Шаршукоў Станіслаў

г. Магілёў

ФОТО

ПЕРСАНАЛІЯ: Шаршукоў Уладзімір Дзмітрыевіч

Неўміручае...

...Дождж халоднымі кроплямі ў апошні раз абмываў іх твары, вецер здзімаў з іх пыл, каб крыху чысцейшымі прыйшлі яны на нябёсы. Штрафнікі ішлі па мінным полі. Ішлі, каб ачысціць шлях для іншых. Чаму менавіта яны? Хто яны? Палітзняволеныя? Бандыты? Здраднікі? А можа, гэта і былі сапраўдныя героі Вялікай Айчыннай вайны?

Як раней, так і ў наш час нярэдка можна пачуць пра тое, што не засталося нічога сапраўднага, што пахавалі мы яго недзе ў мінулым. Кажуць, што не тая зараз моладзь, што няма ў нас сапраўднага кіно, ні сапраўднай музыкі, што не ведаем мы гісторыю краіны, не захоўваем у сваёй памяці тыя ці іншыя падзеі.

А памяць, у тым ліку памяць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, вечна жывая. Магчыма, гэта часцінка нашага сэрца, гэта часцінка нас саміх.

Але ж бліжэй да тэмы. Мой прадзед – капітан Савецкай Арміі Шаршукоў Уладзімір Дзмітрыевіч. Ён быў сапраўдным афіцэрам, які аддана служыў Радзіме. Але раней я ніяк не мог зразумець, чаму ж тады ён загінуў не па-геройску. Ведаў, што гэта несправядлівасць, проста жарты лёсу. І вось два гады таму назад я паглядзеў цудоўны фільм «Штрафбат». Гэты фільм стаў для мяне нечым большым, чым проста стужка пра ваенныя падзеі. Ён дапамог мне знайсці адказы на многія пытанні, бо лёс майго прадзеда вельмі падобны да лёсу галоўнага героя аповесці – маёра Цвердахвалава.

Дык чаму ж так здарылася, што мой прадзед трапіў у штрафбат? Адказ наколькі просты, настолькі і складаны. Усё гэта адбылося з-за таго, што, згодна са «знакамітым» загадам №227, усе, хто вяртаўся з фашысцкага палону, аўтаматычна станавіліся здраднікамі. Ці ж дзеля гэтага бацька майго дзядулі без ежы і вады выбіраўся з варожых ціскоў? Ён ішоў да сваіх, каб зноў стаць у рады змагароў за Радзіму, а аказалася... Ад яшчэ чужых ён прыйшоў да ўжо чужых.

Якім жа паўстае з успамінаў маіх родных прадзед? За мужнасць і адданасць Радзіме яшчэ ў Фінскую вайну капітана Шаршукова ўзнагародзілі імянным наганам. Не так проста ў той час было атрымаць ад камандавання такую ўзнагароду. Пасля мой продак прымаў удзел у вызваленні Заходняй Беларусі. Затым служба. І вось восенню 1940 года ён вяртаецца ў родныя Галавічы, дзе яго доўгі час чакала жонка і двое сыноў. Радасць сустрэчы была нядоўгай, бо ў студзені 1941 года майго прадзеда зноў заклікалі ў рады Савецкай Арміі. Яго гарнізон стаяў у Бабруйскай крэпасці. У першыя дні вайны яны атрымалі адзіны толькі загад: стрымаць, на колькі магчыма, гітлераўскіх акупантаў. Абаронцы трымаліся, як маглі, да афіцыйнага загаду аб адступленні. Капітан Шаршукоў імкнуўся адвесці салдат назад, але нічога з гэтага не атрымалася. Куды ні кінь – усюды немцы. Капітан і яго салдаты, апынуўшыся ў кальцы, трапілі ў палон. А далей...

Пасля ўсяго гэтага засталося толькі адноправа: ваявацьу штрафбаце. Мой прадзед ваяваў з аднолькавай адданасцю як у звычайнай вайсковай часцi, так і ў штрафбаце, бо быў ён сапраўдным чалавекам. Такім жа паказваецца і Васіль Сямёнавіч Цвердахлебаў у мастацкай стужцы «Штрафбат». Ён не баіцца спрачацца з камандаваннем у штабе і адстойвае інтарэсы сваіх байцов – штрафнікоў. Мой прадзед таксама перанёс на сябе вялікі псіхалагічны цяжар штрафніка.

І не адна ці дзве, і не дзесятак такіх баявых адзінак было ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 1049 штрафных рот, 1049 рот смертнікаў. Ніхто не хацеў паміраць, аднак смела ішлі ў рукі смерці. Хтосьці з іх сустрэўся з смяротнай пагрозай ужо ў першым баі, нехта – у другім, а некаторыя – у апошнім. Ніхто з нас не ведае дакладна, на якой зямлі зрабіў апошні ўздых капітан Шаршукоў Уладзімір Дзмітрыевіч. Толькі богу гэта вядома. Можа, на палях зруйнаванай суседкі Польшчы, можа, дзе на Нямеччыне, а можа, і на прасторах нашай сінявокай Беларусi. Зямля для ўсіх адна, толькі людзі ў розных яе куточках розныя.

Усе войны, спрэчкі, канфлікты з-за антаганізму ў нас, людзях. Ці ж патрэбна нам зямля, залітая крывёю? Безумоўна, не. Лепш шукаць у бліжнім тое, што нас аб’ядноўвае, чым адшукваць нейкія недахопы. Я веру, што большасць сярод нас добрых людзей, а большасць заўсёды перамагае. У «Штрафбаце» промні дабрыні і святла нясе таксама і другі герой – святы айцец Міхаіл, які стаў на абарону Айчыны з адной вінтоўкай ды святой верай у Перамогу. Мастацкая стужка, пра якую вядзецца гаворка, нясе нам хрысціянскія ідэі, вучыць жыць па агульначалавечых законах, якія ўсталяваліся за многія стагоддзі. Яна вучыць галоўнаму: любіць і цаніць людзей.

Мой прадзед нарадзіўся ў сям’і з хрысціянскімі традыцыямі ў пачатку XX стагоддзя. Сам жыў па біблейскіх законах, выхоўваў сыноў. І як я ўжо адзначаў, супалі лёсы капітана Шаршукова і маёра Цвердахлебава ў асноўным. У фінале мастацкай стужкі «Штрафбат» герой застаецца адным з нямногіх сярод жывых. І гэта толькі да лепшага, бо, калі цябе напаткала вялікае гора, нельга жадаць такога іншым. Гэта не правіла, не патрабаванне, гэта проста па-людску, па-хрысціянску.

Вайна... Смерць забірае ўсіх без разбору, не зазіраючы ні ў твары, ні ў душы. Але застаецца памяць. Мы павінны помніць пра тых, хто зрабіў усё магчымае і немагчымае дзеля Перамогі ў час Вялікай Айчыннай вайны, павінны ганарыцца сваімі продкамі.

І колькі б чаго зараз не рабілі за грошы, тое, што неўміручае, заўсёды светлае, як наша памяць. Чаму выйшла складанка «1419 дней пути», у якой у аранжыроўцы магілёўскіх рок-гуртоў гучаць вядомыя ваенныя песні? Чаму Зміцер Вайцюшкевіч піша патрыятычныя песні на вершы Рыгора Барадуліна і іншых беларускіх паэтаў? Таму, што жыве і будзе жыць вечна памяць у маладых сэрцах. Усё гэта фарміруе патрыятызм беларуса, пачуццё гонару за родны край. Мой прадзед можа быць назаўжды спакойны, бо перамагла, як заўсёды, праўда. У светлай памяці блізкіх і знаёмых ён цяпер не здраднік, ён герой і сумленны чалавек. І гэта праўда дня сённяшняга, а значыць, і дня будучага.