Кандраценка Аляксандра Мітрафанаўна

Клічаўскі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Мінула 65 гадоў, як вогненнае зарыва ўзнялося над нашай зямлёй, як «карычневая чума» ўварвалася ў нашы гарады і вёскі, а перад вачамі відавочцаў тых падзей і сёння паўстаюць эпізоды ваеннай пары.

Аляксандры Мітрафанаўне Кандраценка зараз 77. Некалькі дзясяткаў гадоў, да выхаду на пенсію ў 1985 годзе, яна выкладала беларускую літаратуру і мову ў Бацэвіцкай сярэдняй школе. Праз рукі і сэрца былой настаўніцы прайшлі сотні вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія і сёння добрым словам успамінаюць свайго педагога, сустракаюцца з ёю, дзякуюць за навуку жыцця. А яно ў гэтай сціплай жанчыны, як і ў большасці яе равеснікаў, было нялёгкім, апаленае вайной.

...Да 1941 года і ў страшны крывавы час Саша Кандраценка, дванаццацігадовая ўразлівая дзяўчынка, жыла з бацькамі, братамі і сёстрамі ў вёсцы Зеляніца Кіраўскага раёна, якраз на мяжы з нашым Клічаўскім. Сям’я вялікая, таму з дзяцінства дзеці дапамагалі бацькам і ў полі, і пры нарыхтоўцы сена, дроў. А браць ягады ды грыбы, пасвіць гусей, разам з пастухом кароў у лузе – святая іх справа. Працавалі і вучыліся ў школе. Прага да ведаў была вялікая, энтузіязм – неймаверны. Вялікія справы, напрыклад, хату паставіць ці свіран у калгасе, на сенажаць выйсці – толькі талакой. Жылося няблага, спадзяваліся яшчэ на лепшую долю.

«...Нядзеля 22 чэрвеня 1941 года выдалася ціхай, спакойнай. Ужо прагналі на пашу кароў, жанчыны выпалілі ў печах, сем’ямі збіраліся на сенажаць, – піша ў сваіх успамінах Аляксандра Мітрафанаўна. – I раптам у вёску прыйшла жудасная вестка аб нападзе гітлераўцаў на Савецкі Саюз.

На плошчы каля клуба сабраліся ўсе: старыя і малыя. Слёзы, крыкі, песні, музыка, страх у вачах – усё зблыталася: праводзілі на фронт родных і блізкіх».

Сярод тых, хто быў тэрмінова мабілізаваны, і старэйшы брат Аляксандры. Да гэтага часу стаіць у яе вачах яго постаць. Тое, як ён вёў за ручку старэйшую дачушку, а сыночка трымаў на руках, як побач са слязамі на вачах ішла яго маладая прыгажуня-жонка. Апошні раз яны былі ўсе разам. Брат не вярнуўся з вайны, склаў галаву на Буйніцкім полі. Загінуў, прапаў без вестак і малодшы, які яшчэ да вайны праходзіў тэрміновую службу ў Чырвонай Арміі і адтуль патрапіў адразу на фронт. Ужо пасля Перамогі на адрас бацькі даслалі грашовы ўклад, залічаны на імя брата.

Вайна змяніла звычайны побыт вяскоўцаў. «Мы пасвілі гусей на лузе, дзе была пракапана канава. Яна ўпадала ў рэчку Сушку. I там, напэўна, – выказвае думку старая настаўніца, – закрылі шлюз. Канава напоўнілася вадой упоравень з берагамі. Чародкі гусей, якіх глядзелі мае сябры, знаходзіліся на адным беразе, а мае – на другім. Давялося і мне быць з імі. Чакаю, пакуль пераплывуць, а яны, як на тое ліха, не ішлі ў ваду. Хутка вечар, баюся, плакаць начала. Раптам з лесу выйшаў чалавек, апрануты ў незнаемую форму – сіні камбінезон. Перагнаў маіх гусей, сеў побач і пачаў размаўляць. Распытаў пра вёску, людзей, ці ёсць тут немцы, і накіраваўся зноў у лес. Увечары прыйшоў са сваімі сябрамі-вайскоўцамі, дамовіўся з бацькам застацца ў нас на некалькі дзён. Гэта былі чырвонаармейцы, якія трапілі ў акружэнне. Далейшы лёс іх невядомы. Магчыма, затым пайшлі партызаніць, як паступіла большасць салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі ў пачатку вайны».

А ў хуткім часе Саша і яе аднавяскоўцы на свае вочы ўбачылі крывавыя справы фашыстаў.

Пранесліся чуткі, што немцы сілай прымушаюць моладзь ехаць на Нямеччыну, адпраўляюць яе ў рабства. Хлопцы і дзяўчаты стараліся не трапляцца ім на вочы, пакідалі хаты, хаваліся на лузе ў прыбярэжным трыснягу ці кустах. Дзеці заставаліся дома, пасвілі гусей каля сядзіб на выгане ў канцы вёскі. Аднойчы заўважылі незнаёмага юнака. Жанчыны далі яму хлеба. Той ішоў, жаваў скарынку, памахваў дубцом. Раптам пачуўся гул матацыклаў. Спыніліся. Уперадзе легкавая машына, з якой затым выйшаў афіцэр, якраз насупраць юнака.

– Jude! Com zu mir! – загадаў ён хлопцу.

– Jude?.. – яшчэ раз перапытаў фашыст.

– Не! – адказаў юнак. Але гітлеравец і слухаць яго не пажадаў. Прагучаў выстрал...

Афіцэр агледзеў кішэні забітага, дастаў дакументы, кінуў іх на цела юнака і загадаў жыхарам вёскі пахаваць да зваротнага шляху мотакалоны.

Юнаком аказаўся студэнт Магілёўскага педінстытута, аднакурснік старэйшай сястры Аляксандры Мітрафанаўны. Звалі яго Яшам, а прозвішча яна ўжо не памятае. Яшу пахавалі на ўскраі лесу, кожную вясну саджалі там кветкі.

Мацюшонак, В. У першыя крывавыя дні… / В. Мацюшонак // Сцяг Саветаў. – 2006. – 20 чэрвеня.