Маршрут пошуку цудаў










 


Я люблю Беларусь!


Чым мацней я люблю сваю зямлю, вось гэту, на якой стаю, тым даражэй мне жыццё. Любоў да роднай зямлі, а значыць, і да яе культуры, да роднай мовы гэта магутная сіла, якая надае сэнс майму чалавечаму існаванню.                                                  Ніл Гілевіч

      У старажытныя часы лічылася, што на зямлі ёсць сем цудаў свету (дарэчы, магічны лік "сем" называюць лікам гармоніі і нябеснай дасканаласці) – грандыёзных надзвычайных збудаванняў: егіпецкія піраміды, вісячыя сады Семіраміды, храм Артэміды ў Эфесе, пахавальня Маўзола ў Галікарнасе, Калос радоскі (медная статуя на востраве Радос), маяк на востраве Фарас, статуя Зеўса ў Алімпіі. 
      Як бы адштурхоўваючыся ад згаданых даўнейшых сямі цудаў свету, у наш час гэтаму выразу надалі больш агульнае значэнне: так мы гаворым зараз аб усіх славутасцях, створаных чалавекам ці прыродай. Цуд, увасоблены ў вобразы славутых гістарычных дзеячаў, цуд, ператвораны ў запамінальныя помнікі дойлідства, у выявы запаветных куткоў прыроды нашай маляўнічай зямлі — усё гэта складае неацэнны скарб, духоўнае багацце народа. 
     А што мы, беларусы, можам паказаць чалавеку, які нічога не ведае пра Беларусь, чым наша нацыя адрозніваецца ад іншых і можа ганарыцца?
       Квест-вандроўка праводзіцца з мэтай грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў праз пашырэнне і паглыбленне ведаў, выканання пошукава-даследчых заданняў па багатай гісторыі, культуры і прыродзе свайго роднага краю, фарміраванне ў маладога пакалення нацыянальнай самасвядомасці, духоўнай культуры, беражлівых адносін да сваёй спадчыны.
    
      Асноўныя задачы квест-вандроўкі:
  • фарміраванне ў маладога пакалення адказнасці за захаванне гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны;
  • далучэнне моладзі да адукацыйнай, культурнай і грамадскай дзейнасці, да вывучэння гісторыі, культуры, прыроды рэгіёну, краіны, пашырэнне і паглыбленне іх інтэлектуальных і пазнавальных магчымасцей.







Увага!
Запрашаем вучняў 5-8 класаў
аднаму ці групай 
адправіцца ў захапляльную вандроўку!
Падчас вандроўкі вы:
  • "убачыце" 7 незвычайных  цудаў Беларусі, 
  • выканайце разнастайныя пошукава-даследчыя і творчыя заданні, вынікі якіх можна даведацца ў "Дзённіку вандроўкі",
  • пазнаёміцеся з сервісамі web 2.0, навыкі працы з якімі будуць карысныя ў далейшым навучанні, 
  • знойдзеце адказ на ключавое пытанне: "А што мы, беларусы, можам паказаць чалавеку, які нічога не ведае пра Беларусь, чым наша нацыя адрозніваецца ад іншых і можа ганарыцца?
      
На працягу некалькіх тыдняў вы, выконваючы разнастайныя заданні, будзеце атрымоўваць ключавыя словы. Не забывайце іх, запісвайце, каб пасля скласці ключавую фразу. 
Што за фраза ў вас атрымалася? 


Форма для адпраўкі фразы тут.

Па ўсіх пытаннях звяртайцеся ў "Бюро даведак" да экскурсавода вандроўкі праз электронную форму.


Адкрый 7 цудаў Беларусі ў сваім сэрцы!

“Сем цудаў Беларусі” — а ў выніку атрымліваецца, 
што не “сем”, а сама меней сем разоў па сем. 
Такая зямля ў нас — цудоўная!

Карысна будзе ўзяць з сабой у дарогу кнігу
Уладзіміра Караткевіча

Шчаслівай дарогі 
на шляху спазнання Радзімы!