ВОСПОМИНАНИЯ
Я нарадзілася ў в. Доўгае ў 1928 годзе. Тая страшная ваенная восень 1943 года ўрэзалася ў маю памяць на ўсё жыццё.
У нашай сям’і было шасцёра дзяцей. Я і старэйшая сястра Анюта да вайны вучыліся ў Доўгаўскай школе. Пачалася вайна, якая абарвала ўсе нашы надзеі. Наша вёска Доўгае ў тыя гады была даволі вялікая, каля двухсот двароў. Кожны дзень людзі жылі ў страху – даходзілі чуткі аб тым, што немцы знішчаюць людзей, грабяць, і паляць вёскі. Але пакуль што бяда абыходзіла нас. Усё лета людзі жылі ў лесе ў куранях, у свае хаты прыходзілі толькі што-небудзь узяць. З надыходам восені спраў прыбавілася, трэба было капаць бульбу, выбіраць буракі. Днямі працавалі на сваіх участках, нанач ішлі ў лес. Было ціха. Людзі пасмялелі так, што ўжо і начаваць заставаліся ў вёсцы.
У той дзень (а гэта было на Пакровы) маці з сястрычкай Палінай пайшла ў вёску, а мы засталіся ў лесе. Раптам пачулася страляніна, збоку Звальні. Як потым даведаліся, немцы ехалі на машынах, і ў балоце загрузлі ў гразі. Кінуўшы машыны ішлі да вёскі і стралялі. Людзі кінуліся да лесу, але не ўсім удалося ўцячы. Цэлы дзень мы ў страху прасядзелі ў лесе, не ведаючы, што здарылася ў вёсцы. К вечару тата сабраўся ісці, але я не пусціла: лепш сама, будзе не так прыкметна. Аглядваючыся, падкралася праз сад да ямы-схованкі, замаскіраванай галлём пад яблыняй і хуценька ўскочыла туды. У непрагляднай яме нехта ціхенька плакаў, не адразу распазнала, што гэта наша Паліна. Яна расплакалася яшчэ больш, і я ніяк не магла дапытацца, дзе маці. Немцаў ўжо не было. Навокал дыміліся, дагаралі хаты, хлявы. Людзі сталі выходзіць з лесу, але маці не было, нідзе не знайшлі і слядоў амаль 100 чалавек вяскоўцаў, якіх захапілі немцы. Было ўжо цёмна, ўсе вырашылі спыніць пошукі.
У лес я не пайшла, да раніцы мы сядзелі ў лазні, якая стаяла за рэчкай. Пад раніцу ў лазню ўскочыла Гаўрыліха з крыкам: «Уставайце, людзей спалілі ў нашай стопцы». Усе выскачылі з лазні і кінуліся да стопкі на краю сяла. Там яшчэ курыліся галавешкі і, прыгледзеўшыся, можна было пазнаць згарэўшыя трупы людзей. Сярод іх я з жахам пазнала і сваю маці. Калі немцы пачалі зганяць людзей у стопку, маці ўдалося непрыкметна піхнуць Палінку ў нашу схованку, а сама вось загінула такой страшэннай смерцю.
Пачало світаць, здалёк пачуўся гул матораў. Немцы! Людзі кінуліся ў лес. Ужо ў гушчары агледзеліся: да вёскі пад’язджалі немцы. Пасля гэтага некалькі дзён мы не набліжаліся да сяла – баяліся карнікаў, бо яны наяджалі досвіткам і позна выязджалі, а ноччу што ўбачыш. Усе гэтыя ночы мужчыны дзяжурылі на ўскрайку лесу на дрэвах, бо з іх было відаць, як на далоні, што робіцца ў вёсцы. Пасля таго, як немцы пакінулі Доўгае, мы ўсе вярнуліся з лесу і пабеглі на вогнішча. Але ніякіх слядоў фашысцкага зверства ўжо не было, валяліся толькі пачарнелыя вілы кругом. Людзі б і не ведалі, куды падзеліся абгарэлыя трупы сяльчан, каб не Гаўрыліха. Яна захацела піць і зайшла да крыніцы, якая была недалёка. Схілілася да вады і спужалася: поўная крыніца была абгарэлых касцей. Людзі абглядзелі ўсе кругом – і ў балоце былі косці. Цяпер мы зразумелі, чаму на вогнішчы ляжалі вілы. Немцы хацелі скрыць сляды свайго злачынства.
Колькі дзен стаяў над вёскай плач – галасілі ўсе аб нявінна загубленых. Былі спалены сем’і Паддубскага Івана, Паддубская Марына, Шэх Мар’я і чацвёра яе дзяцей, Паддубская Ганна, Клепча Матруна, Мароз Гаўрыла, сям’я Бародзічаў, Рогаль Іван і яго сям’я. У гэтым жудасным пекле загінула 37 чалавек.
У 2003 годзе ў вёсцы быў устаноўлены драўляны крыж, а потым і памятны знак у выглядзе камня.
ФОТО
СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ
Другі год ішла жудасная і крывавая вайна. Клічаўшчына, як і сотні іншых куточкаў Беларусі, была акупіравана немцамі. Тут, на нашай роднай зямлі, яны ўсталёўвалі свой «новы» парадак: разбой, крадзяжы, здзекі над мірным насельніцтвам і пажары, бясконцыя пажары. Палілі вёскі разам з людзьмі, не шкадуючы ні дзяцей, ні жанчын, ні састарэлых. Гісторыя Хатыні паўтарылася і ў клічаўскіх вёсачках Вязень і Сялец. Спаленыя ўшчэнт, яны так і не адрадзіліся да жыцця.
Памяць чалавечая... Яна здольная на многае: утрымлівае сотні розных падзей, вяртае ў перажытае. I добра, калі былі яны радаснымі і шчаслівымі, а калі наадварот?
Разоў пяць фашысцкія каты і іх прыслужнікі палілі вёску Доўгае. А дзень 14 кастрычніка 1943 года стаў страшнай трагедыяй у гісторыі гэтага паселішча. Нямецкія варвары, уварваўшыся ў вёску, сагналі жанчын, дзяцей, састарэлых (некаторых нават цэлымі сем’ямі) у варыўню і запалілі яе. Зараз на гэтым месцы вечным напамінам аб бядзе і ў памяць аб ахвярах стаіць мемарыяльны знак.
Марыі Рыгораўне Мароз (да замужжа Клепча) у 1943-м споўнілася 14 гадоў, але, як сёння, памятае яна той дзень, 14 кастрычніка:
– Калі пачалася акупацыя, мы ў асноўным у лесе жылі. Немцы наляталі ў вёску, палілі яе не раз. У нас хата згарэла, дык мы на двары выкапалі яміну, зверху паклалі дзёран, каб не было прыкметна, там і хаваліся. Сям’я ў нас вялікая была: маці, бацька, шасцёра дзяцей. Двое старэйшых і чатыры меншанькіх. Самая маленькая Палінка, ёй паўтара годзіка было. А той дзень я ніколі не забуду. Мы прыйшлі дамоў яшчэ звечара. Намалолі зерня і маці расчыніла хлеб (сям’я ж вялікая, есці трэба). Цераз дарогу ад нашай зямлянкі стаяла варыўня, там і пяклі яго. Раніцай (маці хлеб ужо паставіла) раптам бачым над Звальняй (кіламетры тры ад Доўгага) чорны дым. Праз некалькі хвілін пачуўся гул матораў, і ў бок вёскі сталі рушыць крытыя нямецкія машыны. Зразумелі мы, што да чаго. Маці гаворыць: «Дзеткі мае, уцякайце з бацькам, у лес уцякайце, а я, можа, паспею хлеб вынуць». Мы кінуліся ўцякаць, а мамачка наша з Палінкай засталіся. Схаваліся ў лазняк, ляжым, галаву ўзняць баімся. Ляжалі доўга, толькі выйсці хацелі, з Закуплення зноў машыны, мы зноў у лазняк. Так да самай ночы і сядзелі ў ім. Увосень ночы ўжо халодныя, змерзлі неймаверна.
Вярнуліся ў вёску, бачым, ад варыўні адно папялішча, а аб тым, што там людзі былі, мы ж не ведалі.
Нейкім цудам зацалела лазня, там мы ноч і пераседзелі. А раніцай суседка наша пайшла паглядзець, што ж там на папялішчы, і прынесла жудасную вестку, што там людзей спалілі. Кінуліся мы туды. Божа ж мой, і праўда, нават відаць было, як хто ляжаў ці сядзеў. Я пабегла да нашай зямлянкі, думала, мамка з Палінкай там схаваліся, а знайшла толькі сястрычку, якая ўся сплакалася, а маці не было. Значыць, там яна была, у варыўні, разам з усімі. I раптам чуем, зноў гудуць машыны. Мы ў лес. I так мо з тыдзень не маглі вярнуцца ў вёску. А сэрца ж цягне, там жа родненькія нашы, замучаныя, іх жа пахаваць трэба. Толькі каты гэтыя, мала ім было, што загубілі людзей, дык і пасля смерці спакою ім не давалі. Недалёка ад таго месца, дзе людзей спалілі, цякла невялікая рачулачка. Дык гэтыя нелюдзі трупы туды пакідалі. Мы пасля па рэштачках збіралі нашых аднавяскоўцаў, ад каго што засталося. Мужчыны зрабілі вялікую скрынку, так іх і пахавалі ў адной магіле.
А татка наш пасля на фронт пайшоў, і засталіся мы адны ўсю вайну. Як вызвалілі нас ад немцаў, на тым пажарышчы ніхто нічога ні сеяў і не садзіў, трава расла. А вось зараз знак паставілі. Што перажылі мы, не дай Бог нікому. Як успомню, дык і сёння сэрца маё плача па матулечцы, па вяскоўцах, па ўсіх, хто загінуў, хто даў нам мір і спакой.
Пракаповіч, Л. І плача маё сэрца… / Л. Пракаповіч // Сцяг Саветаў. – 2004. – 6 жніўня.