БЕЛАБАРОДЫ МІХАІЛ

Клічаўскі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Партызанскі карэспандэнт

Да вайны Міхаіл Белабароды паспеў скончыць дзевяць класаў Максімавіцкай школы. Пацягнуліся доўгія гады акупацыі. Міхаіл заўважыў, што яго бацька начамі некуды хадзіў. Устрывожаная маці праводзіла яго, а потым да раніцы ўздыхала і плакала…

Аднаго разу на світанні ў дом уварваліся гітлераўцы. З імі былі і мясцовыя паліцаі. Бацьку Мішы схапілі і расстралялі за падпольную работу супраць фашыстаў, за тое, што ад рукі перапісваў і распаўсюджваў лістоўкі. З таго часу Міхаіл Белабароды стаў партызанам.

У зямлянку рэдакцыі падпольнай абласной газеты «За Радзіму» зайшоў абвешаны зброяй і гранатамі фарсовы малады партызан. Казнуўшы па-ваеннаму, ён прадставіўся: «Міхаіл Белабароды».

Міша атрымаў заданне, а праз тры дні з’явіўся ў рэдакцыйнай зямлянцы. Некуды спяшаючыся, ён расказаў, што прыбыў з Мацеевіч. Учора там з’явіліся немцы, многа іх, чалавек паўтараста. Яны забралі ў сялян усё пад чыстую: хлеб, сала, апошніх кароў. Міша з таварышамі паведамілі аб гэтым у штаб, і хутка партызаны 208-га і 277-га атрадаў перакрылі фашысцкім «нарыхтоўшчыкам» выхады з вёскі, напалі на карнікаў. Ад партызанскіх куль знайшлі сабе смерць 138 фашыстаў, былі захоплены вялікія трафеі, у тым ліку і аўтаматы. Пра гэты бой Міша расказваў з захапленнем і радасцю. Потым напісаў аб гэтым у газету пад загалоўкам «Кулю замест хлеба».

Пасля гэтага абласная і раённая падпольныя газеты загаловак Мішы «Кулю замест хлеба» зрабілі пастаяннай рубрыкай, пад якой расказвалі аб баявых справах партызан.

Адважна змагаўся з ворагам Міхась Белабароды. Але ў самы напружаны час гарачых схватак ён ніколі не забываўся пра газету, пра свае карэспандэнцкія абавязкі. Падпольныя партызанскія газеты – клічаўская «Голас партызана» і магілёўская абласная «За Радзіму» – рэгулярна атрымлівалі і друкавалі яго карэспандэнцыі, напісаныя па гарачых слядах партызанскіх баёў.

З падрыўной групай старшага лейтэнанта Якава Рыжкевіча, Міхась Белабароды хадзіў на «жалезку» ў разведку і загадзя аблюбаваў месца для закладкі міны. Калі партызанскі гасцінец быў падложаны на рэйку і надзейна замаскіраваны, падрыўнікі адышлі ў кусты, чакаючы выбуху. Хутка скалыхнуўся лес, і варожы цягнік зляцеў пад адхон.

Вярнуўшыся ў лагер, падрыўнікі леглі спаць, не спаў толькі Міша Белабароды. Ён пісаў. У наступным нумары газеты была надрукавана яго артыкул «Эшалон за эшалон». Аб усіх удзельніках апошняй дыверсіі карэспандэнт расказаў падрабязна, толькі пра сябе – ні слова.

Партызаны Магілёўшчыны ведалі і любілі Міхаіла Белабародага. Камсамольцы 278-га партызанскага атрада выбралі яго сакратаром камсамольскай арганізацыі.

У чэрвені 1944 года, пасля вызвалення Магілёўшчыны, Міша Белабароды разам з іншымі партызанамі ўліўся ў ваенную часць наступаючай Чырвонай Арміі. Ён па-ранейшаму заставаўся разведчыкам. Многа «языкоў» прывёў. Хутка яго ўзнагародзілі яшчэ адным ордэнам Айчыннай вайны.

У снежні 1944 года, каля прускага горада Ўлаўпенян, група разведчыкаў Мішы Белабародага вяла пошук. Нечакана вораг пачаў весці моцны артылерыйскі абстрэл. Тут варожы снарад і абарваў жыццё партызанскага карэспандэнта Мішы Белабародага. Яму не было яшчэ і дваццаці гадоў, жыццё юнака абарвалася незадоўга да Дня Перамогі.

Русецкая, Л. Партызанскі карэспандэнт / Ларыса Русецкая // Сцяг Саветаў [Электронны рэсурс] : сайт. – Рэжым доступу: http://www.klichew.by/?p=123#more-123. – Дата доступу : 15.05.2015.