Партызанскі рух

                                                                                                            Группа партызан Ленінскай брыгады, 1943 г.

Першы партызанскі атрад у Дзятлаўскім раёне пачаў арганізоўвацца вясной 1942 г. Пры адступленні на ўсход каля в. Каменка быў паранены ў руку Мiкалай Рыгоравіч Вахонін. Ён застаўся на хутары Пракофія Паўлавіча Сцяпуры, паблізу в. Хвінявічы. Тут жа знайшлі прыстанішча Васіль Кавязін, Андрэй Кавязін, Пётр Архіпаў і яшчэ некалькі чырвонаармейцаў. Яны выкапалі ўкрыцце пад домам, зімою начавалі ў хаце пад аховай вартавога.

У красавіку 1942 г. каля Вензавецкага лясніцтва М.Р.Вахонін з таварышамі сустрэўся з групай лейтэнанта Чырвонай Арміі Валянціна Сцяпанавіча Біцько.

Спачатку ва ўсіх быў адзіны намер — прабірацца на ўсход. Але ўжо ў першы дзень здарылася падзея, якая парушыла іх план. Пераходзячы дарогу Дзятлава — Слонім, чырвонаармейцы ўбачылі легкавы аўтамабіль з гітлераўцамі. Ня доўга думаючы, яны кінулі ў машыну гранату і абстралялі яе. Тры фашысцкія афіцэры і шафёр былі забітыя. Першая удача акрыліла мсціўцаў. Аказваецца, можна біць гітлераўцаў і тут. Па прапанове М.Р.Вахоніна вырашылі застацца ў Ліпічанскай пушчы і стварыць партызанскі атрад.

Сначатку размясціліся ва ўрочышчы Засецце. Праз некаторы час да іх далучылася група Мікалая Лукомца. У яе ўваходзілі Габдул Габдулвакідаў, Ілья Глазкоў, Уладзімір Заяц, Ілья Панасевіч, Іосіф Шмукста, Вікенцій і Іван Козакі. М. Лукомец, Г. Габдул-вакідаў і I. Глазкоў былі чырвонаармейцамі, астатнія — мясцовымі актывістамі.

Аднойчы красавіцкай ноччу група перайшла Нёман і разабрала частку чыгуначнага палатна каля станцыі Скрыбаўцы. Цягнік з жывой сілай ворага паляцеў пад адхон. Праз некалькі дзён партызаны напалі на паліцэйскі ўчастак у Ражанцы. Узялі ў палон 12 паліцэйскіх разам з камендантам. Адначасова разграмілі гміну і маслазавод. Калі вярталіся ў пушчу, на чыгунцы забілі трох вартавых.

Напярэдадні 1 мая 1942 г. партызаны спалілі завод і мост. Немцы страцілі дарогу на другі бок Немана, у Ліпічанскую пушчу.

5 мая 1942 г. на агульным сходзе групы, якая ўжо налічвала 30 чалавек, пастанавілі даць назву партызанскаму атраду. У гонар паспяхова праведзенай аперацыі паблізу в. Орля атрад назвалі «Арлянскім». Камандзірам выбралі Васіля Піліпавіча Кавязіна, намеснікам — Мікалая Рыгоравіча Вахоніна, начальнікам штаба — Валянціна Сцяпанавіча Біцько.

У красавіку 1942 г. канчаткова сфарміравалася група Барыса Адамавіча Булата колькасцю 27 чалавек. Неўзаба ве да яе далучылася група Уладзіміра Канстанцінавіча Лябецкага, члена КПЗБ, сакратара Казлоўшчынскага падпольнага райкома камсамола. У Ліпічанскай пушчы дзейнічала і група Паула Іванавіча Булака, былога сакратара Галынкаўскага сельскага Савета. У чэрвені 1942 г. яна перайшла на правабярэжжа р. Шчара і абаснавалася ў Дубароўшчынскім лесе.

Партызанскі рух набіраў сілу. У Ліпічанскай пушчы ў пачатку 1942 г. дзейнічала некалькі груп. Фашысты ўжо не маглі адчуваць сябе спакойна.

10 чэрвеня 1942 г. адбыўся агульны сход партызанскіх груп Б.Булата, Ф.Камарова, П.Булака, В.Пішчуліна і Ф.Лабойкі. Вырашылі аб'яднацца ў адзін атрад. У жніўні да атрада далучыліся групы Г.Шубіна, I.Абрамава, Н.Канаплёва і Г.Курзаева.

На другім сходзе атрада, які адбыўся ў жніўні 1942 г., былі створаны шэсць груп (рот), якімі камандавалі: групай № 121 — В.Пішчулін (70 чал.), № 133 - Ф. Камароў (70 чал.), № 145 - П. Булак (85 чал.), № 157 - М. Канаплёў, а потым Г. Шубін (70 чал.), № 169 - I. Абрамаў (50 чал.), № 195 — Ф. Лабойка. Быў створаны таксама штаб атрада. Камандзірам атрада выбралі Б.А.Булата, начальнікам штаба В.С.Біцько, а камісарам, крыху пазней, у кастрычніку — Г.А.Шубіна. Атраду далі назву — 3649-ы.

На сходзе вырашаліся пытанні аб зброі, аб адносінах да мясцовага насельніцтва, аб баявой дзейнасці.

Адзначым, што ў гэты час рост партызанскіх груп і атрадаў наўмысна стрымліваўся, бо лічылася, што 40 чалавек — гэта аптымальная колькасць людзей для манеўрыравання і аператыўнай дзейнасці. Але жадаючых стаць партызанамі было шмат, і колькасць іх расла. Гэта давала магчымасць часцей наносіць удары па ворагу. Народныя мсціўцы знішчалі малыя апорныя пункты акупантаў у сваей зоне.

У маі — чэрвені 1942 г. атрад «Арлянскі» разграміў паліцэйскія ўчасткі ў вёсках Накрышкі, Страла, Міроўшчына. Паспрабавалі партызаны знішчыць і гарнізон у Дзятлаве.

Летам 1942 г. атрад поўнасцю кантраляваў паўночную частку Ліпічанскай пушчы. Немцы вымушаны былі ствараць буйныя гарнізоны. У ноч з 8 на 9 жніўня атрад 3649-ы разграміў адзін з такіх гарнізонаў у Дзярэчыне Зэльвенскага раёна.

Адной з важнейшых праблем, якая паўстала перад партызанамі ў гэты час, была няхватка зброі. Дабывалі яе рознымі шляхамі. Некаторая частка зброі партызанам даставалася пры разгроме нямецкіх пастарункаў, гарнізонаў. Мясцовыя актывісты, камсамольцы збіралі зброю на месцах былых баёў, рамантавалі ў лясных майстэрнях і зноў пускалі ў справу. Так, напрыклад, партызаны атрада 3649-ы адрамантавалі 122-міліметровую гаўбіцу, танкетку, бронемашыну БА-10 і нават танк Т-34.

Гаўбіцу і бронемашыну партызаны дасталі са дна Шчары з дапамогай жыхароў вёсак Вялікая і Малая Воля. Атрад меў і дзве 45-міліметровыя пушкі. «Галоўнакамандуючым» бронетанкавымі сіламі партызан стаў Васіль Іванавіч Пішчулін. Баявы танкіст, майстар на ўсе рукі, ён разам з Аляксандрам Валетавым, Спірыдонам Кузняцовым, Фёдарам Камаровым праяўляў шмат выдумкі і таленту, каб аднавіць тэхніку, знайсці для яе гаручае. «Трыццаць чацвёрку», напрыклад, яны сабралі з некалькіх танкаў. У якасці гаручага выкарыстоўвалі шкіпінар.

Пры падтрымцы бронемашыны партызаны знішчылі варожы гарнізон у Галынцы. А вось аперацыя па разгрому гарнізона ў Казлоўшчыне не ўдалася. Пасля першага выстралу гаўбіца сапсавалася. Партызанам не хапала патронаў. Існавала пагроза падыходу дапамогі ворагу з Дзятлава і Слоніма. Пасля двухчасовага бою партызаны адышлі.

Колькасць людзей у атрадах хутка расла. Восенню, напрыклад, атрад «Арлянскі» налічваў 200, атрад 3649-ы — 400 партызан. Патрэбна была дапамога Вялікай зямлі. I не толькі, каб забяспечыць зброяй, але і параіць, як лепш арганізаваць барацьбу ў тыле ворага. Абставіны патрабавалі сумесных дзеянняў, а паміж атрадамі адсутнічала надзейная сувязь. Гэта выяўлялася ў час баявых аперацый. Не ўсё добра было з дысцыплінай, сустракаліся марадзёрства, другія адмоўныя з'явы. Актывізацыя партызанскага руху патрабавала і належнага ўзроўню ў арганізацыі разведвальнай і контрразведвальнай службы.

Адзначым, што камандаванне актыўна працавала над вырашэннем гэтых праблем. Яшчэ ў ліпені 1942 г. на сувязь за лінію фронту, з групай партызан быў накіраваны камандзір Арлянскага атрада В. Кавязін.

27 кастрычніка 1942 г. на сувязь з Беларускім штабам партызанскага руху адправілася група В.Вінаградава. Партызаны прасілі дапамагчы ўзрыўчаткай, зброяй, медыкаментамі, а таксама прыслаць чалавека, які б валодаў вопытам наладжвання работы ў тыле ворага. Прайшоўшы 600 кіламетраў па варожым тыле, група выканала заданне.

У лістападзе 1942 г. да партызан дайшлі звесткі, што пад Мінскам дзейнічае цэнтр партызанскага руху. Як стала вядома пазней, гэта было Асобае злучэнне партызанскіх атрадаў, якім камандаваў Д.I.Кеймах. На сувязь з ім пайшла група партызан атрада 3649-ы пад кіраўніцтвам Г.А.Шубіна.

Разам з гэтай групай на сустрэчу прыбылі намеснік камандзіра Асобага злучэння маёр Р.Л.Васілевіч і капітан Ф.М.Сінічкін. Д.I.Кеймах прапанаваў на базе атрадаў 3649-й, імя К.Я.Варашылава і «Арлянскі» стварыць брыгаду.

12 снежня 1942 г. на хутары Якуба Пуйты ў Ліпічанскай пушчы загадам Р.Л.Васілевіча была створана Ленінская партызанская брыгада. Камандзірам яе быў назначаны Фёдар Міхайлавіч Сінічкін, начальнікам штаба — Барыс Адамавіч Булат. На момант узнікнення ў брыгадзе налічвалася звыш 800 партызан. На ўзбраенні меліся танкетка, бранявік, 2 гаўбіцы, 2 процітанкавыя пушкі, 9 станкавых кулямётаў, 2 батальённых і адзін ротны мінамёт, а таксама ручныя кулямёты, аўтаматы, вінтоўкі.

Такім чынам у Ліпічанскай пушчы ўзнікла буйное партызанскае фарміраванне, якое стала базай для стварэння іншых партызанскіх брыгад і атрадаў.

Частку нашага раёна займала Ленінская партызанская зона. Яна сфарміра валася ў трохвугольніку чыгунак Ліда — Ваўкавыск — Баранавічы — Ліда, уключала тэрыторыю 7 раёнаў, у тым ліку поўнасцю Казлоўшчынскага, Жалудокскага, большую частку Дзятлаўскага, Зэльвенскага, Мастоўскага, Шчучынскага і частку Слонімскага раёна. Мясцовае насельніцтва ў гэтым “трохвугольніку” жыло па законах Савецкай улады.

Ф. Ф. Красюк

Comments