Хатынь = Khatyn Chatyh : на бел., рус., англ., ням. мовах /аўтар тэксту і ўкладальнік Н. В. Кірылава. – 2-е выд. – Мн. : Беларусь, 2007. – 110 с.: іл.
22 сакавіка 1943 года не стала беларускай вёскі Хатынь Лагойскага раёна. Карнікі акружылі вёску, сагналі ўсіх жыхароў у хлеў і падпалілі яго, а тых, хто спрабаваў бегчы, расстрэльвалі з аўтаматаў і кулямётаў. У полымі загінулі 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей.
Трагедыя Хатыні – не выпадковы эпізод вайны, а адзін з мноства фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду гітлераўскай Германіі ў адносінах да насельніцтва Беларусі.
На месцы спаленай разам з жыхарамі вёскі ў памяць аб загінуўшых быў створаны мемарыяльны комплекс"Хатынь", у якім увасоблена ідэя мужнасці і няскоранасці беларускага народа.
Створаны ў канцы 1960-х гадоў як сімвал усіх спаленых беларускіх вёсак, мемарыял скрозь стагоддзі стаў месцам нацыянальнага пакланення і прымірэння. Зыходзяць сведкі тых страшных падзей, але застаецца моладзь, якой наканавана несці сцяг памяці аб тых, каго заглынула полымя вайны. Мемарыяльны комплекс жыве, на яго тэрыторыі з'яўляюцца новыя аб'екты, якія міжволі эмацыянальна ўздзейнічаюць на кожнага наведвальніка.
Акрамя апісання аб'ектаў комплексу, у кнізе распавядаецца пра цяжкі лёс Беларусі, поўны выпрабаванняў, якія не раз выпадалі на долю нашай краіны, даецца гістарычная даведка аб вёсцы Хатынь, згадваюцца вёскі, якія напаткаў такі ж самы лёс.
Выданне прызначана для шырокага кола чытачоў, гасцей Беларусі, якія наведваюць мемарыяльны комплекс "Хатынь" і іншыя памятныя мясціны нашай краіны.