Ісаева Ала

Касцюковіцкі раён | Быхаўскі раён

персоналии:

Шадзькоў Васіль Міканоравіч

Шадзькова Валянціна Маркаўна

«Вялікая Айчынная вайна – самае цяжкае выпрабаванне ў гісторыі нашага народа. Ніводную сям’ю не абмінула яна, дакранулася навала і да маёй сям’і.

Мая маці – Шадзькова Валянціна Маркаўна – нарадзілася 9 мая 1941 года ў вёсцы Мамачына Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Ёй быў усяго адзін месяц, калі пачалася вайна. Маці не памятае свайго бацьку Шыкунова Марка Міхайлавіча, ведае толькі ад сваёй маці, што ён быў радавым в/ч 24701, загінуў 25 сакавіка 1944 года пры вызваленні Быхаўскага раёна і пахаваны ў брацкай магіле, якая знаходзіцца ў вёсцы Вілягі. Мая бабуля больш не выйшла замуж і адна гадавала траіх дзяцей.

Майму бацьку Васілю Міканоравічу, калі пачалася вайна, было сем гадоў. Ён нарадзіўся ў вёсцы Красніца Быхаўскага раёна. Перад вайной у вёсцы было 283 двары, 769 жыхароў. 17 ліпеня 1942 года карнікі спалілі ўсе хаты і 696 жыхароў, па-здрадніцку прывабіўшы ў вёску мужчын і жанчын, якія былі на сенажаці. Яны паслалі старых за жыхарамі: няхай, казалі, усе прыйдуць на сход, зямлю дзяліць будзем, а хто не прыйдзе, таму і зямлі не дастанецца. I старыя паверылі немцам, сабралі народ. А калі ўсе прыйшлі, мужчын загналі ў калгасную лазню і там расстралялі. Астатніх развялі па хатах, пачалі забіваць і паліць двары. Так спалілі ўсю родную вёску майго бацькі. Бацькі майго бацькі загінулі ў 1941 годзе. Майго таты ў той страшны дзень у вёсцы не было. Пасля смерці бацькоў ён выхоўваўся ў дзіцячым доме ў в. Баркалабава Быхаўскага раёна.

Тыя страшныя падзеі з гісторыі вёскі Красніца, разам з іншымі падобнымі трагедыямі ўвайшлі ў аснову дакументальнага фільма «Я з вогненнай вёскі». Там на месцы брацкай магілы пастаўлены помнік загінуўшым жыхарам, а таксама ёсць помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан. Кожны год 17 ліпеня ў вёску Красніца прыязджае шмат людзей, каб ушанаваць памяць загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны».

Успаміны педагога-арганізатара САШ № 2 А.В. Марчанка запісала вучаніца 8 класа Ісаева Ала (г. Касцюковічы).