ФОТО
СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ
З успамінаў жыхаркі вёскі Каменічы, былой настаўніцы Каменіцкай сярэдняй школы, Клаўдзіі Мікалаеўны Галкоўскай:
Нарадзілася 22 мая 1930 года ў вёсцы Вуглата Асіповіцкага раёна. Было мне 11 гадоў, як грымнула вайна. Памятаю нават дакладны час, калі ў сям’і даведаліся аб гэтым. Дзесьці каля 11 гадзін раніцы 22 чэрвеня бацька раптам ні з таго ні з сяго, як нам падалося, успалашыўся. Аказалася, што па радыёпрыёмніку, які ён часта слухаў, паведамілі аб пачатку вайны. Яго вочы, у якіх адлюстраваўся страх, і нечалавечы лямант: «Оля, вайна!».
Каму, як не яму, было ведаць, што нясе з сабою гэтае кароткае, але жахлівае слова: насіла яго па ваенных шляхах-дарогах у грамадзянскую, адкуль вярнуўся інвалідам...Страшная навіна ўмомант разляцелася па вёсцы. Збегліся да нас усе суседзі. Моўчкі слухалі радыё і кожны думаў аб адным: «Што з намі будзе?». I толькі мама, пачуўшы пра вайну, загаласіла: «А мой ты сыночак, першая куля - твая!».
Сярэдні брат толькі што прызваўся ў войска. Дома нават не ведалі, дзе ён знаходзіцца... Адразу ж, у першыя дні вайны, павестка прыйшла і старэйшаму брату, які перад вайной працаваў у Карытным дырэктарам школы.
Сустрэча з немцамі адбылася 30 чэрвеня. У гэты дзень я з мамай і яшчэ некалькі жанчын неслі ў Ялізава прадаваць малако. Было 6 гадзін раніцы, над зямлёю слаўся туман. Калі ён пачаў трохі рассейвацца, мы пачулі нейкі гул. Раптам прама над намі праляцелі самалёты. Прыйшлося схавацца. Так пачалося жыццё з новымі «гаспадарамі» нашай зямлі. На жаль, вельмі часта прыходзілася сустракацца з імі, таму што наша вёска якраз знаходзіцца паміж Свіслаччу і Ялізавам. Як цяжка жылося ў тыя часы! Не хапала ежы. Прыходзілася абменьваць хатнія рэчы на прадукты. Не забываецца і такі жудасны выпадак. Можа, бачылі на станцыі Ялізава помнік? Там пахаваны расстраляныя мірныя жыхары, якіх немцы сагналі сюды, каб адпомсціць за трох сваіх паплечнікаў-галаварэзаў. Яны загінулі падчас бою з партызанамі, што адбівалі на станцыі фашысцкі эшалон з правіянтам. На жаль, цягнік усё ж такі прарваўся тады, пайшоў на Магілёў...
Так і жылі, увесь час думалі аб хутчэйшым вызваленні. Верылі, што нашы войскі ўсё роўна дойдуць да Берліна. У маім паняцці перамогу сама сустракала тройчы. Першы раз – калі немцы раптам некуды зніклі, а мы, не ведаючы, што будзе з намі, таксама пакінулі вёску, як ужо не аднойчы рабілі, каб схавацца ў акопах. Седзячы там і адчуваючы набліжэнне перамогі, марылі, хто чым будзе займацца пасля вайны. Сястра кажа: «Я пайду ў школу, вучыцца хачу». Мне ж хацелася хутчэй на работу ўладкавацца, таму і выпаліла: «Зараблю грошай, куплю два боханы хлеба і наемся!..».
Другі раз прыйшло разуменне, што хутка канец вайне, калі прарвалі «бабрускі кацёл».
I – трэці, калі ўжо ў школе вучылася. Сядзім на ўроку, чуем – доўгі званок пасярод заняткаў. Хто звоніць, чаго? Потым пачуўся камандзірскі голас дырэктара (ён інвалідам быў, з войска да нас прыслалі): «Выходзьце ўсе!». Куляй вылецелі з класаў на школьны двор, дзе нас чакалі прадстаўнікі шклозавода. Яны прынеслі радасную навіну: «Перамога, дзеці! Перамога!». Што тут пачалося... I слёзы былі, і радасць!..
Вікторчык, Н. «Зараблю грошай, куплю два боханы хлеба і наемся!» / Лілія Астрашонак, Ангеліна Прыходзька, Ніна Вікторчык // Асіповіцкі край. – 2010. – №38.