УВОДЗІНЫ
Навошта дзецям трэба ведаць беларускую мову? З самага нараджэння дзіця чуе голас маці, якая аберагае яго ад усяго дрэннага ў свеце. Наша родная старонка, як наша маці – хоча, каб мы заставаліся вольнымі ўладальнікамі свайго жыцця. Гэта магчыма, калі мы будзем шанаваць нашыя карані, тое, што трымае нас, робіць нас НАЦЫЯЙ. Мова, традыцыі, нацыянальныя каштоўнасці – наш скарб, якім мы павінны ганарыцца і ніколі не адракацца. Кожны чалавек павінен ведаць родную мову, спяваць народныя песні, ведаць, як з веку ў век святкавалі святы ў нашым краі, любіць родныя мясціны, сваю Радзіму – Беларусь.
Далучэнне да роднай мовы садзейнічае не толькі ўзбагачэнню мовы дзяцей, але і развівае іх пазнавальныя і інтэлектуальныя магчымасці, пашырае веды пра беларускую культуру.
Самае дарагое ў жыцці – тое, што закладзена ў сэрца з ранніх год. Менавіта родная мова – сувязное звяно ў далучэнні дзяцей да агульначалавечых каштоўнасцей, вытокаў народнай мудрасці. Сёння сам час патрабуе звярнуцца да сваіх вытокаў, далучаць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры, паглыбляць знаёмства з родным краем, беларускімі традыцыямі, фальклорам, прывіваць пачуццё грамадскасці, любоў да Радзімы.
Дапамажыце нашым дзецям авалодаць беларускай мовай, і вы дапаможаце абудзіць у іх веру ў тое, што яны вырастуць потрэбнымі на зямлі людзьмі!
Мэта: садзейнічаць абуджэнню цікавасці вучняў да беларускай мовы
Задачы:
- стварыць умовы для абагульнення ведаў вучняў, набытых падчас урокаў беларускай мовы і літаратуры; актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў;
- папулярызаваць беларускую мову і літаратуру сярод навучэнцаў;
- развіваць уменне працаваць у камандзе;
- выхоўваць любоў і павагу да беларускага слова.
Абсталяванне: раздатачны матэрыял (карткі з заданнямі, бланкі адказаў, сертыфікаты, табліцы для падліку балаў), ілюстрацыйны матэрыял, мультымедыя.
Тып мерапрыемства: інтэлектуальны турнір.
ХОД МЕРАПРЫЕМСТВА:
I. Арганізацыйны момант:
Уступнае слова настаўніка:
– Добры дзень, паважаныя калегі і навучэнцы! Рада вітаць усіх на інтэлектуальным турніры “Таямніцы роднай мовы”. Роднае слова – люстэрка культуры народа, яго духоўнае аблічча. Мова – наша спадчына, якую мы атрымліваем ад бацькоў і павінны перадаць наступным пакаленням. Беларускія паэты ў сваіх вершах перадалі і паказалі нам складаны шлях станаўлення нашай роднай мовы.
Верш П.Панчанкі «Родная мова»
Настаўнік:
– Давайце пакінем “языкі” і іншыя прадметы за дзвярамі нашага кабінета і звернемся да беларускай мовы. Хоць на кароценькія 45 хвілін... І перш чым, мы прыступім да турніру, прадстаўляю вашай увазе цікавыя факты пра беларускую мову.
Сёння мы правядзём турнір, які выявіць лепшых знаўцаў беларускай мовы. Гуляюць 2 каманды. Ацэньваць іх адказы будзе падліковая камісія. А спачатку падзелімся на каманды.
На сталах вучняў ляжаць паперкі, на якіх змешчаны беларускія словы і іх адпаведнікі на рускай мове. словы рознага колеру. Той, каму дасталася паперка з беларускім словам – сядае за стол зялёнага колеру, каму дасталася паперка з рускім словам – за чырвоны стол.
II. Этапы турніру:
Настаўнік:
– Правілы гульні наступныя:
1. Вас чакаюць 10 тураў рознай тэматыкі. Назвы тураў невыпадковыя. Усё гэта неабходна рабіць, каб авалодаць беларускай мовай.
2. У кожным туры пэўная колькасць пытанняў, за 1 правільны адказ налічваецца 1 бал. Пытанні для каманд агульныя, адказы на іх неабходна запісаць у бланк адказаў.
3. Перамагае каманда, якая набярэ большую колькасць балаў.
– Калі гатовы, то поспехаў і цікавай гульні.
Тур 1 “Ведаем лексіку”:
Камандам-удзельніцам дэманструюцца на экране фотаздымкі розных рэчаў, неабходна запісаць назвы дадзеных прадметаў ў бланк:
1. Ліхтар;
2. Шалік;
3. Сукенка;
4. Капялюш;
5. Ручнік;
6. Васілёк (кветка);
7. Галінка;
8. Хата;
9. Ластаўка (птушка).
Тур 2 “Перакладаем з рускай мовы”
Перакласці на беларускую мову (без дапамогі слоўніка) наступныя словы:
1. Художник
2. Еда
3. Бусы
4. Учащийся
5. Кровать
6. Яблоко
7. Ромашка
8. Тропинка
9. Спасибо
10. Неделя
Настаўнік:
– На самой справе, мы не проста так сабраліся на турнір, прысвечаны беларускай мове. Справа ў тым, што 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Для большасці жыхароў нашай краіны роднай з’яўляецца менавіта беларуская мова. Роднай – значыць, любімай, дарагой, самай-самай… Беларусам многія могуць пазайздросціць: у спадчыну нам засталася па-сапраўднаму ўнікальная мова! Ці ведаеце вы, што беларуская мова – самая мілагучная пасля італьянскай мовы?
Родная мова шмат не патрабуе. А калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе – павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Ці хоць часам пра яе думаць. Калі хоць палова з тых 74 %, якія падчас апошняга перпапісу назвалі роднай мовай беларускую, падумае пра яе лёс – значыць, не ўсё яшчэ страчана.
Калі ты чуеш яе – ці то сучасную літаратурную, ці змешаную “трасянку”, або мясцовую дыялектную – ведай, што гэта ўсё яна – наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне. І не падчарка яна тут, а паказвае на спрадвечнасць беларусаў на сваёй зямлі. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнана як роўная сярод іншых моў свету.
Тур 3 “Я ведаю, што…”
Зараз запрашаю ўсіх прысутных паглядзець самаю цудоўную рэкламу беларуская мовы “Смак роднай мовы”, якая дапаможа пашырыць вашы веды пра багацце нашай роднай беларускай мовы.
Неабходна пасля прагляду рэкламы прадэманстраваць набытыя веды.
Тур 4 “Ягады па-беларуску”
Неабходна суаднесці малюнак ягад і іх назвы на беларускай мове.
Назвы ягад у беларускай мове заўсёды ўжываюцца ў множным ліку.
Тур 5 “Беларуская мова - гаваркая мова”
Неабходна раставіць назвы месяцаў па парадку.
Настаўнік:
- Наша мова ззяе своеасаблівай жартаўлівасцю, іранічнасцю і гумарыстычнасцю народных выслоўяў, сур'ёзных павучэнняў, адкрытых праяўленняў сімпатый і антыпатый. Гэта адлюстроўваецца ў фразеалагізмах, прыказках і прымаўках.
Тур 6 “Рассыпаныя фразеалагізмы”
Неабходна суаднесці фразеалагізмы і растлумачыць іх.
КІТАЙСКАЯ ГРАМАТА - Недаступнае для разумення, тое, у чым цяжка разабрацца.
ПАРАХАВАЯ БОЧКА – Небяспечная сітуацыя
ЗАЛАТЫЯ РУКІ – Чалавек – майстар, у яго руках усё ладзіцца
ШЧОДРАЯ ДУША – Дабразычлівы чалавек
БОЖАЯ ІСКРА – Талент, прыродны дар, здольнасці
Прамежкавы падлік
Настаўнік:
- Адным са складальнікаў спадчыны з’яўляецца народная песня. Шмат хараства і глыбокага зместу заложана ў беларускай народнай песні, шмат мудрасці, трывогі і радасці, святла і горычы, шчырай любові і праўды. У песнях чуваць, аб чым народ сумуе і да чаго рвецца яго душа.
Тур 7 “Угадай мелодыю”
Неабходна пазнаць беларускія народныя песні. Большую колькасць балаў атрымлівае тая каманда, якая пазнае больш песен.
1) Купалінка
2) Касіў Ясь канюшыну
3) Цячэ вада ў ярок
4) Чарка на пасашок
5) Гімн РБ
Тур 8 “Мову родную ўсюды пазнаю”
Аднаму навучэнцу неабходна слухаць музыку праз навушнікі, а другому гаварыць словы. Чым больш слоў зразумее, тым больш балаў будзе ў каманды. Словы для кожнай каманды розныя
Чырвоныя: Вочы, аловак, возера, боты, медаль, трава, маразы
Зялёныя: Гузік, мова, лялька, хата, губы, капялюш, маці
Настаўнік:
- Відавочна, што з цягам часу змяняюцца эпохі, падзеі і мова змяняецца. З’яўляюцца новыя прадметы, новыя назвы, а іншыя прадметы і назвы – знікаюць ці набываюць іншае найменне.
Тур 9 “Мы - ЛІНГВІСТЫ”
Неабходна падабраць да ўстарэлых слоў адпаведнікі з сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
Тур 10 “Беларуская старонка”
Бліц-апытванне. На пытанне адказвая тая каманда, якая хутчэй падыме руку.
У якім горадзе знаходзіцца помнік літары Ў? (Полацк)
Па-руску - утро, а па-беларуску -… (раніца)
Ці з’яўляецца літарай апостраф? (Не)
Як правільна: «прабачце мяне» ці «прабачце мне»? (прабачце мне)
Колькі галосных гукаў у беларускай мове? (Шэсць)
Што такое трасянка? (беларуская мова змешаная з рускай)
Колькі літар у беларускім алфавіце? (32 літары)
Якім словам беларусы выказваюць згоду? (Так)
Калі адзначаецца міжнародны дзень роднай мовы? (21 лютага)
V. Падвядзенне вынікаў гульні, узнагароджанне пераможцаў
Настаўнік:
- На гэтым наш турнір закончыўся. Падліковая камісія хутка агучыць вынікі. А пакуль Вашай ўвазе прадстаўляю сацыяльнае апытванне да дня роднай мовы, зробленае ў нашай установе адукацыі.
Заключнае слова настаўніка:
– Беларуская мова – гэта адзін з нашых спрадвечных нацыянальных скарбаў, які захавалі нашы продкі. Беражыце родную мову, смела размаўляйце і ніколі не цурайцеся роднай мовы. Дзякуй за плённую і шчырую працу!
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Беларуская мова адкрывае для кожнага грамадзяніна Беларусі шырокі шлях да ведаў, спрыяе фарміраванню асобы. Любоў да сваёй Радзімы, свайго народа пачынаецца з любові да роднай мовы. Мова яднае нас у народ, які носіць прагожае імя – беларусы.
Будзем жа вывучаць беларускую мову, шанаваць гэты бясцэнны скарб, які перадалі нам нашы таленавітыя продкі, мудрыя і мужныя дзяды і прадзеды. Будзем жа размаўляць на роднай беларускай мове, не саромячыся, каб захаваць і перадаць яе нашым нашчадкам. Будзем жа шанаваць нашу мову, каб яна жыла заўжды!
Шануйце родную мову! Яшчэ ў далёкай старажытнасці людзі здабывалі агонь, прыручалі жывёл, навучыліся апрацоўваць зямлю, вырошчваць ураджай, будаваць масты, вадзіць па вадзе караблі… Буйнейшымі заваёвамі чалавечага розуму ў пазнейшыя часы сталі паравая машына, электрычнасць, радыё, самалёты. А яшчэ пазней вялікім цудам з’явіліся штучныя спадарожнікі Зямлі, касмічныя караблі і выхад чалавека ў космас…
Але ўсё гэта стала магчымым, бадай, таму, што ў людзей даўным-даўно з’явілася мова. Менавіта яна вывела чалавека ў свет розуму.
Мова — гэта тое, без чаго не можа жыць ніводны чалавек. Мы павінны абараняць нашу мову, не саромецца яе, паважаць яе самі, а таксама прывіць любоў і павагу да яе нашым дзецям. “Трапяткая і сіняя, як васілёк, і гарачая, як прамень” — так назваў родную мову наш таленавіты пісьменнік і паэт, непераўзыдзены рамантык Уладзімір Караткевіч. І хочацца верыць, што наша родная мова заўседы застанецца любiмай, паважанай i ўвогуле, самай лепшай!