Патапейка Аляксандра Пятроўна

Асіповіцкі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Эпізоды жыцця

Трагедыя вёскі Брыцалавічы добра вядома жыхарам нашага раёна. Толькі некаторыя вяскоўцы засталіся ў жывых. У іх ліку Аляксандра Пятроўна Патапейка.

...Маці Шуры, каб зберагчы сваіх дзетак, схавала яе і меньшага сына пад падлогу. Тры дні сядзелі яны ў цемры. Ніхто з родных за гэты час да іх так і не наведаўся. На чацвёрты дзень яны вырашылі паглядзець, што робіцца ў вёсцы. Але не паспелі брат з сястрой выйсці на двор, як немцы з’явіліся. Фашысты ведалі, што некаторыя жыхары схаваліся, і таму ціхенька чакалі, пакуль тыя выйдуць са сваіх схованак. Дзяцей схапілі і прывялі ў барак. Тут былі толькі жыхары вёскі Усціж, сваіх аднавяскоўцаў яны не бачылі.

Халодныя студзеньскія маразы прабіралі, здавалася, да самых касцей. Людзі саграваліся, як маглі. У Шуры пад рукамі аказалася белая прасціна. Яна і агарнулася ёй. Вось гэтая белая прасціна і выратавала Аляксандру Пятроўну, калі выйшла з бараку па патрэбе. Некалькі дзён ужо нічога не было ў роце: кружылася галава, не трымалі ногі. Адышоўшы далей, страціла прытомнасць. Белая прасціна беражна прыкрыла яе цела, зраўняла з белым снежным покрывам...

Калі апрытомнела, вакол ужо не было нікога. Абяссіленая, яна павольна пайшла па вёсцы. Раптам удалечыні ўбачыла чалавечую постаць. Калі падышла бліжэй, пазнала бацьку. Не ведала Шура, што гэта была апошняя іх сустрэча. Нечакана вёску запаланілі паліцаі, схапілі бацьку, а ёй цудам давялося ўцячы ў лес.

Хадзіла, шукала сустрэчы з людзьмі, бо ведала, што ў лесе іх шмат. I аднойчы пашанцавала: сустрэла знаёмых, у якіх была сувязь з партызанамі. Яны і прывялі яе ў партызанскі атрад № 211 імя Ракасоўскага 210-й брыгады. Аляксандра Пятроўна Патапейка расказвае, што асаблівых подзвігаў не здзейсніла. Хадзіла ў пасты на дазор, абсцірвала тутэйшых жыхароў, беззаганна выконвала розныя даручэнні па партызанскай гаспадарцы. Адным словам, дапамагала людзям жыць у цяжкую гадзіну выпрабаванняў.

Спагадлівая, душэўная па натуры, тактоўная, прыстойная – менавіта так можа сказаць кожны, хто ведае Аляксандру Пятроўну. А ведаюць яе вельмі многія. Усё сваё жыццё жанчына адпрацавала ў Асіповіцкім аддзяленні Дзяржбанку. Апошнія 28 гадоў свайго працоўнага стажу была галоўным бухгалтарам гэтай установы.

Неўзабаве А.П. Патапейка будзе адзначаць сваё 70-годдзе. Прыедуць дзеці, унукі з Бабруйска, Мінска. Цесныя сувязі і частыя сустрэчы ў яе з сябрамі і сяброўкамі па партызанскаму жыццю. Няхай гэтыя гадзіны сустрэч, прыемных размоў, успамінаў будуць прадаўжацца яшчэ многа-многа гадоў!

Баскакава, Л. Эпізоды жыцця / Л. Баскакава // Запаветы Леніна. – 1993. – 26 чэрвеня. – С. 2.