Мы памятаем
«Маю бабулю завуць Журава Варвара Якаўлеўна. Калі пачалася вайна, ёй было 4 гады. Але яна памятае ўсё да драбніц, быццам усё гэта было ўчора. Жылі яны тады ў Горацкім раёне ў вёсцы Паляшчыцы. Калі ў вёску прышлі немцы, іх павыганялі з дамоў. «3 немцамі былі яшчэ і людзі ў чорным адзенні – румыны, – успамінае бабуля. – Вёску спалілі. Вяртацца не было куды. Бацьку забралі на вайну, і я засталася з маці, братам і маленькай сястрычкай, якая нарадзілася ў 1941-м годзе. Жылі ў лесе, хаваліся ў акопах. Потым разам з іншымі людзьмі трапілі ў Смаленскую вобласць. 3 сабою ў нас быў мяшочак з сухім хлебам, тым і харчаваліся. Начавалі ў розных незнаемых людзей. Было вельмі цяжка.
Потым вярнуліся ў родныя мясціны. Калі надышла вясна, збіралі па полі мерзлую, гнілую бульбу, а таксама елі траву, якая называлася «таўкачыкі». Аднойчы ў лесе знайшлі каня. Конь быў добры, яго забралі партызаны, а ўзамен далі старога каня. Але і гэта было за шчасце. Канём узаралі зямлю, пасадзілі бульбу. Калі ішоў дождж, пад каня хаваліся. 3 бярвенняў, якія дасталі з бліндажоў, пабудавалі невялікі дом. Брат зрабіў печку. Лесу вакол не было, таму тапілі хмызняком. У хату на ноч прыводзілі каня. Спаць клаліся на падлозе, накрываліся ўсім, што было, і прыціскаліся да каня. Так саграваліся. Вось так і перажылі той цяжкі час. Пасля вайны засталося шмат мін. Здаралася, што дзеці ўзрываліся на мінах. Бацька з вайны не вярнуўся».
А зусім нядаўна мы даведаліся, што бабулін дзядзька, які таксама быў на вайне, загінуў недзе ў Германіі, калі быў у нямецкім палоне.
Пасля вайны мая бабуля закончыла Горацкую акадэмію. Працавала аграномам у вёсцы Брацькавічы, вырасціла дваіх сыноў. Адзін працуе ў Белаграпрамбанку, а другі – на БЦЗ. Дзяцей расціла адна. Муж рана памёр. Я вельмі люблю сваю бабулю, ганаруся ёю, таму што ёй давялося перажыць столькі гора, але яна засталася добрым, чулым, спагадлівым чалавекам».