Стэльмах Іван

Асіповіцкі раён

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

У імя Перамогі

Баявым сябрам

партызанскага атрада № 210 імя Сталіна

Асіповіцкай ваенна-аператыўнай групы

прысвячаецца

Ужо 54 гады мінула з таго часу, калі была скончана самая страшэнная вайна дваццатага стагоддзя. Вайна, у якой загінулі мільёны людзей, і ўспаміны аб якой балюча раняць сэрцы тых, хто быў сведкам ваеннага ліхалецця. Далёка не апошнюю ролю ў перамозе над фашыстамі адыграў і партызанскі рух, які, як вядома, на Беларусі быў найбольш пашыраным. Дзейнічалі партызаны і на асіповіцкай зямлі. Аб адным з эпізодаў баявога жыцця вядомага сваімі поспехамі атрада імя Сталіна і пойдзе расказ.

Атрады Асіповіцкай ваенна-аператыўнай групы без вялікіх страт выйшлі са студзеньскай блакіроўкі, якую правялі ў 1943 годзе на тэрыторыі Асіповіцкага раёна нямецка-фашысцкія захопнікі. Як вядома, прыярытэтам у тактыцы вядзення партызанскай вайны з’яўляліся дыверсійныя аперацыі на чыгунцы і аўтамабільных дарогах. Але для гэтага патрабаваўся тол, якога не было. Здабыць жа неабходнае выбуховае рэчыва можна было толькі дзякуючы выплаўленню яго з артылерыйскіх снарадаў. А дзе іх узяць? Вось над гэтым заўсёды ламалі галовы камандзіры Сцяпан Сяргеевіч Сумчанка і Васіль Васільевіч Глотаў, начальнік штаба Фёдар Дзмітрыевіч Лашкевіч, камісар Аляксандр Васільевіч Шыянок і другія. У выніку разведчыкі Пятра Гелюса практычна не злазілі з сёдлаў партызанскіх коняў у пошуках снарадаў. Але, як бы там ні было, а тол не выводзіўся ў атрадах.

I ўсё ж веснавое бездарожжа некалькі запаволіла актыўнасць дыверсійных груп. I ў гэты час партызаны не ўпусцілі магчымасці, каб прывесці ў парадак адзенне і абутак і падрыхтавацца да новых баявых паходаў.

210-ты атрад у трэцяй партызанскай роце быў самым маладым па свайму складу, але не па вопыту дыверсійных аперацый, што і было даказана крыху пазней. 3 Вялікай зямлі ў склад атрада прыйшоў Антон Парфёнавіч Пыжэвіч, які меў пры сабе процітанкавае ружжо (ПТР). Менавіта ён, улічваючы праблему з набыццём толу, прапанаваў паспрабаваць выкарыстаць для дыверсій на чыгунцы свой ПТР. Далажылі камандзіру роты, пасля чаго, узважыўшы ўсе «за» і «супраць», Дзмітрый ІІІрэйн накіраваўся ў штаб атрада, дзе і выклаў дэталёва прапанову. Камандаванне згадзілася і вырашыла сфарміраваць баявую групу і ўпершыню скарыстаць процітанкавае ружжо супраць паравозаў. У штаб роты тэрмінова былі скліканы камандзіры ўзводаў, дзе пачалося абмеркаванне будучай аперацыі і складу групы. Камандзірам дыверсійнага атрада прызначылі Івана Пятрова. На дэталёвую апрацоўку задання група атрымала тры дні. У яе склад увайшлі вопытныя і «абстраляныя» на заходніх рубяжах Беларусі былыя байцы Чырвонай Арміі і мясцовыя патрыёты. Галоўная роля ў групе адводзілася стралкам ПТР Антону Пыжэвічу і Пятру Жданаву, кулямётчыкам Міхаілу Буравель і Мікалаю Пятрову. Правадніком-штурманам гэтага атрада быў я, Іван Стэльмах. Заданне лічылася сакрэтным. У выніку яго паспяховасці фашысты б атрымалі неспадзяваны «падарунак» да нашага свята Першамая.

Напярэдадні паходу, і гэта добра запомнілася, у веснавым лесе ўсё патыхала квеценем. Зелянінай пакрыліся вольхі і бярозы, а ўнізе, пад дрэвамі, раскінуліся дываном першыя кураслепы. У небе раз-пораз чуліся і перазовы пералётных птушак, якія вярталіся з зімоўя дадому. Ці то ад веснавой пары з цёплым сонейкам, ці ад чаго іншага, але ў партызан у гэты дзень настрой быў прыўзняты. Не сыходзіла з вуснаў перамога Чырвонай Арміі пад Сталінградам, дзе сярод трохсот тысяч нямецкіх палонных быў і фельдмаршал Паўлюс.

Так за шчырымі расказамі аб поспехах нашай арміі і праляцеў дзень. А ўвечары то весялілі, то наводзілі сум на лясной паляне партызанскія музыкі: гарманісты Вася Валенцік, Алёша Свірыд і баяніст Пеця Жданаў. Пасля надышоў час адбою. У гэтыя хвіліны, магчыма, ад чароўнай музыкі, забываешся, што ідзе вайна, і што заўтра мы выходзім на сакрэтнае заданне.

Назаўтра, пасля снедання, быў аб’яўлены агульны збор, на якім нарэшце агучваецца дакладная задача задання, а менавіта прастрэліць з процітанкавага ружжа катлы паравозаў, якія перавозяць грузы з Германіі на фронт. Вызначана і месца аперацыі – участак чыгункі паміж станцыямі Верайцы і Талька. Колькасць групы – 16 чалавек. 3 сабою ўзялі два ручныя кулямёты, вінтоўку-бязгучку, аўтаматы, вінтоўкі. На развітанне камандзір роты Дзмітрый Шрэйн і камісар Лаўрэнцій Андрыянаў пажадалі нам удачы. Старшына роты Іван Філін выдаў кожнаму сухі паёк, і на досвітку наступнага дня група рушыла на заданне.

Шлях быў доўгім. Падчас прывалу ў размовах паміж сабою высветлілася, што ў кожнага члена групы свой лёс. Самы старэйшы па ўзросту Антон Пыжэвіч – родам з пасёлка Уваравічы Гомельскай вобласці. Да вайны працаваў дарожным майстрам. На вайне стаў мінёрам-падрыўніком. Міша Буравель – украінец, кадравы ваенны. Сумесна са Шрэйнам і другімі акружэнцамі рэгулярнай арміі са сваёй табельнай зброяй апынуўся ў партызанах. Той жа Іван Пятроў, родам з Валагодчыны, выходзячы з акружэння, сустрэў добрых людзей у вёсцы Вярэйцы, якія і выратавалі яго ад палону. Пасля ён і стаў партызанам. Такі ж лёс і ў Пеці Жданава, які знайшоў часовы прытулак у вёсцы Вяззе, адкуль таксама трапіў у партызаны. Родам ён з далёкага Алтайскага краю, рускі. Кулямётчыкам у атрадзе разам з Пецем быў і Мікалай Пятроў, ураджэнец Краснадарскага краю. Параненым дабраўся да вёскі Гоманаўка, дзе яго вылечылі, і адкуль пайшоў у партызаны. Ды што там казаць! Практычна вось на такіх кадравых байцах і ствараліся партызанскія атрады...

3 дапамогай мясцовых патрыётаў пераадолелі водны рубеж. Вечарэла. Ноччу варожыя цягнікі не ходзяць, таму група спынілася на адпачынак.

Усю ноч з варожага гарнізона станцыі Верайцы чуліся стрэлы, і ў небе раз-пораз з’яўляліся асвятляльныя ракеты. На досвітку пачаўся дожджык. Гэтую акалічнасць заўважыў услых Антон Пыжэвіч, які сказаў, што дожджык – добры знак. Праз хвіліны невялічкі атрад узяў накірунак на ўрочышча «Штаны», якое амаль упрытык да станцыі Верайцы. Выбралі больш зручнае месца, правялі карэкціроўку адлегласці да рэек: даўжыня склала 500 метраў, што для ПТР – норма. Размеркаваліся па раней задуманых пазіцыях і пачалі чакаць варожы эшалон.

Нарэшце пачуўся грукат колаў цягніка, і той неўзабаве з’явіўся ўдалечыні. Першы нумар процітанкавага ружжа Пётр Жданаў падрыхтаваўся да стрэлу, ад якога залежала паспяховае выкананне задання. (Тут трэба заўважыць, што днём нямецкія эшалоны рухаюцца з максімальнай хуткасцю, а стрэліць трэба было ў кацёл паравоза). Як толькі цягнік наблізіўся да аптымальнага вугла для выстралу, Жданаў націснуў на курок. Перад нашымі вачыма ўмомант з’явілася незабыўнае відовішча: замест паравоза ўзнік букет з клубаў пары, у якім варочаліся перакуленыя вагоны. Але ўдосталь нагледзецца вынікам паспяховага стрэлу не давялося. Адразу ж зняліся с месца засады і хутка пакрочылі на другую агнявую пазіцыю. А Пётр Жданаў, атлетычнага целаскладу хлопец, нібы трохлінейку, ускінуў на плячо ПТР і пакрочыў наперадзе групы.

Неўзабаве пачуліся гукі яшчэ аднаго паравоза, які ішоў у Асіповічы. Зноў –«агонь» і чарговая ахвяра стрэлу ПТР ператварылася ў грувасткую кучу вагонаў. Трэці эшалон доўга не падыходзіў. Мы падзяліліся паміж сабою думкамі і вырашылі пакуль не пакідаць пазіцыі. Для нас было загадкавым тое, што па свабоднай правай каляіне ў напрамку Мінска не было руху. Але і чарговы эшалон праз нейкі час таксама пайшоў пад адхон. Пасля, узважыўшы вынік аперацыі, вырашылі спыніцца на чацвёртым паравозе, калі той у бліжэйшую гадзіну з’явіцца ў межах засады. I чаканне было нядоўгім: чацвёрты цягнік патрапіў пад прыцэльны агонь новай зброі партызан – ПТР.

Вяртанне ў лагер было, як здавалася, хуткім. У атрадзе баявыя сябры віншавалі нас з паспяховым выкананнем аперацыі. Заданне камандавання аб выкарыстанні супраць цягнікоў процітанкавага ружжа было апраўдана і выканана. Пазней практыка ўжывання ПТР у партызанскім руху Асіповіччыны была пашырана. Як ні хацелася б ворагам, а партызаны адкрылі для сябе новы від знішчэння фашыстаў.

У групе ж, якая выканала заданне, героямі сталі Антон Пыжэвіч, якога сябры між сабою назвалі «Настаўнікам маладых партызан», і Пётр Жданаў, які за сваю прыцэльную стральбу займеў мянушку «Артылерыст».

Ідуць гады. Многіх з тых, з кім даводзілася плячо ў плячо прайсці партызанскімі дарогамі, ужо няма. Але гераічныя подзвігі, якія яны здзейснілі ў імя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, застануцца жыць на вякі.

Стэльмах, І. У імя Перамогі / Іван Стэльмах // Запаветы Леніна. – 1999. – 2 ліпеня.