ў калгаснай сям’і. Усяго маці Пелагея Іванаўна нарадзіла пяцёра дзяцей, але двое з іх памёрлі немаўлятамі. Першай, раней за мяне на два гады, нарадзілася сястра Клаўдзія. Пазней, у 1941 годзе – брат Аляксандр. Маці працавала ў мясцовым калгасе на розных работах. Хапала ёй працы і дома. Была яна непісьменная, але ведала на памяць бадай што ўсе песні. I ў яе быў цудоўны голас. На пасядзелках і вяселлях яна была незаменная. Бацька Іван Васільевіч быў маладзейшым за маці на тры гады (яна нарадзілася ў 1904, а бацька - у 1907 годзе). Працаваў бацька рабочым у Верхнемамонскай МТС, якая размяшчалася ў пяці кіламетрах ад нашага сяла. Ён быў таленавіты слесар, токар, электрык. Увогуле, мог выканаць любую работу ў МТС. Бацька памёр ва ўзросце 79 гадоў, а маці – 60 гадоў.
Сястра Клаўдзія вучылася ў школе. Не пытаючы згоды ні ў яе, ні ў бацькоў, яе адвезлі ў рамеснае вучылішча. Там яна атрымала кваліфікацыю электраабмотчыцы і працавала электрыкам на заводзе ў Раменскім пад Масквой. Яе ўжо няма ў жывых.
Брат Аляксандр нарадзіўся ў снежні 1941 года. Немаўляткам зведаў подых вайны. Асколкам яму пашкодзіла вока. Калі скончыў 10 класаў, падаўся ў Харкаўскі інстытут, але яму адмовілі па зроку. Тады ён прыехаў у Бабруйск да мяне і ў лячэбніцы яму зрабілі невялікую аперацыю, далі даведку для паступлення ў навучальную ўстанову. Аляксандр паступіў у Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут і скончыў яго. Працаваў інжынерам у Пружанах, а потым у Баранавічах. Сталічнае начальства, убачыўшы яго здольнасці і адданасць справе, перавяло ў Мінск. Тут ён рупіўся па рамонту будаўнічай тэхнікі ўсёй Беларусі. Памёр ў росквіце сіл ва ўзросце 56 гадоў.
Дзед Васіль Іванавіч выдзяляўся сярод сяльчан сваёй працавітасцю. Якую моц фізічную меў, я ўжо расказваў. А бабуля Еўдакія Антонаўна ўмела загаворваць грыжу ў дзяцей. Як пазней даведаўся, яна яе закусвала.
Маці з бацькам у калгас пайшлі адразу, а дзед з бабай наадрэз адмовіліся. Іх раскулачылі: забралі хату, усю маёмасць і жывёлу. Добра, што не выслалі. Дзед зрабіў зямлянку, і яны жылі ў ёй.
У 1933 годзе быў вялікі голад. Харчаваліся часцей за ўсё травой. На сяле здараліся выпадкі галоднай смерці. Як мы засталіся ў жывых, не ведаю.
Бацька на касьбе
– Бацька Іван Васільевіч штогод падчас жніва браў водпуск у МТС і рабіў касцом у калгасе. Ён па дзеду быў шырокі ў плячах ды яшчэ высокі ростам і да зыходу ў іншы свет аніводнага разу не лячыўся ў дактароў. Не піў гарэлку, не курыў і не заляцаўся да чужых жонак. Вельмі ўжо любіў фізічную працу. У сенакос і жніво вяскоўцы любаваліся, як ён заўсёды першым вёў пракос.
Мне часта даводзілася назіраць яго працу. Косяць мужыкі спелую, ужо высушаную сонцам пшаніцу. Бацька ідзе першым. Як толькі закончылі пракос, усе касцы, хто курыць, хто не, збіраліся ў гурт і рабілі перакур. Бацька не курыў, і ён займаў новы пракос. Якраз спраўляўся прайсці яго поўнасцю, пакуль доўжыўся перакур. А потым, не адпачываючы, зноўку першым у гурце касцоў вёў пракос.
За кожным з касцоў з матком звяслаў на шыі ішла жанчына. Яна рукамі зграбала збажыну ў сноп і скручвала яго звяслам (вязьмом). Цяжэй за ўсё было жанчыне, якая ішла за бацькам, бо ёй даводзілася працаваць удвая больш за іншых жанчын.
Фронт дайшоў да Верхняга Мамона
– У чэрвені 1941 года пачалася вайна з немцамі, якую назвалі Вялікай Айчыннай вайной. Праз год фронт наблізіўся да Дона. Верхні Мамон стаў прыфрантавым сялом. Яго абараняла знакамітая Кантэміраўская гвардзейская танкавая дывізія. Дон у бок Верхняга Мамона рабіў вялікі выгін, які прастрэльваўся з двух бакоў. Фронт стаяў доўга, а вораг так і не здолеў прарвацца да Верхняга Мамона.
Летам 1942 года быў самы крытычны момант. Ваенкамат мабілізаваў у армію ўсіх мужчын, нават сталага веку і бяззубых. Бацька быў белабілетнікам, ды на гэта не звярнулі ўвагі. Касіць збажыну ў калгасе пайшлі падлеткі. Мне было 13 гадоў, і я ўпрогся ў гэтую цяжкую працу. На руках былі мазалі, нылі плечы, ад празмернай напругі каля пупка з’явілася грыжа, але на гэта не звяртаў увагі. Тады ўсе, як адзін, трымаліся дэвіза: «Усё для фронту, усё для Перамогі». У нашай хаце кватараваў малады камандзір адной з вайсковых рот Магільчанка Ілля Данілавіч. Ён быў выдатным фізкультурнікам і мяне трэніраваў штодня. Гэтая закалка рабіла мяне больш вынослівым, што вельмі дарэчы было і ў будучай армейскай службе.
Пошукі бацькі
– Наш бацька служыў у 70-м ваеннадарожным механізаваным атрадзе. Па бяздротавым тэлеграфу да нас дайшла чутка, што бацька знаходзіцца ў сяле Лосева, а гэта ў 70 кіламетрах ад Верхняга Мамона, 15-гадовая сястра Клаўдзія ўзяла мяне з сабой, і мы пешшу пайшлі шукаць бацьку.
Дабіраліся два дні. Быў начлег у райцэнтры Паўлаўску. А калі прыйшлі ў Лосева, аказалася, што вайсковая часць змяніла дыслакацыю. Тут засталася толькі невялікая група салдатаў, якія заканчвалі рамонт тэхнікі. Я стаў прасіцца, каб мяне ўзялі да бацькі. Салдаты пагадзіліся з маёй просьбай:
– Пацана мы забяром з сабой, а дзяўчыну не можам. – I сястра пайшла дадому адна.
Як толькі салдаты закончылі рамонт тэхнікі, мы паехалі ў заходнім кірунку. Дабраліся да сяла Ютанаўка Валаконаўскага раёна. Нам сказалі, што вайсковая часць размясцілася ў калгасным садзе: там тэхніка, там і салдаты.
Я іду басанож, бо ў машыне забыў свае бацінкі. Падыходжу да варот і бачу: між яблынь уздоўж саду стаяць аўтамашыны ў дзве шарэнгі. Глянуў на нумарныя знакі: яны знаёмыя мне, нашай вайсковай часці. А ля варот вартавы стаіць, не пускае.
– Тут мой бацька служыць, – гавару яму.
– Прозвішча?
– Машнеў, – адказваю.
Гляджу і бачу свайго бацьку, які ад адной машыны пераходзіць да другой. Я адпіхнуў вартавога і бягом да бацькі. А ён і ўзрадаваўся, і засмуціўся адначасова: як пакінуць тут сына? А як адправіць аднаго дадому? Пайшоў да камандзіра вайсковай часці. I ён дазволіў застацца. Бацька і салдаты падкармлівалі мяне са сваіх абедаў. З вартавым мы пасябравалі. Яго прозвішча – Апарый. Ён арганізаваў групу салдатаў, і яны пайшлі да камандзіра часці з хадайніцтвам, каб залічыць мяне вайскоўцам. Так стаў я сынам палка.
– I пайшоў я разам з бацькам і салдатамі франтавымі дарогамі: Зянькоў, Радзеч, Ахтырка, Прылукі... 6 лістапада 1943 года Чырвоная Армія вызваліла ад акупантаў Кіеў, і нашу вайсковую часць перакінулі ў сталіцу Украіны. Размясціліся ў ваколіцах Кіева-Пячэрскай Лаўры. Пэўная колькасць салдатаў на заводзе «Арсенал» рамантавалі армейскую тэхніку, а большая колькасць салдатаў разам з чыгуначнікамі будавалі два масты праз Дняпро: чыгуначнікі – ніжэй цячэння, а мы – вышэй цячэння Дняпра. Вайсковая часць будавала высакаводны мост замест часовага. Мне ўжо споўнілася 14 гадоў, і даручылі мне палявую пошту: са старым салдатам ішоў я ў штаб, забіраў там пошту, прыносіў у размяшчэнне часці і разносіў лісты ў роты і ўзводы, раздаваў лісты-трохкутнікі салдатам.
Запомніўся такі эпізод. Салдат Жэрдзеў з суседняга сяла Ніжні Мамон здзівіўся, што лісты ад яго дачкі Паліны прыходзяць занадта ўжо хутка (па палявой пошце яны ішлі звычайна месяцамі). Аказалася, што яна служыць у арміі і з’яўляецца зенітчыцай па ахове гэтага ж маста, што будуе бацька. І яны неўзабаве сустрэліся. Якая гэта была вялікая радасць для іх!
Амаль кожную ноч (немцы не ляталі толькі тады, калі штарміла неба) вораг рабіў налёты на мост, які будаваўся. Спачатку ляцеў нямецкі самалёт-разведчык. Ён выкідваў адзін за другім парашуты, на якіх былі падвешаны ліхтары-пражэктары. Станавілася відна як днём. Але нашы зенітчыкі дружна і метка стралялі па парашутах-ліхтарах, і яны гаслі. Калі нямецкія самалёты падляталі, то зноў была непраглядная цемра, і бомбы скідваліся ўсляпую. Так мост і ацалеў. Сярод зенітчыц была і мая зямлячка Паліна.
Аднаго дня прыйшоў салдат з горада і прынёс сумную вестку: бандэраўцы смяротна паранілі генерала Ватуціна.
А яго, як роднага, любілі ўсе салдаты. I мы ўсе хадзілі, каб з ім развітацца. Развітанне салдат з любімым генералам Ватуціным было на Уладзімірскай горцы. Хадзіў і я. Бачыў, што горад Кіеў ляжаў увесь у руінах. Прайшоў па Крашчаціку: ён быў зруйнаваны.
Былі мы яшчэ на экскурсіі ў Кіева-Пячэрскай Лаўры. Электрасвятла там не было. У падзямеллі ішлі са свечкамі. Я ішоў і баяўся дыхнуць, бо старэйшыя казалі: пагасне свечка, і ты памрэш.
I яшчэ мне запомнілася: побач з нашым штабам размяшчаўся штаб знакамітага генерала-партызана Каўпака.
Мост праз Дняпро будавалі ў некалькі змен: праца кіпела і ўдзень, і ноччу. I вось наступіў дзень, калі будаўніцтва маста ў Кіеве было завершана. Нашу часць неадкладна перакінулі ў Днепрапятроўск. Там таксама будавалі мост пад пастаяннымі бамбёжкамі варожых самалётаў, і не толькі ноччу, але і днём.
Дарога дадому
– Знаходзіўся я ў Днепрапятроўску да восені 1944 года. Не ведаю чаму, а нешта кожную ноч пачалі мне сніцца наша сяло, школа, сябры, я так засумаваў, так мне захацелася ў школу, каб вучыцца. Бацька мяне зразумеў. Яму далі дзесяць дзён водпуску, і ён павёз мяне дадому. Ехалі з вялікімі цяжкасцямі: цягнікі ішлі марудна, а ў вагонах такая цесната, што няма месца, каб ступіць нагой. I мы з бацькам узбіраліся на крышу вагона. А каб не скінуцца, прывязвалі сябе вяроўкай да ветыляцыйнай трубы. І так ўсю дарогу Калі дабраліся да станцыі Калач, мінула ўжо пяць сутак. Мы не паспявалі. Тады бацька пакінуў чамадан і пакунак з рэчамі і сказаў мне:
– Ты ўжо, сынок, стары салдат, дабірайся сам! – I ён з рэчавым мяшком за плячыма хуткім крокам пешшу пайшоў у раённы ваенкамат.
Сяджу я ўзбоч дарогі. Праз нейкі час едзе жанчына на парцы коней.
– Ці далёка вы едзеце? – пытаюся ў яе.
– У Сцяпанаўку.
– Можа б, мяне падвезлі?
– Сідай, хлопча, – кажа яна.
I павезла яна мяне з маім скарбам у Сцяпанаўку. Запрасіла на начлег. Раненька жанчына збегала да суседа, які возіць пошту з вёскі Рускія Жураўкі. I давёз мяне паштальён да Рускіх Жураўкоў, а там другі паштальён – да Ніжняй Гнілушы. Адтуль не было як дабрацца. Тады я пакінуў рэчы на пошце і пайшоў пешшу.
Калі прыйшоў у сваё сяло, то яшчэ застаў дома бацьку: у ваенкамаце яму водпуск прадоўжылі на два дні. Быў я вельмі рады, што паспеў развітацца з бацькам.
Наш бацька
– Бацька зноўку пайшоў франтавымі дарогамі Першага Украінскага фронту. Ён, як і раней, пад бамбёжкай варожых самалётаў будаваў масты. Атрымаў раненне ў каленны сустаў. Падлячылі і зноў у строй. Перамогу сустрэў у Германіі. А потым яго вайсковую часць перакінулі на Далёкі Усход. I ён удзельнічаў у разгроме Японіі. Меў шэраг медалёў і ордэн Айчыннай вайны I ступені.
З вайны бацька прыйшоў у шынялі, а мы сядзім у хаце. Есці няма нічагусенькі. Некалькі нашых аднасяльчан памерлі з голаду, і нам гэта свяціла наперадзе. Бацьку, як франтавіку, далі па пуду хлеба на душу. У муку маці падмешвала бульбянога націння. Елі такі хлеб і выжылі.
Наш бацька зноўку ўладкаваўся на працу ў МТС. Выконваў самыя складаныя заказы, дзе патрабавалася ювелірная дакладнасць, якую вымяралі мікрометрам. Яму было дазволена шліфаваць згібы каленчатага валу. У сваім сяле і ў наваколлі бацька быў паважаным чалавекам.
I вучыўся ў школе, і працаваў у калгасе
З арміі дадому сын палка прыйшоў у ваеннай форме: кравец вайсковай часці па яго росту падагнаў і гімнасцёрку, і штаны, і шапку. У школе нават старэйшыя вучні яму зайздросцілі. Каб не ўраніць гонар, Васіль вучыўся толькі на «добра» і «выдатна», хаця пасля ўрокаў часта даводзілася працаваць у калгасе, бо мужчынскіх рук не хапала. Засталіся ў сяле толькі старыя ды нямоглыя мужыкі.
Летам Васіль працаваў у калгасе як дарослы: касіў сена, збажыну. У Верхнім Мамоне ды і ў суседніх сёлах сярпоў чамусьці не было. Першы раз серп Васіль пабачыў намнога пазней, тады, калі трапіў у Беларусь. Збажыну ў калгасе ўбіралі толькі косамі. Касіць – гэта цяжкая праца нават для дарослых мужчын, а для малалеткі – удвайне. Але хлопец не здаваўся, ён жа салдат, і нёс на сваіх дзіцячых плячах гэты цяжкі крыж. Пазней працаваў на лабагрэйцы разам са сваім сябруком. А потым і на валах араў плугам камяністае стэпавае поле. Праца з раніцы і да цямна. А валы лянівыя: увесь дзень трэба пакрыкваць «Цоб-цабэ, цоб-цабэ!». Ды яшчэ ночка такая кароткая: не паспееш заснуць, а ўжо ўставаць трэба. А спаць вельмі ўжо хочацца...
Нездарма хлопец у свае 17 гадоў быў узнагароджаны медалём «За працоўную доблесць».
У лётную школу
Калі Васіль скончыў 7 класаў сярэдняй школы, у адной з газет на вочы трапіла аб’ява, што Варонежская школа ваенных лётчыкаў аб’яўляе набор навучэнцаў пры поўным дзяржаўным забеспячэнні. Ды патрэбна была згода бацькоў. Бацька згодзен, а маці ні ў якую. А тут яшчэ прыязджае ў водпуск сваячка Марыя Гаўрылаўна. Яна ў ваенным аэрапорце ў горадзе Іванаве водзіць санітарную машыну. Маці ёй і гаворыць:
– Наш сын Васіль хоча стаць лётчыкам.
– Я гэтых лётчыкаў у сваёй санітарнай машыне як забітых, так і пакалечаных перавезла столькі, што іх і злічыць не магу!
Пасля гэтых слоў маці са мной гаварыць пра лётную школу не стала, – расказвае Васіль Іванавіч.
Што рабіць? А маці была непісьменная. Тады бацька напісаў, што ён і маці, абодва, даюць згоду на паступленне сына ў лётную школу і паставіў подпісы – за сябе і за маці. Школа лётчыкаў знаходзілася ў Ліпецку. Вучыцца трэба было тры гады, каб разам з ваеннай падрыхтоўкай засвоіць яшчэ праграму ведаў за 8-ы, 9-ы і 10-ы класы сярэдняй школы. Ваенная школа ў Ліпецку была базай Харкаўскага ваеннага вучылішча, якое знаходзілася ў горадзе Мічурынску Тамбоўскай вобласці.
– Вучылі ў Ліпецку датошна – па 6-7 урокаў, ды яшчэ фізічная і ваенная падрыхтоўка. Кожную раніцу – і ў выхадны дзень таксама – фіззарадка. 15 хвілін пад духавы аркестр на пляцы ў любое надвор’е зімой і летам. Калі ж тэмпература зімой ніжэй 15 градусаў, то замест духавога аркестру – барабанны дроб.
Канікулы
Летам у нас канікулы былі толькі адзін месяц, і то мы іх праводзілі ў лясным лагеры. Спалі ў палатках. Кожнага ранку гучалі пазыўныя пабудкі: та-та-та... А спаць хочацца. Мы павінны былі за некалькі хвілін выскачыць з палатак і стаць у строй. Фізрук Розгін, стары ваяка, стаяў збоку і ўголас падлічваў: засталося тры хвіліны, засталося дзве хвіліны, нічога не засталося:.. Тых, хто спазніўся, ставіў асобна. I пасля зарадкі ён нас адпускаў, а іх муштраваў, ды так, што ў наступныя дні яны прыбягалі першымі. Сам Розгін быў унікальным фізруком. Ён на турніку і на брусах дэманстраваў нам такія ўзоры гімнастыкі, што мы рот разявалі ад здзіўлення. Ён нават мог стаяць на галаве і зняць з сябе вопратку. У мяне з фізкультурай цяжкасцей не было, бо мяне, я гаварыў ужо, здорава натрэніраваў малады камандзір роты Ілля Магільчанка.
У авіяцыйна-тэхнічным вучылішчы ў Даўгаўпілсу
Калі мы скончылі школу ў Ліпецку, да нас прыехалі шэфы з Харкаўскага вучылішча і пачалі адбор навучэнцаў. У ваеннае вучылішча лётчыкаў я трапіў, ды доўга там не затрымаўся. У 1950 годзе мяне спісалі, бо пасля запалення вуха ў мяне знізіўся слых. Я стаў непрыгодзен на пілота. Мяне залічылі ў інжынерна-тэхнічны састаў, і я апынуўся ў Латвіі ў горадзе Даўгаўпілсу ў авіяцыйна-тэхнічным вучылішчы спецслужбаў Дальняй авіяцыі, вайсковая часць №23582.
Як і ў Ліпецкай школе, быў я памкамузвода і старшыной класнага аддзялення, а яшчэ ўдзельнічаў актыўна ў мастацкай самадзейнасці, нават быў ротным запявалам у страі. Аднаго вечара ішоў у вучылішчы канцэрт. Вядучы аб’яўляе:
– Песню выконвае малодшы сяржант Васіль Машнеў!
У зале сядзелі капітан і яго жонка. Паліна сказала мужу Палуніну:
– Няўжо гэта наш зямляк з Верхнемамонаўкі?
Песня ім спадабалася. I мы сустрэліся. Сустрэча была радаснай. Аказалася, што Паліна – былая зенітчыца, якая абараняла мост і ў Кіеве, і ў Днепрапятроўску.
У Беларусь
– У Даўгаўпілсу вучыўся я два гады і атрымаў спецыяльнасць тэхніка па электраспецабсталяванні. Атрымаўшы дыплом, хацеў вярнуцца ва Украіну, але накіравалі ў Беларусь.
Першае маё знаёмства з Беларуссю было раней. Цягніком ехаў я ў горад Нежын. На станцыі Орша наш эшалон стаяў чамусьці доўга-доўга. Рабіць няма чаго. У кіёску купіў газету. Стаў чытаць загаловак: ой, як непісьменна надрукавана – «Звязда». Няўжо такі малапісьменны рэдактар? Чытаю далей: літары рускія, а словы незразумелыя.
Пры размеркаванні нам далі выбар: Гомель ці Бабруйск. У Гомелі аэрадром у некалькіх дзясятках кіламетраў ад горада, а ў Бабруйску – зусім побач. Выбраў Бабруйск. Майму прыкладу паследавалі іншыя. У Бабруйск мы прыбылі цэлым аддзяленнем.
Бабруйск стаў родным горадам
У Бабруйску Васіль Машнеў на аэрадроме служыў 26 каляндарных гадоў. У 1978 годзе пайшоў у адстаўку ў званні капітана. Меў магчымасць даслужыцца да палкоўніка, але нешта не захацелася яму стаць членам КПСС. Пасля арміі ён яшчэ 16 гадоў рабіў электрыкам на бабруйскім «ФанДОКу». За бездакорнае служэнне народу Васіль Машнеў мае ўрадавыя ўзнагароды: ордэн Айчыннай вайны II ступені, медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», медаль «Ветэран Узброеных Сіл СССР» і шэраг юбілейных медалёў.
У Бабруйску Васіль Іванавіч Машнеў ажаніўся і стварыў моцную дружную сям’ю. Жонка Анна Рыгораўна ўзначальвала Бабруйскі рачны флот. У сваіх руках яны трымалі рэчку Бярэзіну і неба над ёй і горадам. Сын Васіль Васільевіч увесь у бацьку – ваенны, служыць у Расіі. Дачка Таццяна захоплена музыкай – яна выкладчыца класа скрыпкі ў музычнай школе Бабруйска. Ансамбль скрыпачоў, якім яна кіруе, выязджаў на гастролі ў Маскву. Ён даваў канцэрты скрыпічнай музыкі нават у Акадэміі расійскага Генштаба. Ведай нашых!
Васіль Машнеў ужо не збіраецца, як раней, вярнуцца ва Украіну, бо яго сэрца прыкіпела да роднай цяпер Беларусі і яна стала яго другой Радзімай.
– Цяпер Беларусь – мая Айчына! – гаворыць ён.
Снежань 2013 г.
ФОТО